Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

На палях “Першага Беларускага” актыўна вядуцца палявыя работы

Дзень, на які мы намецілі паездку ў «Першы Беларускі», з раніцы падаўся непагодлівым: дзьмуў халодны вецер, па небе плылі цёмныя хмары, з якіх, здавалася, вось-вось пасыпле снег. Аднак гадзін да дзевяці неба праяснілася, недзе зніклі хмары і ярка засвяціла сонца. Якога лепшага надвор’я чакаць для веснавых палявых работ!

На мехдвары ў Глебенках, дзе мы сустрэліся з выконваючым абавязкі кіраўніка гаспадаркі Аляксандрам Аўгусціновічам, было нешматлюдна і ціха. «Тэхніка і спецыялісты на палях, – растлумачыў Аляксандр Аляксандравіч. – Вясна, сяўба – і гэтым усё сказана».

Кіраўнік гаспадаркі Аляксандр Аўгусціновіч (справа) з Ігарам Яўгелем

Абавязкі кіраўніка Аляксандр Аўгусціновіч выконвае з лістапада мінулага года. А да гэтага з 2007 года працаваў у гаспадарцы інжынерам. Тады ён, гарадскі хлопец, і не думаў звязваць сваё жыццё з сельскай гаспадаркай. Ды і не ведаў яе, прызнаецца, зусім, бо нарадзіўся ў горадзе, рос, як кажуць, на паверхах. А прыйшоў сюды на працу і зразумеў, наколькі ўсё новае для яго і невядомае. І вось ужо без малога дванаццаць гадоў працуе Аляксандр у сельскай гаспадарцы. Тут, у Людвінова, жыве яго сям’я (жонка Святлана Васільеўна – галоўны заатэхнік у гаспадарцы; дзесяцігадовая дачка вучыцца ў мясцовай школе), тут іх дом, сябры. Як і ўсе вяскоўцы, маюць Аўгусціновічы на сваім падворку жыўнасць, працуюць на зямлі.

Сёлетняя вясна – першая для Аляксандра Аўгусціновіча ў якасці кіраўніка. Што і казаць, адказна гэта – кіраваць вялікім калектывам. Ды тое, што за гады працы ў гаспадарцы ён добра ведае ўсіх, вельмі дапамагае ў рабоце. Да таго ж малады кіраўнік не лічыць за лішняе раіцца з вопытнымі калегамі. Цэніць ён добрыя парады і прафесіянальныя рэкамендацыі спецыялістаў упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання, кіраўніка гэтага падраздзялення Аляксандра Брыля, дырэктараў ААТ «Нарачанскія зоры» Генадзя Кучко і «Сцешыцы» Ігара Багданава, ветэрана галіны, былога кіраўніка гаспадаркі Івана Трубача. Дзякуючы такім зносінам вырашаюцца пытанні, якія ўзнікаюць у маладога кіраўніка.

Разам з Аляксандрам Аўгусціновічам і галоўным аграномам гаспадаркі Дзмітрыем Курленкам мы пабывалі на палях, дзе ўжо актыўна вядуцца веснавыя работы.

Галоўны аграном Дзмітрый Курленка (злева) з Віктарам Ковелем

– Маем больш за пяць тысяч сельгасугоддзяў, – па дарозе расказваюць спецыялісты. – Тэхніка гатова да работы поўнасцю, адрамантавалі яе сваімі сіламі. На зіму падрыхтавалі глебу пад пасеў яравых культур, і гэта дазволіла працаваць цяпер у належным рытме. З азімых у нас пасеяны пшаніца, трыцікале, жыта, рапс, свірэпіца, а цяпер, вясной, пасеем ячмень, зернебабовыя, кукурузу, лён.

Першыя дваццаць гектараў ячменю на полі непадалёк ад вёскі Добравічы на дзень нашага прыезду былі пасеяны. Гэта стала пачаткам найважнейшай веснавой кампаніі хлебаробаў «Першага Беларускага». Мы прыпыняліся ля палёў, ужо падрыхтаваных да пасеву, і ля тых, дзе вядзецца актыўная падрыхтоўка. Так, механізатары Сяргей Рудніцкі, Іван Жаброўскі і Антон Місевіч у гэты дзень былі заняты на ўнясенні арганікі пад пасеў кукурузы. Як адзначыў Аляксандр Аўгусціновіч, гэты атрад штодзённа ўносіць прыкладна па 700 тон арганікі на палі. Працуюць механізатары старанна, не губляючы дарэмна каштоўны веснавы час. Трактар механізатара Юрыя Крэмзы ўбачылі ўжо на іншым полі, якое адказны працаўнік рыхтаваў таксама пад пасеў кукурузы. Прыгожа глядзеўся прасцяг 80-гектарнага поля з нястомным трактарам-працаўніком недзе ўдалечыні. На полі, дзе хутка будзе пасеяны ячмень, працаваў на закрыцці вільгаці і вопытны механізатар Віктар Ковель. І міжволі думалася пра новыя тэхналогіі, прагрэс, вынаходніцтвы і – адвечнае, як само жыццё – зямельку-маці і людскія клопаты на ёй…

