Шлях Перамогі

Вилейская районная газета – свежие и интересные новости

Прысвячаецца жаночаму партызанскаму атраду «Радзіма»…

У гісторыі Другой сусветнай вайны, а 3 ліпеня 2019 года мы адзначаем 75 год з дня вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, да гэтага часу застаецца шмат белых плям. Па-за нашай памяццю застаюцца тысячы невядомых прозвішчаў і сотні падзей, якія мы павінны вяртаць з небыцця, каб помніць і ведаць пра тыя страшэнныя часы, што выпалі на лёс мінулых пакаленняў беларусаў. Здараецца, што напамін пра ваенныя падзеі часам прыходзяць вельмі нечакана. Так, у Францыі ў верасні 2015 года быў адкрыты помнік савецкім партызанкам, удзельніцам атрада «Радзіма», які дзейнічаў сумесна з французскім Супраціўленнем. Гэта помнік жанчынам, якія не скарыліся свайму лёсу палонных і ўзняліся на барацьбу супраць ворага на чужыне. Сярод удзельніц жаночага французскага Супраціўлення была і віляйчанка Алена Дзік, якая родам з хаценчыцкага краю.

Нарадзілася Алена Іванаўна Дзік на Вілейшчыне ў 1928 годзе. Калі пачалася вайна, непаўналетняя Алена актыўна дапамагала партызанам і была ў іх сувязной. 22 снежня 1943 года Алена Дзік была арыштаваная ў раёне вёскі Дубаўляны, што зараз у Мінскім раёне. Пасля арышту яе змясцілі ў Мінскую турму, дзе катавалі, каб атрымаць звесткі аб партызанах. Затым яна была перапраўлена ў французскі канцлагер Эрувіль. Здолеўшы ўцячы з палону, Алена разам з іншымі вязнямі ў Францыі змагалася ў атрадзе «Радзіма», які быў створаны савецкімі ваеннапалоннымі ў складзе 37-мі чалавек. Барацьбу з фашыстамі яны вялі разам з французскім Супраціўленнем. Гісторыі некаторых жанчын гэтага атрада вядомы падрабязна, але некаторыя імёны яшчэ застаюцца ў забыцці. Дзякуючы французска-беларускім удзельнікам пошукавай группы – Жану-Луі Сан Зані (Францыя), Ганне Пялецкай і Яўгену Капціліну (Беларусь) – стала вядома і пра віляйчанку Алену Дзік. Пашукоўцы змаглі адшукаць і дачку Алены Іванаўны, якая зараз жыве ў Мінску і інтэрвью з якой, па-магчымасці, мы размясцім у газеце напярэдадні святочнай даты Дня Незалежнасці.

