Дзмітрый Соніч лічыцца перадавіком у сваёй прафесіі. Штомесячныя заданні ў мінулым годзе ён выконваў на 176 працэнтаў. Яго сумленная праца неаднаразова адзначалася граматамі лясгаса, а ў 2017 годзе ён быў узнагароджаны Ганаровай граматай Мінскага дзяржаўнага вытворчага лесагаспадарчага аб’яднання.
У свой час наша газета, расказваючы пра клопаты вяскоўцаў, не раз узгадвала дбайнага механізатара з Вязыні Аляксандра Аляксандравіча Соніча, які болей за сорак гадоў жыцця аддаў гэтай нялёгкай справе. Нават выйшаўшы на заслужаны адпачынак, ён яшчэ на працягу многіх гадоў дапамагаў мясцовай гаспадарцы ў гарачы час, калі вельмі патрэбны былі працавітыя рукі. У гаспадарцы працавала і яго жонка, Леакадзія Віктараўна.
Сёння размова пойдзе пра іх сына – Дзмітрыя. Ён, як і бацькі, сумленна працуе і лічыцца перадавіком у сваёй прафесіі. Пачынаў працаваць у сельскай гаспадарцы, а затым стаў вадзіцелем у лясной. Некалькі гадоў у Вязынскім лясніцтве і ўжо амаль восем гадоў заняты на вывазцы лесу ў лясгасе. Раней у яго руках быў магутны «Урал», зараз – яшчэ больш магутная «Сканія». На сваёй чатырнаццаціметровай пляцоўцы, падзяліўся Дзмітрый Аляксандравіч, гэта машына за адзін раз перавозіць больш за сорак кубаметраў драўніны. Такой вось махінай па-майстэрску ўпраўляе вадзіцель Соніч. І гэта пацвярджаюць сухія, але красамоўныя лічбы. За мінулы год Дзмітрый Аляксандравіч перавёз 8,4 тысячы кубаметраў драўніны, штомесячныя заданні выконваў на 176 працэнтаў. Яго сумленная праца неаднаразова адзначалася граматамі лясгаса, а ў 2017 годзе ён быў узнагароджаны Ганаровай граматай Мінскага дзяржаўнага вытворчага лесагаспадарчага аб’яднання.
У лясгасе пра Соніча пачуеш толькі добрае: і што дысцыплінаваны ён і працавіты, і што любіць і беражэ давераную яму тэхніку, і што вельмі адказны і надзейны. Пагутарыўшы з Дзмітрыем Аляксандравічам, зразумела, што такі ж ён і ў сям’і. Зусім нядаўна, падзяліўся радасцю мой суразмоўца, ён з жонкай Таццянай і дваімі дзеткамі засяліўся ў свой дом у Ільі, які ўзводзілі практычна сваімі рукамі.
– З бацькамі залівалі фундамент, з братам крылі дах, дапамагалі, канешне ж, усе, але вельмі многае стараўся рабіць сам, – расказаў Дзмітрый Аляксандравіч. – Бо для сваёй сям’і будаваў, для самых родных. А цяпер на чарзе гаспадарчыя пабудовы, бо з часам плануем завесці сваю гаспадарку. А як жа інакш? Мае бацькі, колькі памятаю, заўсёды трымалі вялікую гаспадарку, мелі па дзве каровы. І мы, чацвёра дзяцей, заўсёды былі заняты карыснай працай.
Усе мы родам з дзяцінства. Гэта сказана не мною. Менавіта тады, у маленстве, закладваюцца тыя рысы і навыкі, якія будуць вызначальнымі ў характары чалавека ўсё жыццё. Дзмітрыю Сонічу ад бацькоў перадаліся працавітасць, сумленнасць, любоў да блізкіх, адказнасць. З гэтым і ідзе па жыцці чалавек, якога па праву назвалі пераможцам індывідуальнага спаборніцтва Вілейскага доследнага лясгаса і прапанавалі для занясення яго партрэта на раённую Дошку гонару. Што тут скажаш, заслужана.
Ірына БУДЗЬКО.
Фота аўтара