Зусім яшчэ нядаўна вяскоўцы радаваліся, што ранняя сёлета вясна, камфортная для сяўбы, і стараліся з максімальнай карысцю выкарыстаць кожны пагодлівы дзянёк. А цяпер вось было б зусім нядрэнным, каб сухую зямлю прамачыў спорны дожджык, тады б насенне, кінутае ў глебу, хуценька прарасло і пачало набірацца моцы. Пра гэта думала, гледзячы на апрацаваныя палі і пыл, які падымаўся за трактарамі, па дарозе ў чарговую гаспадарку Вілейшчыны – у ААТ «Сцешыцы». І зноў узгадалася некалі пачутае ад аднаго прафесіянала ў сельскагаспадарчай галіне: нябеснай канцылярыяй не пакіруеш, трэба навучыцца падладжвацца да яе, прадбачыць і ўлічваць тое, што назапашана велізарным вопытам земляробства.

У суправаджэнні кіраўніка ААТ «Сцешыцы» Ігара Багданава і галоўнага агранома гаспадаркі Анастасіі Шыцікавай праехалі па палях, дзе ішлі веснавыя работы, агледзелі ўжо засеяныя палеткі. На дзень нашага наведання гаспадаркі (10 красавіка. – аўт.) іх было засеяна 90 працэнтаў. Ячмень, авёс, зернебабовыя – гэтыя яравыя культуры будуць вырошчвацца ў гаспадарцы. Тут будзе ці не найбольшы ў раёне пасеў кукурузы – 920 гектараў. А яшчэ – лён-кудраш, якім запланавана заняць трыста гектараў. Поле пад лён старанна падрыхтавана, чакае свайго часу. Міжволі падумалася, якім прыгожым – блакітным, як мора – будзе яно ў час цвіцення культуры…

– На сяўбе ў нас зараз лідзіруе Канстанцін Лавор, – пачала расказваць пра важнае на гэты час Анастасія Шыцікава. – Сёння ён заняты сяўбой піваваранага ячменю і мае на сваім рахунку 417 гектараў. 252 гектары і на рахунку механізатара Віктара Аўгусціновіча.
Да пераліку старанных працаўнікоў, якія зараз заняты веснавымі палявымі работамі, далучыўся кіраўнік гаспадаркі, які назваў Дзмітрыя Казлоўскага, Мікалая Асадніка, Ігара Владыку, занятых на ворыве; Дзмітрыя Гуніча, які рыхтуе глебу пад сяўбу; Аляксея Шымеля, занятага на падборцы камення; Максіма Сідарэнку (ён уносіў падкормку пад азімы рапс), Віктара Батуру (знакаміты механізатар падкормліваў азімыя), Генадзя Клемантовіча, які ўносіў арганіку, Васіля Гнаценку, занятага на яе пагрузцы.

Пералічваць старанных людзей можна было б і далей, зазначыў Ігар Віктаравіч, бо пераважную большасць працаўнікоў гаспадаркі можна аднесці да такіх. І гэта вельмі важна, што не губляюць яны гаспадарскую жылку хлебаробаў, перададзеную ім продкамі на генным узроўні, і сумленна робяць сваю адказную, вельмі важную для ўсіх нас справу.
Пад’язджаючы да фермы «Камена», дзе працаваў на пагрузцы арганікі Васіль Гнаценка, звярнулі ўвагу на добраўпарадкаваную тэрыторыю побач з фермай.
– Мінулай восенню ўзаралі тут 40 гектараў, дзе раней рос бур’ян, – адзначыў Ігар Багданаў, – і цяпер у нас тут будуць зернебабовыя. Будзем і надалей распрацоўваць такія тэрыторыі, засяваць іх.
Кіпела работа ля фермы: яе працаўнікі прыбіралі тэрыторыю, нешта падладжвалі, бялілі і фарбавалі. І гэта, адзначыў Ігар Віктаравіч, робіцца на ўсіх фермах і ва ўсіх памяшканнях. Работы выконваюцца пастаянна, не чакаючы загадаў ды суботнікаў.

Механізатар Васіль Гнаценка, з якім мы крышку пагутарылі, у гаспадарцы пяты год. Пераехаў сюды з сям’ёй з Казахстана і ніколькі не шкадуе. У Сцешыцах іх, прыезджых, прынялі з усёй душой, прадаставілі работу і жыллё. За гэты час, прызнаўся Васіль Анатольевіч, ён адчуў сябе беларусам, а Вілейшчыну лічыць сваёй радзімай.
Нечым падобная да гэтай і гісторыя маладога агранома Анастасіі Шыцікавай. Яна таксама прыезджая, у Сцешыцах чацвёрты год. Прыехала сюды пасля заканчэння вышэйшай навучальнай установы з прафесіяй агранома, цяпер завочна вучыцца ў Акадэміі кіравання. Спачатку, прызналася, ёй, зусім маладой, прыйшлося няпроста. Ды не пакінулі сам-насам з пытаннямі старэйшыя калегі як з гаспадаркі, так і з упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання. Вось і Таццяна Мікалаеўна Анасовіч – першая дарадца і ў вытворчых, і ў жыццёвых пытаннях. Сюды перабраліся і бацькі Анастасіі, тут падрастае яе сынок Мікітка. Хацелася б, падзялілася маладая мама, больш вольнага часу, каб праводзіць яго з сынам, але ж такая клапатлівая ў яе работа, і малы гэта ўжо разумее.
Ад’язджаючы з гаспадаркі, не развітваліся са сцешыцкімі працаўнікамі надоўга, бо ведалі, што нагоды для сустрэч будуць – ідзе сяўба, будуць касавіца і само жніво. І, канешне ж, будуць людзі, дастойныя газетных старонак.
Ірына БУДЗЬКО/Фота Веранікі ШАБЕЛЬНАЙ







