У дзіцячым садку №11 адбыўся тыдзень беларускай мовы – шэраг мерапрыемстваў, прысвечаных Міжнароднаму дню роднай мовы. Усе яны былі накіраваны на папулярызацыю беларускай мовы, выхаванне ў выхаванцаў павагі і любові да роднага слова.
Першы дзень тыдня пачаўся з урачыстага адкрыцця, на якім выхаванцы чыталі вершы беларускіх пісьменнікаў аб роднай мове, прыгожай, мілагучнай, яскравай, звонкай. Гэты дзень праходзіў пад дэвізам – “Дзень беларускай казкі”. Творчы праект “Складаем казку разам”даў магчымасць выхаванцам, педагогам і бацькам запісаць свае любімыя казкі на беларускай мове. У гэты ж дзень працавала літаратурная гасцёўня “Казкі чытаеш — жыццё вывучаеш”, дзе выхавацелі і дзеці цытавалі выказванні з беларускіх народных казак, казак вядомых мовазнаўцаў, паэтаў і пісьменнікаў.

Другі дзень тыдня прайшоў пад дэвізам – “Беларускія народныя гульні”. Для выхаванцаў у гэты дзень прайшло шэраг мерапрыемстваў. Гульня – асноўная форма дзейнасці дзяцей. Існуе вялікае мноства беларускіх народных дзіцячых гульняў. Гульні выконваюць важную ролю як сродак фізічнага, эстэтычнага, i інтэлектуальнага выхавання дзяцей. Гульневы фальклор з’яўляецца надзейным захавальнікам роднай мовы, а засваенне яе ў працэсе гульні – самы хуткі і цікавы для дзяцей шлях.
“Дзень беларускага мастацтва і выяўленчай дзейнасці” – дэвіз трэцяга дня. Гэты дзень пачаўся з акцыі “Мае любімыя беларускія словы”. Кожны імкнуўся выказаць свае думкі на роднай мове. Выхавацелямі была падрыхтавана выстава “Рукатворныя цуды”, дзе былі прадстаўлены народныя рамёствы: тканыя вырабы,прыгожыя рэчы з дрэва і гліны. У гэты дзень да выхаванцаў старэйшых і сярэдніх груп завіталі майстры з Вілейскага Дому рамёстваў з майстрам-классам “Лялькі — абярэгі”. Дзеці пазнаёміліся з традыцыямі і тэхналогіямі вырабу абрадавай лялькі “Марцінічкі”. З вялікай цікавасцю хлопчыкі і дзяўчынкі майстравалі лялек, якія нясуць пяшчоту рук і рысы індывідуальнасці свайго майстра.
Чацвёрты дзень тыдня прайшоў пад назвай “Каб часцей беларуская мова гучала”. Выхаванцы паўдзельнічалі ў складанні крэатыў-праекта “Залацінкі народнай мудрасці ў малюнках” (складалі прыказкі і прымаўкі, тлумачылі іх сэнс, малявалі малюнкі). З цікавасцю для педагогаў прайшоў моўны паядынак клуб вясёлых і знаходлівых “Алфавіт”, падчас якога дарослыя паказалі свае веды па вуснай народнай творчасці.
Падвялі вынікі на ўрачыстым свяце “Цудоўныя напевы” — яркі і запамінальны момант тыдня беларускай мовы. Дзеці спявалі, расказвалі вершы на роднай мове, гралі на музычных інструментах.Спадзяемся, што мерапрыемствы, якія мы прысвяцілі беларускай мове, нікога не пакінулі абыякавымі, разам з нашымі выхаванцамі змаглі данесці да ўсіх тое асноўнае, што павінна жыць у сэрцы кожнага беларуса, — гордасць за сваю родную мову!
Кацярына Ганчар