Бываючы ў гаспадарках раёна, знаёмішся з цікавымі людзьмі, якіх затым вельмі прыемна сустракаць зноў і зноў. Вось і ў «Першым Беларускім» ёсць такія, хто нярэдка быў і, безумоўна, будзе героямі нашых публікацый. Вось і ў гэты раз было надзвычайна прыемна сустрэцца з вядомымі не толькі ў гаспадарцы, але і ў раёне дынастыямі хлебаробаў – Барысам Іванавічам і Ігарам Яўгелямі, Мікалаем Яўгенавічам і Дзмітрыем Курленкамі. Бацькі і сыны, калегі, аднадумцы і проста людзі, адданыя сваёй нялёгкай справе і зямлі.

Перадавы механізатар РУП “Першы Беларускі” Барыс Яўгель

– Такія людзі – наш гонар, – адзначыў Аляксандр Аўгусціновіч. – І гэта не прыгожыя словы, а так і ёсць.

З Барысам Яўгелем мы сустрэліся на полі, дзе ён на сваім «Джон Дзіры» сеяў ячмень. Дагледжаны трактар блішчэў у яркіх сонечных промнях і здаваўся зусім новым.

– Ды не, трынаццаты год на ім працую, – усміхнуўся на гэту заўвагу Барыс Іванавіч і зазначыў: – За зіму ўсё перагледзеў, адрамантаваў, таму і новым падаўся. А вось сын, Ігар, сёлета і сапраўды на новым МТЗ-3522 выйдзе ў поле. Заўтра будзе апрабоўваць.

Дынастыя Яўгеляў – вядомая не толькі ў гаспадарцы. У гарачую жніўную пару на камбайнах працавалі і працуюць і сыны Барыса Іванавіча, і яго родны брат – працягваюць справу свайго бацькі, таксама ў свой час знакамітага механізатара гаспадаркі.

З Ігарам Яўгелем сустрэліся на мехдвары, дзе ён рыхтаваў свой новы трактар да заўтрашняга выхаду ў поле. Гэта будзе шостая па ліку пасяўная механізатара, і да яе ён, як і штогод, падрыхтаваўся: перабраў-адладзіў сеялку, вось і трактар новы атрымаў. Толькі працуй і радуйся жыццю!

Мікалай Курленка

На мехдвары сустрэліся і яшчэ з адным вядомым механізатарам – Мікалаем Яўгенавічам Курленкам. Пра яго працоўныя дасягненні наша газета пісала не раз. Як і пра сумленную працу яго сына, Дзмітрыя, галоўнага агранома гаспадаркі. Вось і сёлета Мікалай Яўгенавіч, які ўжо знаходзіцца на заслужаным адпачынку, не адмовіў роднай гаспадарцы ў дапамозе і рыхтуецца да сяўбы кукурузы. Тут жа, у гаспадарцы, працуе загадчыкам сектара грамадскага харчавання і жонка Дзмітрыя, Вольга, да якой на гэтым месцы да выхаду на пенсію шчыравала яго мама. Такая вось дынастыя працавітых людзей. Дарэчы, ужо цяпер намячаецца і чарговы яе прадаўжальнік – сямігадовы сынок Дзмітрыя вельмі любіць, што называецца, пакруціць гайкі, дапамагчы тату і дзядулю. Відаць па ўсім, дастойная расце змена.

Мы пакідалі гаспадарку з прыемнымі пачуццямі. Тут у чарговы раз сустрэліся з неабыякавымі і працавітымі людзьмі, пачулі і ўбачылі многа цікавага, ацанілі прыярытэты (і яны вельмі правільныя) кіраўніцтва гаспадаркі, дзе робіцца стаўка на маладыя энтузіязм і напор у цеснай садружнасці з вопытам прафесіяналаў. І ўсё гэта павінна даць плён.

Ірына БУДЗЬКО/Фота аўтара

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 146 queries