орад неахвотна ўпускае вясну, адгароджаны ад яе частаколам шматпавярховак.
Затое вясковыя прасторы – і на палетках, і на прасёлкавых дарогах, і на лясных прагалінах, усыпаных стужкамі чэзлай ігліцы – паўсюдна ладзяць ёй зялёнае святло.
– Душа радуецца, – адназначна выдае свой весні настрой брыгадзір трактарна-паляводчай брыгады падсобнай гаспадаркі «Дружба» райаграсервіса Леакадзія Івашкевіч. Хоць прысутнічае яна пры справе больш чым празаічнай, аднак вельмі характэрнай на гэты час для вясковага пейзажу. Гаспадарка вывозіць на палі арганіку. Ля свінаводчай фермы «Ручыца», побач з адкрытым гноесховішчам, бесперапынна працуе пагрузчык. Надзейны рытм яго работы забяспечаны належнай арганізацыяй рабочага дня, наяўнасцю тэхнікі.
– На вывазцы арганікі заняты тры тэхнічныя адзінкі, – каменціруе абстаноўку кіраўнік падсобнай гаспадаркі «Дружба» Аляксандр Альфер. – «КАМАЗ», «МАЗ» і «Ферабокс». Экскаватр арэндуем у ПМК-88, грошы райаграсэрвіс плаціць за гэта немалыя, таму любая хвіліна прастою зусім не ў нашых інтарэсах.
Літаральна на некалькі хвілін спыніў на дарозе «МАЗ» Валерый Дурэйка ў чаканні, пакуль загрузіць кузаў свайго аўтамабіля Аляксандр Дземідовіч. І гэтых імгненняў хапіла нам хіба што для кароткага дыялогу. Аб добрым надвор’і, пастаянстве чалавечых схільнасцей і асабістых планах. Апошнія суразмоўца не аддзяляе ад інтарэсаў фірмы, якой ён ужо прысвяціў 15 год свайго жыцця. Былі рэарганізацыі, мянялася тэхніка. А вось гэты «МАЗ» надзейна служыць гаспадару цэлую пяцігодку. Тым самым дзякуючы яму за ашчадныя да сябе адносіны. Мінеральныя ўгнаенні, арганіка, збожжа ў напружаныя ўборачныя дні – усё гэта пабывала ў кузаве аўтамабіля. А што датычыць пастаянства звычак, Валерый шчыра прызнаецца, што ён – не прыхільнік частых перамен. Чалавек павінен мець у сабе надзейны, трывалы асяродак, які прывязвае яго да жыццёвай арбіты.
– А вы мяне з Воўкам, унучкам маім, сфатаграфуйце, – Леакадзія Івашкевіч ківае на «Ферабокс», што збіраецца выруліць на пагрузачную пляцоўку. Уладзімір Мамай родным унукам Леакадзіі не прыходзіцца, сваёй рэплікай яна проста намякае на розніцу ва ўзросце і свае да юнака шчырыя адносіны. Уладзіміра і праўда ёсць за што паважаць. Хлопец скончыў сельскагаспадарчы ліцэй. У падсобнай гаспадарцы «Асіпавічы» набіраўся практычнага вопыту. Пасля яе далучэння да райаграсервіса так і застаўся ў гэтай арганізацыі. І, нягледзячы на малады ўзрост (хлопцу ўсяго 21 год), мае заслужаную павагу сярод старэйшых сваіх паплечнікаў. Гэта засведчыў і кіраўнік райаграсервіса Аляксандр Бядрыцкі, нагадаўшы, што некалькі год таму мы ўрачыста ўшаноўвалі Уладзіміра, як аднаго з уладальнікаў прыза газеты «Шлях перамогі» – «За адданасць полю». Усяго ў падсобнай гаспадарцы «Дружба» мяркуецца вывезці на палі 13 тысяч тон арганікі. Пакуль гэта публікацыя выйдзе ў свет, заданне будзе выканана.
