Шлях Перамогі

Вилейская районная газета – свежие и интересные новости

Перадавы механізатар працуе на новым трактары

У мінулую суботу, калі віляйчане актыўна наводзілі парадак на вуліцах і тэрыторыях сваіх
арганізацый і ўстаноў, мне зноў выпала пабываць у «Першым Беларускім».

Раскрыю невялічкі сакрэт: на днях адзначыў сваё трыццацігоддзе перадавы механізатар гаспадаркі Ігар Яўгель, і кіраўнік гаспадаркі Аляксандр Аўгусціновіч вырашыў павіншаваць яго на полі. А дзе ж яшчэ спаткаеш сейбіта ў гэтыя гарачыя веснавыя дні!

Аляксандр Аўгусціновіч віншуе з юбілеем Ігара Яўгеля

– Мы з нашым прафкамам прынялі рашэнне павіншаваць сваіх працаўнікоў з юбілейнымі датамі, – расказаў па дарозе на поле Аляксандр Аляксандравіч. – Вось і для Ігара падрыхтавалі падаруначак, які яму, думаю, спатрэбіцца – смартфон-гадзіннік. Гэты сезон механізатар працуе на новым «Беларус -3522». Дарэчы, тэхніка гэта з джыпіэс навігацыяй, і ход работы механізатара фіксуецца ў вобласці. На дадзены момант, як нам паведамілі, Ігар Яўгель у ліку абласных перадавікоў, занятых на сяўбе. Што і казаць, прыемна.

Перадавога механізатара мы сустрэлі непадалёк ад Людвінова на полі, дзе ён сеяў ячмень. Усяго на хвілінку прыпыніўся ён каля нас, каб пачуць добрыя словы ад кіраўніка, які перадаў віншаванні і найлепшыя пажаданні ад усяго калектыву і ад кіраўніцтва раёна. Заўважыла, што настрой у Ігара Яўгеля добры, з аптымізмам глядзіць ён у заўтрашні дзень. А чаму б і не? Тэхніка новая, надвор’е спрыяе, кіраўніцтва і калегі па працы паважаюць і давяраюць… Ды і навіна пра тое, што ён у ліку абласных лідараў на сяўбе, таксама, напэўна, стала стымулам працаваць яшчэ лепш. А што датычыць юбілейнай даты, то пакуль што не час адзначаць яе шырока. Гэта, канешне, нагода, каб суботнім вечарам сабрацца за сямейным сталом з блізкімі, пагутарыць. А ў нядзелю раніцай – зноў сяўба…

– На сённяшнюю раніцу (на суботу, 6 красавіка. – аўт.) у нас пасеяна больш за шэсцьдзясят працэнтаў плошчаў, – падзяліўся па дарозе назад Аляксандр Аўгусціновіч. – Пакуль надвор’е спрыяе, трэба сеяць. Цяпер самы момант засяваць тыя ўчасткі, куды звычайна ў мокры год не ўлезці. А цяпер усё нармальна, працуем. Дарэчы, што датычыць аплаты працы ў выхадны – нядзелю, то яна за гэты дзень падвойная, а гэта для механізатараў нядрэннае матэрыяльнае заахвочванне.

Па дарозе да малочнатаварнай фермы «Падбярэззе», дзе ў гэты дзень на суботніку працавалі і прадстаўнікі адміністрацыі гаспадаркі, Аляксандр Аляксандравіч расказваў пра работу па добраўпарадкаванні ў «Першым Беларускім». Так, штотыдзень тут праводзіцца «чысты чацвер», калі наводзіцца парадак на фермах, мехдварах, складах і г. д. Кіраўнік прытрымліваецца думкі, што чыста не там, дзе прыбіраюць, а там, дзе не засмечваюць, таму нацэльвае на гэта і ўвесь калектыў. Што датычыць навядзення парадку на фермах, то ў гаспадарцы абралі такі варыянт – бяруцца за адну і наводзяць на ёй належны парадак. Вось і ў гэты суботні дзень работа кіпела на тэрыторыі МТФ «Падбярэззе»: жанчыны старанна прыбіралі мінулагодняе лісце, сухое голле, а мужчыны ўстанаўлівалі новую агароджу вакол фермы. Будаўнічай работай кіраваў намеснік дырэктара па вытворчасці Андрэй Шупенька, якога ў раёне ведаюць і як актыўнага ўдзельніка людвіноўскай мастацкай самадзейнасці. Весела, з агеньчыкам працавалі людзі, і адчуваліся іх гаспадарская неабыякавасць і нераўнадушша да справы. І гэта – самае галоўнае.

Ірына БУДЗЬКО/Фота аўтара

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 59 queries