Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Усё пачынаецца з любові…

З перадавой даяркай ААТ «Нарачанскія зоры» Святланай Петрашэвіч, якая працуе на малочна-таварнай ферме «Бараўцы», мы пазнаёміліся нядаўна. Нагода сустрэцца з жанчынай была надзвычайна прыемная: па выніках работы за мінулы год Святлана Юльянаўна названа ў ліку лепшых па прафесіі ў намінацыі «Лепшы работнік сельскай гаспадаркі».

У першую ж сустрэчу мы з маёй суразмоўцай, што называецца, знайшлі агульную мову. Напэўна, таму, што абедзве нарадзіліся і выраслі ў вёсцы. А яшчэ таму, што і мне школьніцай не раз выпадала дапамагаць маме на ферме. Час прайшоў, а ўражанні засталіся. Таму з асаблівай цеплынёй успрыняліся словы непасрэднага кіраўніка Святланы Юльянаўны, загадчыка фермы Аляксандра Чабатара (таксама, дарэчы, адзначанага на злёце перадавікоў) пра дзяцей жанчыны (а іх у Святланы і Алега Петрашэвічаў пяцёра), якія дапамагаюць маме на ферме, «нібы тыя мурашачкі». Вось так з самага дзяцінства прывучаюцца яны да працы, вучацца яе цаніць і, канешне ж, яшчэ большымі любоўю і павагай пранікаюцца да сваёй мамы-працаўніцы.

– А так было і ў нашай сям’і, – прыгадала Святлана Юльянаўна дзяцінства. – Нас, дзяцей, у бацькоў было сямёра, і ўсе – дзяўчаты. Я была шостай па ліку, таму ўсяму вучылася ў старэйшых сясцёр. Мама працавала на ферме, таму ўсе хатнія справы і свая гаспадарка былі на нас. І скаціну даглядалі, і з агародамі ўпраўляліся, і кухарылі, і нарыхтоўкі розныя на зіму рабілі… А яшчэ бегалі на ферму дапамагаць маме. Спачатку даілі кароў уручную, пазней гэту нялёгкую справу аўтаматызавалі.

Пасля школы Святлана паступіла ў колішняе прафесійна-тэхнічнае вучылішча № 124, пасля якога меркавала жыць і працаваць у Вілейцы. Але жыццё ўнесла ў яе планы карэктывы (як высветлілася, вельмі правільныя). Як звычайна бывае, здарыўся той лёсавызначальны выпадак, які змяніў жыццё дзяўчыны карэнным чынам – яны, Святлана і Алег, сустрэліся, каб затым разам ісці па жыцці.
– Мы жылі ў Латыгалі, таму з Алегам, які родам з Бараўцаў, маглі б і не сустрэцца, – падзялілася Святлана Юльянаўна. – Ды так атрымалася, што мая старэйшая сястра жыла ў Бараўцах, а я прыязджала да яе ў госці. У адзін з такіх прыездаў і сустрэліся з Алегам на танцах.

Былі сустрэчы, пачуццё, якое ўзнікла паміж маладымі, умацоўвалася, і хутка яны зразумелі, што паасобку ўжо не могуць. Так утварылася маладая сям’я Петрашэвічаў. Была сярэдзіна дзевяностых гадоў – час даволі няпросты і непрадказальны, таму маладыя вырашылі пускаць карані ў вёсцы. Іх ніколькі не палохалі сельскія клопаты, бо ведалі ні сабе, што, маючы гаспадарку і прысядзібны ўчастак, галадаць не будзеш. Жыць і працаваць вырашылі ў «Нарачанскіх зорах», і ні аднаго разу, прызналася Святлана Юльянаўна, не пашкадавалі аб гэтым. Спачатку здымалі жыллё, пазней купілі свой дом, а тады, калі ў сям’і нарадзіўся самы малодшы сынок, пяты па ліку, пабудавалі кватэру ў Вілейцы, скарыстаўшыся дзяржпадтрымкай для гэтай мэты. Дзеці падрастаюць, неўзабаве і самі пачнуць ствараць свае сем’і, а там спатрэбіцца і сваё жыллё. Старэйшы, Ігар, ужо працуе разам з бацькам у лясной гаспадарцы, Вераніка вучыцца на пятым курсе педагагічнага ўніверсітэта, Пётр служыць у арміі, Дар’я набывае прафесію повара ў вілейскім каледжы. Дома, разам з мамай і татам, застаўся толькі чацвёртакласнік Нарацкай школы Максім, якому цяпер выпадае столькі ласкі і ўвагі ад старэйшых.

