Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Эстэтычны цэнтр – шлях да прыгажосці

Сёння завяршаецца двухдзённы міжрэгіянальны семінар для работнікаў Цэнтраў эстэтычнага выхавання Брэсцкай вобласці. 322
Тэма – «Дзейнасць дзіцячых устаноў новага тыпу. Духоўнае ўзбагачэнне праз творчасць». Госці з Брэстчыны пазнаёміліся з работай студый Вілейскага эстэтычнага цэнтра, пабывалі на творчай панараме Палаца культуры, наведалі краязнаўчы музей і музей Першай сусветнай вайны ў вёсцы Заброддзе. Іх увазе быў прадстаўлены парад лялек і тэатральных касцюмаў студый «Вілейскія забаўлянкі» і «Таленцікі». Адным словам, віляйчане шчодра падзяліліся з гасцямі набытым вопытам у сферы эстэтычнага выхавання. Спадзяёмся, што брэстчане змогуць выкарыстаць яго ў сваёй практычнай рабоце. Няхай добрыя ўражанні аб Вілейшчыне, яе людзях і справах, якія яны здзяйсняюць на ніве духоўнага пошуку, застануцца ў вашых сэрцах, дарагія брэстчане.

Эстэтыка – гэта, уласна кажучы, прыгажосць. Тая, што адлюстроўваецца нашай свядомасцю і ўвасабляецца ў мастацкія вобразы творча настроенай асобай. Вілейскі цэнтр эстэтычнага выхавання і закліканы дапамагчы чалавеку самарэалізавацца, развіць духоўныя пачаткі, закладзеныя яшчэ на генным узроўні літаральна ў кожным з нас. Нельга сказаць, што сюды прыходзяць заведама таленавітыя людзі. Прыходзяць тыя, хто бачыць свет ва ўсёй шматграннасці яго праяў і хоча занатаваць яго такім, як падказвае ўяўленне. Нестандартнасць думак, адметнае бачанне аб’ектаў рэальнасці – гэта тое, што служыць падмуркам натхнення для сапраўднага творцы. З мэтай дыферэнцыяцыі густаў наведвальнікаў гэтай установы культуры, дзейнасць яе арыентавана ў некалькіх накірунках: духоўна-маральны, культурна-асветніцкі, тэатральны, навукова-даследчы… Два з чатырнаццаці клубных фарміраванняў цэнтра ўжо маюць званне народных: студыі «Чароўны квадрат» і «Пушысцікі». Першая – навучае мастацтву арыгамі, другая, назва гаворыць сама за сябе, – прывівае навыкі стварэння мяккай цацкі. Прычым, як сцвярджае дырэктар установы Таццяна Захарыч, цацка існуе не сама па сабе, а ў кантэксце фальклорных традыцый, уласцівых вілейскаму краю.
Кожны творчы калектыў цэнтра мае сваю адметнасць у формах рэалізацыі эстэтычных схільнасцей іх выхаванцаў. У тых жа «Пушысцікаў», акрамя этнаграфічнага – яшчэ і дэкаратыўна прыкладны накірунак. Кіраўнік студыі Таццяна Малькевіч і мастак-афарміцель Марына Каравай імкнуцца прывіць навучэнцам прафесійныя навыкі ў кантэксце авалодання таямніцамі народных рамёстваў, тэхналогій пашыву рознага віду цацак. Студыйцы ўдзельнічаюць у дабрачынных акцыях, фестывалях і конкурсах. Арганізавана супрацоўніцтва з Белдзяржуніверсітэтам культуры і мастацтваў.
Цікава тое, што пры базавых фарміраваннях у эстэтычным цэнтры створаны студыі – спадарожніцы: пры «Пушысціках» – «Рукадзельніца», пры «Чароўным квадраце» – «Жураўлік». Апошні, па запрашэнню пасольства Японіі ў Рэспубліцы Беларусь, прымаў удзел у выставе, прысвечанай культуры і быту Японіі – краіны, для якой мастацтва арыгамі з’яўляецца традыцыйным. Мастацкія калектывы цэнтра адзначаны дыпломамі і з’яўляюцца лаўрэатамі абласных, рэспубліканскіх і міжнародных мерапрыемстваў. А дзесяць год таму гэта ўстанова атрымала грант Мінаблвыканкама для рэалізацыі праекта «Шлях да прыгажосці».S7000062
Эстэтычны цэнтр адчынены не толькі для тых, хто імкнецца рэалізаваць у ім асаблівасці свайго светаадчування. Ён гатовы падзяліцца вопытам, адкрыты для супрацоўніцтва. Сведчанне таму – семінар, які гасцінна прыняў аднадумцаў, людзей, схільных да творчага асэнсавання рэчаіснасці, здольных успрымаць і множыць прыгажосць. І шчыра дзяліцца набыткамі сваёй душы.
Марыя КУЗАЎКІНА
Фота прадстаўлена Цэнтрам эстэтычнага выхавання

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 170 queries