Святочнае мерапрыемства «Ганаруся сваёй краінай!» адбылося 15 сакавіка ў зале кінатэатра «Мір». Яно праходзіла ў рамках рэспубліканскай акцыі «Мы – Грамадзяне Беларусі» і было прысвечана Дню Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь.

Акрамя юнакоў і дзяўчат у зале прысутнічалі госці: бацькі, прадстаўнікі райвыканкама, ветэраны. Пашпарты маладым грамадзянам уручыла намеснік старшыні райвыканкама Святлана Дзяруга. Разам з пашпартам маладыя людзі атрымалі і падарунак – кнігу «Я – грамадзянін Беларусі».

Святочнасць мерапрыемству стваралі не толькі з густам падабраныя і добра выкананыя песні, а найперш словы, якія агучылі ганаровыя госці ў адрас моладзі. Ад імя старшыні райвыканкама Алега Бегунца прывітальныя словы прамовіла Святлана Дзяруга. Гаварылі пра адно:
«Атрымлiваючы пашпарт грамадзяніна, вы бераце на сябе частку адказнасці за нашу краіну. Гэта адказнасць у тым, каб займаць актыўную грамадскую пазiцыю, справай даказваць сваю любоў да Радзiмы, стварыць добрую сям’ю i гадаваць дзяцей i ўнукаў, перадаючы iм лепшыя традыцыi продкаў».

Шчыра і пранікнёна прагучалі ў адказ словы абяцання маладых: «Мы абяцаем быць годнымі памяці нашых землякоў, якія аддалі свае жыцці за гонар, свабоду і незалежнасць нашай краіны! Мы абяцаем, што ўсе свае веды і ўсе свае сілы накіруем на тое, каб стаць сапраўднымі гаспадарамі нашай роднай зямлі!».
Цікавым момантам свята стала ўручэнне новага пашпарта аднагодцы галоўнага дакумента дзяржавы Анастасіі Чачулінай, вядомай віляйчанам па ўдзелу ў разнастайных культурных мерапрыемствах горада.

Таксама на святочным мерапрыемстве былі адзначаны Падзякай старшыні райвыканкама за развіццё маральна-патрыятычнага выхавання ў моладзевым асяроддзі і значны ўнёсак у рэалізацыю дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі шэраг знакамітых на Вілейшчыне асоб: Аляксандр Жук, кіраўнік вакальна-патрыятычнай студыі «Спадчына» (дзяржаўная ўстанова адукацыі «Вілейская гімназія № 2»); Наталля Стаўская, дырэктар дзяржаўнай установы «Цэнтр фізкультурна-аздараўленчай працы «Сатурн»; Міхаіл Кучко, настаўнік гісторыі дзяржаўнай установы адукацыі «Нарацкая сярэдняя школа Вілейскага раёна»; Дзяніс Шарафановіч, кіраўнік аматарскага аб’яднання «Патрыёт» Лыцавіцкага сельскага Дома культуры дзяржаўнай установы культуры «Цэнтралізаваная клубная сістэма Вілейскага раёна». Падзякай была ўзнагароджана і Вілейская раённая арганізацыйная структура рэспубліканскага дзяржаўна-грамадскага аб’яднання «Добраахвотнае таварыства садзейнічання арміі, авіяцыі і флоту Рэспублікі Беларусь».
Ірына ТРУБАЧ/Фота Веранікі ШАБЕЛЬНАЙ










