Шлях Перамогі

Вилейская районная газета – свежие и интересные новости

60-годдзе пачатку газіфікацыі адзначылі прадстаўнікі адпаведнай службы

60-годдзе пачатку газіфікацыі адзначылі прадстаўнікі адпаведнай службы напрыканцы 2018 года. Ва ўсіх філіялах УП «Мінаблгаз» адбыліся ўрачыстасці з гэтай нагоды. Падчас іх ушаноўвалі не толькі лепшых працаўнікоў дня сённяшняга, але і тых, хто шмат год сумленна адпрацаваў на карысць газавай службы – пенсіянераў і ветэранаў.

У лістападзе ў Наваполацку ў Палацы культуры ААТ «Нафтан» урачыста адзначалі лепшых працаўнікоў рэспублікі за шматгадовую працу і прафесійнае майстэрства. Для сваіх працаўнікоў адміністрацыя і прафсаюзная арганізацыя Вілейскага раёна газазабеспячэння таксама арганізавалі святочнае мерапрыемства. Сярод запрошаных былі ганаровыя ветэраны службы – Мікалай Валынец (стаж працы ў раённай газавай службе – 38 год) і Іван Субач (стаж працы ў райгазе – 32 гады), прысутнічалі таксама Ігар Валынец, галоўны інжынер Вілейскага раёна газазабеспячэння, і вадзіцель Юрый Субач, якія па 22 гады ўжо адпрацавалі ў газавай службе і працуюць там сёння. Гэтых людзей у арганізацыі добра ведаюць, бо зарэкамендавалі яны сябе адказнымі, ініцыятыўнымі і вопытнымі работнікамі.

Ветэраны – тыя людзі, што прайшлі ўсе шляхі станаўлення газавай службы і яе развіцця. І сёння пра іх у калектыве памятаюць, запрашаюць на розныя мерапрыемствы і проста так – у госці. Пацікавіцца здароўем, распытаць, як справы, паказаць, у якіх умовах сёння вырашаюцца вытворчыя задачы. А яны, не адзін дзясятак год адпрацаваўшы на адным месцы і знаходзячыся на заслужаным адпачынку, часта звяртаюцца да ўспамінаў. Як, напрыклад, Мікалай Сяргеевіч Валынец, з якім мы гутарылі нядаўна.

38 гадоў – немалы прамежак часу. Для Мікалая Сяргеевіча – працоўны стаж. А менавіта, удакладняе ён, 38 гадоў і 8 месяцаў. На працягу гэтага часу працаваў ён і вадзіцелем на развозцы газавых балонаў, і майстрам, выконваў і абавязкі галоўнага інжынера, некаторы час працаваў у будаўнічай службе. Адным словам, на ўсіх франтах, а апошнія гадоў пяць – і на пенсіі. На заслужаны адпачынак Мікалай Сяргеевіч выйшаў у 2007 годзе.

Прыйшоў Мікалай Валынец у газавую службу ў далёкім 1969-м годзе. Да гэтага працаваў у калгасе ў Асіпавічах – як і ўсе ў той час, за працадні. Парада пайсці працаваць у газавую службу прагучала своечасова. На той час, калі Мікалай Валынец прыйшоў уладкоўвацца на працу, гэта быў участак па газіфікацыі, тады якраз толькі атрымалі новую машыну. Мікалай Сяргеевіч добра памятае, як адбывалася газіфікацыя. Людзі, асабліва на вёсцы, спачатку насцярожана ставіліся да блакітнага паліва. Але, заўважыўшы, што на газавай пліце ў суседзяў на патэльні яечня смажыцца хутчэй, чым у печы, якую яшчэ трэба распаліць, набывалі пліты і сабе. Падчас актыўнай газіфікацыі бывала, што і па 200 газавых пліт устанаўлівалі ў месяц, згадвае Мікалай Сяргеевіч. Па службе давялося пабываць ва ўсіх, нават самых аддаленых, куточках Вілейшчыны – па сёння Мікалай Сяргеевіч памятае тыя вёскі і хаты, што прыйшлося аб’ехаць-абысці. І сцвярджае, што няма таго населенага пункта, дзе б ён ні быў. А як інакш? Такая спецыфіка службы. Ёсць у ёй і іншы бок, пра які нагадаў мой суразмоўца. Не выбачае нікому газ неабачлівасці, абыякавасці, халатных адносін. Не раз быў Мікалай Валынец сведкам здарэнняў, якія сталі вынікам неасцярожнага абыходжання з газам і парушэння правілаў бяспекі. Добра, што пацярпелі тады не гаспадары, а толькі іх маёмасць.
…З цягам часу газавая служба развівалася, у калектыў прыходзілі новыя людзі, ды і справы ішлі на лад, прыйшла стабільнасць. Перадаўшы вопыт маладым, ветэраны саступілі ім месца. «Каб усе так адпрацавалі, як і я», – жадае Мікалай Валынец тым, хто працуе ў газавай службе сёння, маючы на ўвазе свае 38 гадоў і 8 месяцаў працоўнага стажу.

Таццяна ШАРШНЁВА.
Фота Веранікі ШАБЕЛЬНАЙ і прадстаўлена Галінай СТАНКЕВІЧ

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
НОВОСТИ РУБРИКИ
Яндекс.Метрика 34 queries