Шлях Перамогі

Вилейская районная газета – свежие и интересные новости

Сеяць трэба, пакуль вільготная глеба…

Шматлюдна было ў мінулую суботу на вуліцах горада і сельскіх населеных пунктаў. Надвор’е спрыяла правядзенню запланаваных на суботнік работ па навядзенні парадку на зямлі, і яны выконваліся. Рабілася і самая галоўная ў гэты час на вёсцы справа – сяўба, і ў кожнай гаспадарцы ёсць свае перадавікі ў гэтай важнейшай веснавой кампаніі. У гэты суботні дзень наш шлях ляжаў у ААТ «Чурлёны», а дакладней у Іжу, дзе з самай раніцы вяліся палявыя работы. Тут нашым гідам і цікавым суразмоўцам стаў начальнік участка Уладзімір Дрозд. З ужо далёкага 1982-га ўзначальвае ён участак, і за гэты час стаў сапраўдным прафесіяналам сваёй справы.

– За ўвесь мой вопыт работы так рана сеем у другі раз, – падзяліўся Уладзімір Уладзіміравіч. – Памятаю, у 2007 годзе выйшлі сеяць 19 сакавіка. І, дарэчы, ураджайнасць тады была добрая. Вось і сёлета вясна ранняя, а гэта значыць, што нельга марудзіць ні дня. Пакуль ёсць вільгаць, трэба сеяць, і гэта бясспрэчна. За гады маёй працы ў сельскай гаспадарцы было рознае, ёсць што параўноўваць і рабіць вывады, і я перакананы ў тым, што гавару.

У гэты суботні дзень на мехдвары ў Іжы, адкуль мы ад’язджалі на палі, таксама наводзілі парадак: прыбіралі тэрыторыю, высякалі і спальвалі расліннасць за ёй. Адным словам, суботнік для ўсіх суботнік.

– Пакуль што сеем ячмень (на 30 сакавіка. – аўт.), – расказваў па дарозе на поле Уладзімір Дрозд. – Ну і ўсе іншыя палявыя работы выконваем.

Участак, якім кіруе Уладзімір Уладзіміравіч, даволі вялікі, і кіраўніку даводзіцца штодня праязджаць нямала кіламетраў, аглядаючы палеткі. Ён прывык усюды пабываць, усё агледзець, праверыць, даць належныя ўказанні. Канешне ж, гэта няпроста чыста фізічна, але нічога не зробіш – кіраўнік ёсць кіраўнік.

Сяргей Місюль

Аднаго з лепшых механізатараў гаспадаркі Сяргея Місюля сустрэлі на полі – тут, ва ўрочышчы Лугі, ён на сваім МТЗ-3022 сеяў ячмень. Міжволі залюбаваліся прыгожым веснавым малюнкам: блакітнае высокае неба, яркае сонца, прасцяг апрацаванага поля і на ім, яшчэ далёка-далёка, – трактар з сеялкай… Паступова магутная машына набліжалася да краю поля, адкуль мы назіралі за работай механізатара, і наваколле напаўнялася гулам. А неўзабаве Сяргей Мікалаевіч, усмешлівы і добразычлівы, на хвіліну выскачыў з кабіны, падышоў да нас.

– Другі сезон працую на сяўбе, – расказаў ён пра сябе. – Надвор’е спрыяе, таму настрой адпаведны – хочацца ў тэрмін пасеяць, і гэта цяпер самае галоўнае.

Сяргей Мікалаевіч – чалавек мясцовы, тут нарадзіўся, вырас, стварыў сям’ю. Цяпер яны з жонкай жывуць у доме, які ім прадаставіла мясцовая гаспадарка, гадуюць траіх дзетак. Вось так, пацвярджаючы вядомае «дзе нарадзіўся…», жыве чалавек, сумленна працуючы на бацькоўскай зямлі.

Вячаслаў Сліжэўскі

Яшчэ два механізатары гаспадаркі – Аляксандр Верамей і Вячаслаў Сліжэўскі – у дзень нашага наведання гаспадаркі займаліся ворывам: першы рыхтаваў поле пад залужэнне, другі – пад сяўбу ячменю. На доўгія размовы ў занятых людзей часу не было, ды гэта і зразумела, а вось перакінуцца некалькі словамі з намі ды абмеркаваць з начальнікам участка надзённыя пытанні было трэба. Гэтым я і скарысталася, каб зрабіць фотаздымкі.

Аляксандр Верамей

Сонечным, хоць і даволі ветраным (і гэта асабліва адчувалася на полі) выдаўся гэты дзень. А для іх, хлебаробаў, ён быў камфортны, спрыяльны для важнейшай веснавой справы – сяўбы.

Калі матэрыял рыхтаваўся да друку, я яшчэ раз патэлефанавала ў гаспадарку. Галоўны аграном Леанід Холад паведаміў, што на раніцу 1 красавіка ў гаспадарцы ўжо пасеяна трэцяя частка ранніх зерневых. Работы, адзначыў Леанід Паўлавіч, вядуцца без прамаруджвання, бо спазненне з сяўбой, як вядома, вядзе да значнага зніжэння ўраджайнасці. Прафесіяналы ведаюць, што сеяцца трэба, пакуль вільготная глеба. Таму і даражаць тут кожным пагодлівым дзяньком.

Ірына БУДЗЬКО/Фота аўтара

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 30 queries