А на мехдвары «Дружбы» – тая самая «лінейка гатоўнасці», якая сведчыць, што тэхніка да пасяўной практычна гатова. Сустракаемся тут з маім даўнім знаёмым Іванам Гержатовічам. Даводзілася расказваць пра работу яго сямейнага экіпажа на леташнім жніве. Вось і сёлета ён адным з першых паставіў свой «Беларус» у той самы «ганаровы» рад. З усёй тэхнікі яго трактар выдзяляецца незвычайна пярэстай расфарбоўкай. На чырвоным фоне кабіны «гуляюць» жоўтыя, зялёныя, белыя палоскі. – Гэта сын мой эксперыментуе, – стрымана, але з гонарам, канстатуе адзін са старэйшых у гаспадарцы механізатараў. Яна – структурнае падраздзяленне райаграсервіса, але нагрузку бярэ на сябе немалую. Прадстаіць засеяць яравымі 480 гектараў ворыва, 20 – кукурузай. І ўвогуле атрымаць вал збожжа ў памеры 2200 тон.
Перадпасяўныя клопаты і ў падсобнай гаспадарцы «Асіпавічы». Палеткі ўзараны яшчэ з восені, таму вялікай нагрузкі на агрэгаты не чакаецца. Будзем у раёне працаваць, – запэўнівае Аляксандр Бядрыцкі, маючы на ўвазе і той механізаваны атрад з васьмі «Беларусаў», які яшчэ летась адпаведным чынам зарэкамендаваў сябе ў сельскагаспадарчых прадпрыемствах Вілейшчыны.
– Яшчэ не ўсе азімыя адкрыты, – акрэслівае сітуацыю аграном Яўгеній Каляга. – Спадзяемся, што захаваліся лепш, чым летась, надзеі – на азімы рапс. Летась ён практычна загінуў.
Сапраўды трагічна выглядала леташняя сітуацыя. З-за прыроднай анамаліі прастойвае цэх па вытворчасці рапсавага жмыху і масла. Сёння нагрузка на яго мінімальная. Справа ў тым, што прыродны катаклізм спасціг мінулай зімой не адну гаспадарку раёна, таму практычна адсутнічаюць заяўкі заказчыкаў.
…Асіпавіцкія палеткі, між тым, ужо кранулі колы механізаваных агрэгатаў. Ва ўрочышчы Гор Бор пачалася падкормка сенакосаў калійнымі ўгнаеннямі. На нізкіх землях, аблітых шчодрым сакавіцкім сонцам, – пярэстая чорна-белая танальнасць. Перашкода для «МТЗ-1221» – вязкія лагчыны, якія ён з цяжкасцю пераадольвае, не зважаючы нават на шырокія камбайнавыя колы, часова перастаўленыя на агрэгат.
– Пастарайся змясціць графік рабочага дня, – раіць Аляксандр Бядрыцкі механізатару Віталію Мамаю. – Выязджай надосвітку, пакуль яшчэ марозік трымаецца… – Параду Віталь, безумоўна, успрыймае, як загад кіраўніка, разумеючы яе практычны сэнс.
На сённяшні дзень райаграсервіс разічвае двума агрэгатамі з красамоўнаю назвай «Раса» – для ўнясення вадкіх мінеральных угнаеннеяў. Высокая праходнасць, на фоне аналагічнай прадукцыйнасці, – незаменныя якасці ноу-хау айчынных вытворцаў. На базе абслугоўваючай арганізацыі наладжана стацыянарнае тэхнічнае абслугоўванне трактараў. А каб зрабіць яго мабільным і расшырыць дыяпазон паслуг, райаграсервіс набывае ўстаноўку «Любава» з усім неабходным для рамонту сельгастэхнікі абсталяваннем. Вартасць яе – у той самай мабільнасці. «Любава» ў якасці хуткай дапамогі зможа па выкліках гаспадарак выязджаць прама на месца і праводзіць рамонт, што называецца, у палявых умовах. Ужо на сёлетняй пасяўной сельгаспрадпрыемствы будуць карыстацца гэтай новай паслугай райаграсервісу. Безумоўна, за ўстаноўленую плату.
… Прырода сапраўды падарыла хлебаробу гэтыя шчодрыя на сонца сакавіцкія дні. Промні літаральна плавяць на палях снег, пакідаючы зямлі жыватворную вільгаць для ўзнаўлення жыцця. Душа радуецца… Успамінаюцца словы брыгадзіра падсобнай гаспадркі «Дружба».
Марыя КУЗАЎКІНА.
Фота аўтара
Набылі «Любаву» для «Беларуса»
Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
НОВОСТИ РУБРИКИ







