Шлях Перамогі

Вилейская районная газета – свежие и интересные новости

Галоўная дарога, што вядзе да фермы

Малочнатаварная ферма «Бараўцы» – адна з лепшых у «Нарачанскіх зорах». Тут працуе дружны калектыў з дваццаці сямі чалавек, якім кіруе вопытны спецыяліст і прафесіянал сваёй справы Аляксандр Чабатар. Адной з перадавых даярак фермы па праву лічыцца Святлана Петрашэвіч.

Малочнатаварная ферма «Бараўцы» ААТ «Нарачанскія зоры» прачынаецца рана. Урэшце, як і кожная іншая. Каля шасці гадзін аўтобус гаспадаркі прывозіць да фермы працаўнікоў, што жывуць у іншых населеных пунктах. І пачынаецца звыклая штодзённая работа: чысцяцца кармушкі, раздаюцца кармы (у рацыёне абавязкова канцэнтраты), наводзіцца парадак у стойлах. А ў сем гадзін распачынаецца дойка, пасля якой – недзе ў палове дзявятай – жывёла ідзе на прагулку. У любое надвор’е, бо гэта вельмі патрэбна. У поўдзень працаўнікі фермы спяшаюцца дамоў, дзе кожнага чакаюць дамашнія клопаты і свая гаспадарка, а ўвечары зноў звыклым маршрутам трымаюць курс на ферму, дзе чакаюць іх рагулькі і цяляткі. Галоўнай у жыцці стала для кожнага з іх гэта дарога.

Малочнатаварная ферма «Бараўцы» – адна з лепшых у «Нарачанскіх зорах». Тут працуе дружны калектыў з дваццаці сямі чалавек, якім кіруе вопытны спецыяліст і прафесіянал сваёй справы Аляксандр Чабатар. Пад яго кіраўніцтвам калектыў штогод дасягае высокіх вытворчых паказчыкаў. За гады працы ў галіне (а пачаў працоўную дзейнасць ветфельчарам у далёкім ужо 1979-ым) Аляксандр Вячаслававіч зарэкамендаваў сябе спецыялістам, які здольны самастойна вырашаць вытворчыя пытанні і спраўляцца з вялікім аб’ёмам работ, кантраляваць і аналізаваць работу падначаленых. Пад яго кіраўніцтвам на малочнатаварнай ферме «Бараўцы» летась у параўнанні з 2017-ым годам валавы надой малака павялічыўся на 17,8 і склаў 2443,3 тоны. Сярэдні надой на карову быў без малога сем з паловай тон, а сярэднесутачныя прывагі павялічыліся на 169 і склалі 858 грамаў.

Дзевяцьсот зараз, а ўлетку – недзе тысяча дзвесце – столькі галоў жывёлы абслугоўвае калектыў фермы. Дойныя каровы, бычкі на адкорме пад пільнай увагай працавітых людзей, пра якіх Аляксандр Вячаслававіч сказаў многа цёплых слоў. Працавітыя, талковыя работнікі працуюць тут. Кожны стараецца, бо заработная плата напрамую залежыць ад колькасці і якасці здадзенага малака і догляду цялятак. Іх, маленечкіх, толькі-толькі ад мамкі, якая ўжо паспела клапатліва аблізаць малыша шурпатым языком, змяшчаюць спачатку ў спецыяльны абагравальны домік, адкуль пасля пераводзяць у прафілакторый. Назва гаворыць сама за сябе: у прафілакторыі цялятак клапатліва даглядаюць ужо іншыя «мамкі» – даяркі, якія пояць свежым малачком, кормяць (з пятага дня даюць «дзіцячы» камбікорм), чысцяць. У такіх умовах маладняк хутка расце. Так, за месяц, на працягу якога цяляткі знаходзяцца ў прафілакторыі, яны прыбываюць у вазе з 33-35 до 80-100 кілаграмаў.

Адной з перадавых даярак фермы па праву лічыцца Святлана Петрашэвіч, якая пачынала тут сваю працоўную дзейнасць у 2000 годзе цялятніцай. Праз пэўны час была пераведзена ў аператары машыннага даення, кім працуе і цяпер. Граматная, патрабавальная, добрасумленная працаўніца, якая заўсёды захоўвае тэхналагічныя і санітарна-гігіенічныя патрабаванні машыннага даення, пастаянна забяспечвае высокую якасць малака, належны догляд замацаванай за ёй жывёлы, кантралюе паўнацэннасць рацыёна кармлення. За мінулы месяц, адзначыў загадчык фермы Аляксандр Чабатар, на рахунку Святланы Юльянаўны сорак тон заліковага малака, і гэта паказальны, варты пераймання вынік. А яшчэ Святлана Петрашэвіч – мама пецярых дастойных дзяцей, яе памочнікаў, гонару і надзеі. Прыемна глядзець, падзяліўся Аляксандр Чабатар, як дзеці, нібыта мурашачкі, дапамагаюць маме на ферме – чысцяць, носяць, падсцілаюць. З дзяцінства перадаюцца ім ад бацькоў працавітасць, пачуццё клопату і ўзаемадапамогі. Менавіта з такіх хлопчыкаў і дзяўчынак вырастаюць сапраўдныя людзі. Ды і пра сваіх блізкіх – жонку і дзвюх дачок – мой суразмоўца мог бы расказаць падобнае з гонарам, ды з-за сціпласці абмежаваўся некалькімі цёплымі словамі ў адрас родных.

Я невыпадкова расказала ў гэтым матэрыяле пра цудоўных людзей, маіх новых знаёмых Аляксандра Чабатара і Святлану Петрашэвіч. На злёце перадавікоў Вілейшчыны, які прайшоў учора, ушаноўваліся і яны, лепшыя працаўнікі сельскай гаспадаркі. Высокая адзнака сумленнай працы сціплых людзей, якія нас кормяць.

Ірына БУДЗЬКО.

Фота аўтара

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
НОВОСТИ РУБРИКИ
Яндекс.Метрика 44 queries