Глеба ўжо гатова прыняць першае зерне, і трэба выбраць аптымальны тэрмін сяўбы, каб не было яшчэ рана і не аказалася позна. І тут ужо ўся адказнасць кладзецца на галоўнага агранома, кіраўніка гаспадаркі і спецыялістаў, якім сумесна вырашаць важнае пытанне. Калі своечасова пасеяць, дзеліцца вопытам Віктар Драчылоўскі, да мая, у якім нярэдка выпадаюць засухі, каранёвая сістэма раслін паспее развіцца, і тады яны лягчэй перанясуць недахоп вільгаці. Калі ж прыпазніцца з сяўбой, можна не атрымаць запланаванага ўраджаю зерневых, як гэта было ў мінулым годзе.
– Таму ў пятніцу (22 сакавіка – аўт.) плануем пачаць сяўбу ячменю, – падзяліўся Віктар Драчылоўскі.
Разам з галоўным аграномам праязджаем ля дагледжаных палёў «Нарачанскіх зораў». Адны – роўненькія, нібы адпрасаваныя – ужо гатовы да сяўбы, іншыя радуюць вока яшчэ нясмелай вясенняй зелянінай («Крануліся ў рост азімыя», – канстатуе Віктар Драчылоўскі).
Прыемнымі вясеннімі клопатамі жыве ў гэтыя дні гаспадарка: вывозіцца на палеткі арганіка, падкормліваюцца азімыя і травы, уносяцца неабходныя ўгнаенні пад запланаваныя культуры. Яшчэ з восені ў гаспадарцы запланавана і абмеркавана, дзе і якую культуру будуць сеяць. З улікам усіх сучасных патрабаванняў і, безумоўна, шматгадовага вопыту. Для Віктара Драчылоўскага гэта трыццаць дзявятая пасяўная ў якасці агранома, у тым ліку дваццаць дзявятая – у «Нарачанскіх зорах». І кожную вясну ў гаспадарцы намячаюць той высокі паказчык ураджайнасці збожжавых, на які зладжана працуе ўвесь калектыў аднадумцаў на чале з кіраўніком гаспадаркі Генадзем Кучко. Гэта лічба ніяк не павінна быць ніжэйшай за намечанае, і традыцыйна так яно і бывае. А вось леташні паказчык па аб’ектыўных прычынах аказаўся крыху ніжэйшым (неспрыяльнай для хлебаробаў выдалася мінулая вясна), і гэта ўспрынялося імі ўжо неяк нязвыкла. Усе разумеюць, што тутэйшыя хлебаробы здольны на большае, на гэта і працуюць.
Кіпела работа на 98-гектарным полі непадалёк ад Бараўцаў, куды ў дзень нашага прыезду вывозілася арганіка. Пагрузчык і пяць раскідвальнікаў, якімі кіравалі Дзмітрый Кавалёнак, Віталь Клаўсуць, Пётр Заненка, Сяргей Роўда, Аляксандр Даўгучыц і Уладзімір Смірноў шчыравалі тут, на вялікім палетку, дзе будзе расці царыца палёў – кукуруза. Загаварылі пра належную падкормку палёў, на што Віктар Драчылоўскі коратка зазначыў: «Усе неабходныя ўгнаенні маем пад поўную патрэбу, сто працэнтаў. Сюды зараз вывозім арганіку, якой нарыхтавана 64 тысячы тон. Штодзённа вывозім яе на палі па тысячы і больш тон».
У невялічкім перапынку механізатары выйшлі з трактараў, коратка і з веданнем справы перагаварылі з галоўным аграномам. Пакуль наш фотакарэспандэнт рабіла фотаздымак, я пацікавілася ў мужчын іх настроем. Баявы, пачула ў адказ, як і трэба. Вясна ж, адказная пара, сур’ёзны экзамен для хлебаробаў. За зіму адпачылі, перагледзелі-адрамантавалі тэхніку, так што ўсё павінна быць добра.
Механізатара Сяргея Окуня сустрэлі ўжо на іншым полі, дзе ён уносіў фосфарныя ўгнаенні пад яравое трыцікале. У мінулым гараджанін, малады чалавек некалькі гадоў таму ўладкаваўся працаваць у «Нарачанскія зоры», праз пэўны час атрымаў ад гаспадаркі жыллё і пераехаў сюды. Па ўсім бачна, ніколькі не шкадуе чалавек аб такіх пераменах у сваім жыцці.
Да сотні гектараў азімых падкормлівае штодзённа на сваёй прыгажуні «Расе» – самаходным апырсквальніку – механізатар Сяргей Дубяга, якога мы сустрэлі на полі ля Урэчча. Падобная на вялікую страказу з дваццаціметровым размахам «крылаў», сучасная машына лёгка і прыгожа снавала па полі, то набліжаючыся да дарогі, то аддаляючыся да лесу, ператвараючыся ў белую крылатую кропку. Ішла падкормка карбаміда-аміячнай сумессю азімага трыцікале.
Па дарозе з поля зноў гаварылі пра вясеннія клопаты земляробаў, бачылі навокал тое пазітыўнае ажыўленне, якое цешыць душу і радуе. Узгадалі і зусім нядаўняе – урачыстасць, прысвечаную святкаванню стагоддзя Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання, на якой наш раён прадстаўлялі Віктар Драчылоўскі і ветэран сельскагаспадарчай галіны Вілейшчыны заслужаны механізатар Віктар Развадоўскі. Прыемныя ўражанні засталіся ад гэтага мерапрыемства ў майго суразмоўцы. А найбольш усхвалявала тое, што яму, аднаму з дваіх прадстаўнікоў Міншчыны, прэм’ер-міністр Сяргей Румас уручыў Ганаровую грамату Савета Міністраў – так высока адзначана шматгадовая сумленная праца чалавека на зямлі. Заслужана гэта і да многага абавязвае. А ці лёгка атрымаць высокую ацэнку на такім узроўні? На гэта ў Віктара Уладзіміравіча свой адказ: трэба меней думаць пра пахвалу і ўзнагароды, а проста любіць сваю працу і быць у ёй прафесіяналам. Вось і ўвесь сакрэт поспеху.
Ірына БУДЗЬКО.
Калі матэрыял быў падрыхтаваны да друку, з ААТ «Нарачанскія зоры» прыйшло паведамленне, што, як і планавалася, 22 сакавіка тут пачалася сяўба ячменю.