– Так атрымалася, што нашы дзеці нараджаліся праз два гады адно за адным, – расказвае Святлана Юльянаўна. – Толькі Максімка ўжо крыху пазней… Радуе, што яны вельмі дружныя, адзін за аднаго гарой, як кажуць. Так яно і трэба – родныя ж людзі. І нам ва ўсім дапамагаюць. Прыемна, калі збіраюцца дома ў выхадныя, расказваюць пра свае клопаты і поспехі, раяцца. А Даша звычайна ў такія дні радуе нас ўсіх смачнымі стравамі, якія навучылася гатаваць у каледжы.

Непрыкметна ляціць час. Здавалася б, зусім нядаўна пажаніліся, былі маленькімі іх дзеці, а вось ужо ў студзені гэтага года Святлана Юльянаўна і Алег Пятровіч адзначылі сярэбранае вяселле. Сабраліся ў бацькоўскай хаце дзеці, пасядзелі сваёй дружнай сям’ёй, узгадалі мінулае, пагаварылі пра дзень заўтрашні. І атрымалася, як у той вядомай песні спяваецца: «серебряная свадьба – душевный разговор…». Святлана Юльянаўна злавіла сябе на думцы, што і ёй хочацца, як і звычайна робіць яе мама пры сустрэчы з дзецьмі, шчыра ім прызнацца: «Так добра, калі вось так усе мы разам! Здаецца, сабрала б вас, як некалі маленькіх, дома…» Ды так ужо павінна быць, што ў свой час дзеці выходзяць у самастойнае жыццё і пакідаюць бацькоўскі дом, дзе іх заўсёды чакаюць і любяць.
Непрыкметна ад размовы пра сям’ю перайшлі да спраў вытворчых, што, прызналася Святлана Юльянаўна, для яе не менш важна. Жанчына задаволена сваім калектывам аднадумцаў, паважліва гаворыць як пра свайго непасрэднага начальніка Аляксандра Чабатара, так і пра кіраўніка гаспадаркі Генадзя Кучко. Гэта людзі, з якімі можна падзяліцца любой праблемай, папрасіць парады ці дапамогі. І яны ніколі не адмовяць у падтрымцы.

З асаблівай цеплынёй у голасе расказвала Святлана Юльянаўна пра сваіх гадаванак – каровак. Іх аператар машыннага даення абслугоўвае шэсцьдзясят. Мара, Прыгажуня, Мімоза… Такія прыгожыя імёны дае сваім рагулькам Святлана Юльянаўна. А вось наконт любімых каровак у вопытнай даяркі такая думка: да ўсіх трэба адносіцца з ласкай. Жывёла ж вельмі разумная, з ёй трэба, як з чалавекам. Захаванне тэхналагічных і санітарна-гігіенічных патрабаванняў машыннага даення, належны догляд жывёлы, паўнацэнны яе рацыён – вось вельмі важныя шляхі, якія вядуць да вялікага малака высокай якасці. І ў адносінах да цялятак, якіх аператары машыннага даення даглядаюць да месяца, патрабаванні тыя ж. Хіба што яшчэ большай ласкі і нават любові патрабуюць гэтыя ласкавыя маленечкія істоткі… Як і дзеткі, любоўю да якіх поўняцца нашы, жаночыя, сэрцы. І ўвогуле, пераканана мая суразмоўца, усё пачынаецца з любові. Да блізкіх, сваёй працы, калег, роднай зямелькі, куточка, дзе жывеш і працуеш.

Пра многае гутарылі мы са Святланай Юльянаўнай. Цікавы яна чалавек, разумны, удзячны ўсім тым, хто дапамагаў і дапамагае ёй у жыцці. Цёплыя словы гаварыла яна пра матулю, якой у наступным годзе споўніцца семдзясят пяць, пра мужа, дзетак, сясцёр, калег… Яна шчаслівая, што ў свой час выбрала месцам пражывання вёску і ніколі б не памяняла яе на горад. І пра родную гаспадарку жанчына гаворыць з такой удзячнасцю! Не забудзецца, падзялілася яна, як ва ўрачыстай абстаноўцы ў сталіцы ёй уручылі Ордэн маці (адбылося гэта ў 2010 годзе), а мясцовая гаспадарка парадавала тады падарункам, якога ў сям’і так жадалі – камп’ютарам. Вунь колькі гадоў прайшло, а памятаецца ўсё гэта.

Працоўны дзень даяркі пачынаецца вельмі рана. Хуценька ўправіўшыся з хатнімі клопатамі, спяшаецца Святлана Петрашэвіч на ферму. Тут яе чакаюць, паважаюць, давяраюць і цэняць. І гэтым, мусіць, сказана галоўнае.

Ірына БУДЗЬКО/ Фота аўтара

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 145 queries