Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь запрашае пісьменнікаў – аўтараў літаратурных твораў, якія выдадзены ў 2018 годзе, прыняць удзел ў Рэспубліканскім конкурсе “Нацыянальная літаратурная прэмія”.
Конкурс праводзіцца па наступных намінацыях: “Лепшы твор прозы”, “Лепшы твор драматургіі”, “Лепшы твор публіцыстыкі”, “Лепшы дэбют”, “Лепшы твор для дзяцей і юнацтва”, “Лепшы твор літаратурнай крытыкі і літаратуразнаўства” і “Лепшы твор (зборнік твораў) паэзіі”, у якім прыме ўдзел Уладзімір Цанунін са зборнікам паэзіі “Страчанае рэха”.

АБ КНІЗЕ УЛАДЗІМІРА ЦАНУНІНА “СТРАЧАНАЕ РЭХА”
Відаць, што назіральнасцю, уважлівым поглядам на жыццё лясных насельнікаў аўтар павінен быць удзячны лёсу. У мінулым ён турыст, па прафесіі – настаўнік гісторыі, а яшчэ бард, як кажуць, “знаўца чалавечай душы”. Але жывыя істоты ў чымсьці падобныя: наіўныя дзеці і палахлівыя зайчаняткі, даверлівыя маленькія вожыкі. З якім замілаваннем кладзе радкі ў вершах аўтар!
Каб так проста і прыгожа апісаць з’явы прыроды і лясны, азёрны сусвет, за ім трэба пільна, з любоўю назіраць. А потым беспамылкова знаходзіць дакладныя словы, трапныя параўнанні, каб як мага лепш данесці свае адчуванні да чытача. Адмысловасць у тым, што ў напружаны век высокіх тэхналогій, якраз і не хапае гэтага подыху роднай прыроды, і аўтар дае нам магчымасць скінуць на нейкі момант цяжар турбот, дае (без наведвання лесу) адчуванне таго, што ж на самой справе там адбываецца. А там – сваё жыццё.
Аўтар арыгінальна пабудаваў свой твор: ён спалучыў пару года з паводзінамі жывёлін. І, зразумела, вершаваны зборнік адкрывае вясна. Яна як сімвал абуджэння прыроды, прадчування цёплага лета для людзей і лясных жыхароў. Адпаведныя гэтай задумцы і назвы раздзелаў: “Заплакаў дах капежам”, “Нябёсы дыхаюць блакітам”, “Пасівела неба над ракою”, “Мароз рассыпаў срэбра”. Зборнік “Страчанае рэха” – гэта працяг раней выдадзенай кнігі “Пушчанскія галасы” (2015). Другі свой зборнік краязнаўчай тэматыкі аўтар прысвячае Году малой радзімы.
ПРА АЎТАРА
Цанунін Уладзімір Яфімавіч – член Саюза пісьменнікаў Беларусі (2014) і Саюза музычных дзеячаў Рэспублікі Беларусь (2009), таму яго дзейнасць даволі рознабаковая. Ён піша вершы, удзельнічае ў песенных міжнародных і рэспубліканскіх конкурсах.
Вершы і песні пачаў пісаць з юнацтва. Зараз ён аўтар дзесяці паэтычных зборнікаў: “Зачараваная чаромха” (2007), “Мы самі пра сябе”, “Не отправленные письма” (2009), “У струменях часу” , “Хто ж адкажа” (2011), “Пушчанскія галасы”, “Да вогнішча далёкага юнацтва” (2015), “Люстэрка” (2016), “Кліча бацькава хата”, “Страчанае рэха” (2018). У 2010 годзе напісаў вершаваны тэкст да дакументальнай стужкі “Горад на Вяллі”, якая атрымала першае месца на I рэгіянальным конкурсе аматарскага краязнаўчага фільма ў Вілейцы. Дакументальны фільм пра першую сусветную вайну, зняты ў 2011 годзе, заняў першае месца на рэспубліканскім конкурсе “Праваслаўныя святыні беларускага народа”. Ён таксама лаўрэат фестывалю бардаўскай песні, што праходзіў у Польшчы (2005).
У 2016 годзе быў узнагароджаны медалём Саюза пісьменнікаў Беларусі “За вялікі ўклад у літаратуру”. У 2017 годзе ён правёў 63 сустрэчы з чытачамі, на якіх прысутнічала больш за 11 тысяч чалавек.
Нацыянальная лiтаратурная прэмiя








