Шлях Перамогі

Вилейская районная газета – свежие и интересные новости

«Элегія» наведала беларускую дыяспару Клайпеды

23-24 лютага ў рамках супрацоўніцтва з суайчыннікамі за мяжой па запрашэнню беларускай суполкі «Крыніца» літоўскага горада Клайпеда Народны калектыў аўтарскай песні «Элегія» Цэнтра эстэтычнага выхавання прыняў удзел у мерапрыемствах, прысвечаных Міжнароднаму дню роднай мовы і Днях беларускай культуры. Праграма знаходжання «Элегіі» ў Клайпедзе была вельмі насычанай і цікавай, аб чым нам распавяла мастацкі кіраўнік калектыву Таццяна Захарыч.
– Мы не першы раз па запрашэнні нашых суайчыннікаў і ганаровага консула Беларусі ў Клайпедзе наведваем Літву, – адзначыла Таццяна Мікалаеўна. – Наша цвёрдая ўпэўненасць – беларусаў замежжа трэба актыўна падтрымліваць, бо яны, знаходзячыся далёка за межамі краіны, захоўваюць і папулярызуюць нашу нацыянальную культуру. Усім суайчыннікам і гасцям Дзён беларускай культуры ў Клайпедзе Народным калектывам аўтарскай песні «Элегія» былі прадстаўлены пяць творчых праграм: канцэрт «Жыць можа мова родная мая» ў Цэнтры Нацыянальных культур, літаратурна-музыкальная праграма «Святло Слова» ў прыходзе Пакрова-Мікалаеўскага храма, літаратурна-музычная праграма «І ўсё ж такі мора» ў рамках прэзентацыі кнігі М. Малішэўскага «Флатаводцы Белай Русі», літаратурна-музычная кампазіцыя «Адчуванне радзімы» на прэзентацыі фотавыставы «Сэрца зямлі маёй» беларускага журналіста А. Ласмінскага і іншыя.

Як заўжды, віляйчан вельмі цёпла сустракалі нашы суайчыннікі і госці мерапрыемстваў у Клайпедзе. «Элегія» за два дні змагла паказаць вялікі пласт нацыянальнай, у тым ліку вілейскай культуры, дзе спалучалася беларускае слова і аўтарская песня. Усе мерапрыемствы нязменна адкрываў ганаровы консул Рэспублікі Беларусь у горадзе Клайпеда, старшыня беларускай суполкі «Крыніца» Мікалай Логвінаў. Мікалай Аляксеевіч разам са сваімі суайчыннікамі праводзіць вялікую работу па папулярызацыі беларускай нацыянальнай культуры ў Літве і за яе межамі. Дырэктар Цэнтра эстэтычнага выхавання, кіраўнік Народнага калектыву аўтарскай песні «Элегія» Таццяна Захарыч выступіла з прывітальным словам да суайчыннікаў і падзякавала за прадстаўленую магчымасць удзелу ў Днях беларускай культуры. На кожным мерапрыемстве наш калектыў актыўна прэзентаваў Вілейшчыну, а беларускай дыяспары ад імя віляйчан былі падараваны даведнік па Вілейскаму краю, кніга «Памяць. Вілейскі раён», нацыянальныя сувеніры і каравай ад майстроў вілейскага хлебазавода. Абодва бакі выказалі надзею на актыўнае супрацоўніцтва паміж нашымі гарадамі ў культурна-сацыяльнай сферы і надалей.

У прамежку паміж выступленнямі калектыў «Элегія» правёў і творчую сустрэчу з вакальным ансамблем «Купалінка» беларускай абшчыны. На сустрэчы гучалі беларускія народныя песні, вядомыя песні аб нашай краіне і песні беларускіх кампазітараў. Віляйчанам у знак падзякі быў падораны літоўскі каравай – шакоціс. Незабыўнымі сталі сустрэчы з маладымі і дарослымі прыхаджанамі Пакрова-Мікалаеўскага храма горада Клайпеды. Настаяцель храма, протаіерэй Рыгор Негурыц распавёў віляйчанам пра гісторыю стварэння святыні і падараваў духоўную літаратуру. Яшчэ адным мерапрыемствам у насычанай і разнастайнай праграме знаходжання «Элегіі» ў Клайпедзе стала наведванне Цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, дзе кожны абмяняўся сваім вопытам і змог паглядзець прыклады новых метадаў працы з дзецьмі, а таксама экскурсія ў парк скульптур, марскі музей і «сустрэча» з морам.

Па выніках знаходжання Народнага калектыву аўтарскай песні «Элегія» ў Клайпедзе ганаровы консул Беларусі, старшыня беларускай суполкі «Крыніца» Мікалай Логвінаў перадаў падзячныя лісты старшыні Вілейскага райвыканкама Алегу Бегунцу і Народнаму калектыву аўтарскай песні «Элегія» Цэнтра эстэтычнага выхавання за ўдзел у мерапрыемствах. «Гэтыя сустрэчы дапамагаюць нам захоўваць на чужбіне сваю нацыянальную самабытнасць і перадаваць малодшым пакаленням частку беларускай культуры і любоў да нашай гістарычнай Радзімы…», – гаворыцца ў падзячным лісце.

Будзем спадзявацца, што наша сяброўства з беларусамі замежжа будзе доўжыцца і надалей.

Сяргей ГАНЧАР/Фота прадстаўлена Таццянай Захарыч

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 42 queries