На ўрачыстасць былі запрошаны і віляйчане. Нашым землякам былі ўручаны юбілейныя медалі, а таксама сертыфікаты на тэлевізары «Гарызонт».
15 лютага ў Мінску прайшло ўрачыстае мерапрыемства, прысвечанае святкаванню стагоддзя Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання і ўшанаванню перадавікоў аграпрамысловага комплексу. Яно прайшло ў Палацы Рэспублікі. У цырымоніі прыняў удзел прэм’ер-міністр Сяргей Румас. Выступаючы перад прысутнымі, ён падзякаваў працаўнікам аграпрамысловага комплексу за іх нялёгкую, але такую важную для грамадства працу, адзначыўшы, што менавіта захаванне харчовай бяспекі з’яўляецца асновай, якая робіць кожную краіну незалежнай.
Да юбілею ў Беларусі зацверджаны геральдычныя сімвалы Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання. Адпаведны ўказ падпісаны Прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам. Указам зацверджаны эмблема, сцяг міністэрства, нагрудны знак «За заслугі ў сельскай гаспадарцы», а таксама палажэнні аб гэтых геральдычных сімвалах. Яшчэ адным указам кіраўніка дзяржавы заснаваны юбілейны медаль «100 год органам дзяржаўнага кіравання сельскай гаспадаркі і харчавання Беларусі».
На ўрачыстасці высока адзначылі заслугі тых, хто шмат гадоў сумленна працуе ў аграпрамысловым комплексе. За значны ўклад у развіццё галіны, дасягненне высокіх вытворчых паказчыкаў дастойным уручаліся спецыяльныя лісты аб аб’яўленні Падзякі Прэзідэнта і грашовыя сертыфікаты, а таксама сертыфікаты на легкавы аўтамабіль Geely Atlas.
На ўрачыстасць былі запрошаны і віляйчане: галоўны аграном ААТ «Нарачанскія зоры» Віктар Драчылоўскі і ветэран сельскагаспадарчай галіны, заслужаны механізатар з 53-гадовым стажам Віктар Развадоўскі. Нашым землякам былі ўручаны юбілейныя медалі, а таксама сертыфікат на тэлевізары «Гарызонт».
– Мерапрыемства было цікавае, урачыстае, таму, канешне ж, запомніцца, – падзяліўся ўражаннямі Віктар Развадоўскі. – І выступленне прэм’ер-міністра Сяргея Румаса, і сустрэча з міністрам сельскай гаспадаркі і харчавання Леанідам Зайцам, і цудоўны канцэрт беларускіх выканаўцаў, якім нас парадавалі. А самае галоўнае, што працаўнікі аграпрамысловага комплексу сустрэліся, пагутарылі, падзяліліся навінамі. Мне пашчасціла сустрэць на ўрачыстасці свайго калегу, таксама ветэрана-механізатара з Любаншчыны, з якім ўзгадалі тыя гады, калі мы працавалі. Хоць, калі шчыра, не парываем сувязь з роднай гаспадаркай і цяпер. Вось я, маючы за плячыма 53 гады механізатарскага стажу, у тым ліку 41 – на камбайне ў час жніва, і цяпер яшчэ па магчымасці дапамагаю гаспадарцы. А як жа інакш? Сельская гаспадарка – наш лёс, з ёю неразрыўна звязана ўсё наша жыццё.
Ірына БУДЗЬКО