У верасні 2015 года ў невялікім французскім горадзе Тыль без пампезнасці быў адкрыты мемарыяльны знак партызанскаму атраду французскага Супраціўлення «Радзіма». Атрад цалкам складаўся з савецкіх жанчын, перапраўленных нацыстамі з мінскай турмы ў канцэнтрацыйны лагер Эрувіль. Жыхары французскага гарадка Тыль сваімі сіламі стварылі мемарыял рускім жанчынам, якія ваявалі з ворагам на французскай зямлі. Да Другой сусветнай вайны ў Тыле здабывалі руду. Нацысцкая Германія спрабавала наладзіць у гэтых шахтах вытворчасць ракет, пабудаваўшы непадалёк жудасны канцлагер Эрувіль (Errouville). Пачынаючы з 1942 года на прымусовыя работы (у шахты, руднікі) у Францыю з СССР былі вывезены дзясяткі тысяч савецкіх грамадзян. У сярэдзіне лютага 1944 гада з Мінска ў Францыю быў адпраўлены эшалон з вязнямі гестапаўскай турмы «Шырокае», сярод якіх былі жанчыны-падпольшчыцы і партызанскія сувязныя, у тым ліку і віляйчанка Алена Дзік. Не дабіўшыся катаваннямі вынікаў, фашысты заштурхалі іх у вагоны і адправілі ў рабства, у канцлагер. Адзінаццаць сутак палонныя ехалі без ежы і амаль без вады, пасля чаго цягнік спыніўся ў горадзе Тыль. Умовы ў «Эрувілі» былі жахлівыя. У 4 гадзіны раніцы давалі па кружцы кіпеню і вялі ў шахту. Тут жанчыны павінны былі кірхамі дзяўбсці руду і падымаць яе наверх. У абед – літр пахлёбкі і 200 грамаў чорнага, як зямля, хлеба. Адбой у адзінаццаць. Пяць гадзін на сон. Жудасныя ўмовы падштурхнулі жанчын стварыць падпольны камітэт. Аднойчы ў бараку адбылася падзея, якая скончылася перамогай вязняў канцлагера – жанчыны адмовіліся выйсці на працу. Іх збівалі, уздымалі сілай, а яны зноў клаліся на нары, адмаўляліся працаваць. А калі супраціў задушылі, вязні надзелі на сябе якія былі чырвоныя рэчы: кофтачкі, хустачкі і пайшлі на шахту, спяваючы «Інтэрнацыянал». У гэты дзень яны адмовіліся працаваць 12 гадзін. Ім не было чаго губляць. А ноччу 8 мая 1944 года пры падтрымцы французскіх і савецкіх партызан з канцлагера «Эрувіль» здзейснілі ўцёкі 64 зняволеных, сярод якіх было 37 жанчын і 27 мужчын. Знясіленым жанчынам прыйшлося пераадолець больш за 70 кіламетраў. Прыбыўшы ў дамоўленае месца ў лесе, змучаныя, але шчаслівыя, жанчыны, не змаўляючыся, вырашылі стварыць свой партызанскі атрад, які атрымаў назву «Радзіма». Ва ўрачыстай абстаноўцы кожная з яго ўдзельніц вымавіла клятву: «Выконваючы свой абавязак перад Радзімай, я абавязуюся сумленна і самааддана служыць інтарэсам французскага народа, на чыім баку я абараняю інтарэсы сваёй Радзімы. Усімі сіламі я буду абараняць маіх братоў-французаў у барацьбе супраць агульнага ворага – нямецкіх акупантаў». Гэта было адзінае жаночае падраздзяленне французскага Супраціўлення. Атрад складаўся з рускіх, беларусак, украінак і яўрэек, актыўны ўдзел у барацьбе атрада прымала і Алена Дзік.

Нам мала вядома пра падзеі тых гадоў у Францыі і, асабліва, пра подзвіг беларусак з атрада «Радзіма». Беларускі пісьменнік і журналіст Раман Ярохін напісаў кнігу, прысвечаную гэтым падзеям – «Дзяўчынкі нашы за Вердэнам». А ў мінулым годзе на тэлеканале АНТ адна з серый цыклу «Зваротны адлік» была прысвечана гераізму жанчын атраду «Радзіма» пад назвай «Радзіма» ці смерць. З Надзеяй – за Францыю». Дзякуючы жыхарам французскага горада Тыль, якія за свае сродкі і шляхам аднаўлення і ўмацавання шахты, у якой працавалі ваеннапалонныя жанчыны, самастойна адкрылі мемарыял. Перад уваходам у шахту ўстаноўлены дзве памятныя шыльды – на французскай і рускай мовах: «У памяць аб савецкіх жанчынах, ахвярах нацысцкага варварства, якія загінулі ад знясілення або пад абвалам на прымусовых работах у шахце. У памяць аб вязнях канцлагера, якія ўчынілі ўцёкі 8 мая 1944 гады і стварылі адзіны ў Францыі жаночы партызанскі атрад «Радзіма», што змагаўся за свабоду ў французскім Супраціўленні».

На жаль, пасля заканчэння вайны стаўленне да тых, хто вяртаўся з палону з-за мяжы, было «прахалодным». Калі партызанкі з «Радзімы» вярнуліся ў СССР, у іх былі толькі французскія дакументы, на французскай мове. А паколькі ў тыя часы хапала самазванцаў, ім ніхто не верыў. Некаторых выключалі са спісу партызан, з партыі, некаторых арыштоўвалі і адпраўлялі ў ГУЛАГ…
На адкрыцці мемарыяла ў Францыі мэр горада Тыль адзначыла, што гісторыя жанчын атрада «Радзіма» – адна з самых яскравых старонак тыльскага мінулага і паабяцала зрабіць усё магчымае, каб памяць пра іх была вечнай. Цяпер справа за намі…

Сяргей ГАНЧАР.
Фота прадстаўлена Ганнай ПЯЛЕЦКАЙ

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
НОВОСТИ РУБРИКИ
Яндекс.Метрика 37 queries