Шлях Перамогі

Вилейская районная газета – свежие и интересные новости

Юбилейный концерт Вилейской детской школы искусств прошел в Вилейке |

25 студзеня ў Вілейскім Палацы культуры шматлікія гледачы, якія прысутнічалі на юбілейным канцэрце Вілейскай дзіцячай школы мастацтваў, прысвечаным яе 65-гадоваму юбілею, не стамляліся пляскаць у далоні таленавітым выхаванцам школы і яе педагогам, што развіваюць таленты юных віляйчан. Павіншаваць ветэранаў школы, педагогаў і яе выхаванцаў з юбілеем прыйшлі шматлікія госці, а таксама прадстаўнікі раённай вертыкалі і дэпутацкага корпуса. Нямала цёплых слоў было сказана ў адрас юбіляраў, а шматлікія калектывы і салісты школы, у сваю чаргу, радавалі ўсіх гасцей сваім бліскучым талентам.

Музыка аб’ядноўвае людзей і народы, яна сцірае ўсякія межы, а галоўнае, яна выхоўвае высокаадукаваных і творчых асоб. Так было і так застаецца. Вось ужо 65 гадоў у сценах Вілейскай дзіцячай школы мастацтваў гучыць музыка. Вялікіх поспехаў дасягнула школа за гэты перыяд. У ёй вырасла не адно пакаленне вучняў, якія праслаўляюць Вілейшчыну на прасторах краіны і далёка за яе межамі. У святочным канцэрце Вілейскай дзіцячай школы мастацтваў на адной сцэне сустрэліся тры пакаленні музыкантаў. Першае з іх – гэта выкладчыкі, другое – выпускнікі школы, студэнты музычных каледжаў і ВНУ і трэцяе пакаленне – гэта юныя музыканты, сённяшнія выхаванцы школы, якія яшчэ толькі пачынаюць свой творчы шлях. І ўсіх іх аб’ядноўвае адна трывалая нітка музычнага мастацтва, што яднае і захоўвае традыцыі вілейскай музычнай школы.

Сыходзяць у мінулае дзесяцігоддзі, мяняюцца пакаленні вучняў, паступова абнаўляецца педагагічны калектыў, але застаюцца непарушнымі асноўныя арыенціры адукацыйнага працэсу школы – гэта музычна-эстэтычнае выхаванне дзяцей. Пачыналася вілейская музычная школа з сямі настаўнікаў, на сёння, улічваючы філіялы, іх семдзесят. Са сцен вілейскай музычнай навучальнай установы выйшла больш за шэсць тысяч выпускнікоў, частка якіх звязала сваё жыццё з музыкай, а сярод іх нямала і вядомых музыкантаў. Са святочнай сцэны на юбілейным канцэрце ўзгадвалі былых кіраўнікоў і педагогаў школы, гучалі словы падзякі ветэранам і бацькам выхаванцаў. «Нам 65 – і ўсё толькі пачынаецца», – адзначыла са сцэны дырэктар Вілейскай дзіцячай школы мастацтваў Наталля Сліжова. І сапраўды, наперадзе ў гэтага таленавітага калектыву аднадумцаў і прафесіяналаў вялікі шлях…

У святочным канцэрце навучэнцаў школы на сцэне змянялі выпускнікі, якія працягваюць сваю адукацыю ў каледжах, універсітэтах і акадэміі музыкі, а таксама педагогі. Дарэчы, адкрываў юбілейны канцэрт калектыў, які ў гэтым годзе адзначыць свой 30-гадовы юбілей – узорны духавы аркестр пад кіраўніцтвам Валерыя Чачуліна і ансамбль мажарэтак «Фіеста», кіраўнік Ірына Сідарэвіч.

– Асновай любой школы з’яўляецца яе калектыў. Педагогі Вілейскай дзіцячай школы мастацтваў – гэта таленавітыя, улюбёныя ў сваю справу прафесіяналы, – адзначыў у сваім віншаванні на святочным канцэрце старшыня райвыканкама Алег Бегунец. – Вілейская школа дала пуцёўку ў прафесійнае мастацтва не аднаму дзясятку сваіх выпускнікоў, а тысячам вілейскіх хлопчыкаў і дзяўчынак прывіла эстэтычны густ. Навучэнцы Вілейскай дзіцячай школы мастацтваў з гонарам прадстаўляюць наш раён на абласных, рэспубліканскіх і міжнародных конкурсах і фестывалях – здабываючы славу вілейскай зямлі.

Сярод тых, хто віншаваў са святочнай сцэны калектыў школы і яго цяперашняга кіраўніка Наталлю Сліжову, былі намеснік старшыні райвыканкама Святлана Дзяруга, начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Сяргей Паўлоўскі, заслужаны дзеяч культуры Рэспублікі Беларусь, дырэктар Маладзечанскага дзяржаўнага музычнага каледжа імя М.К. Агінскага Рыгор Сарока, дырэктар Маладзечанскай дзіцячай школы мастацтваў Уладзімір Яцыновіч, старшыня Вілейскага раённага аб’яднання прафсаюзаў Вольга Шляпо, а таксама калегі і сябры школы.

– 65 гадоў – мала ці многа… Але за гэтыя гады Вілейская дзіцячая школа мастацтваў стала сапраўдным цэнтрам культурнага асяроддзя музычнага мастацтва, – адзначыла намеснік старшыні Вілейскага райвыканкама Святлана Дзяруга. – У сценах нашай школы ствараецца шмат прафесійных дзіцячых калектываў, якія праслаўляюць наш раён далёка за яго межамі і актыўна прапагандуюць сапраўднае высокае мастацтва. Сярод выпускнікоў школы – музыканты з сусветнымі імёнамі, пачэснае месца ў коле якіх належыць аднаму з самых значных на небасхіле прафесійнага музычнага мастацтва Беларусі – Міхаілу Казінцу, народнаму артысту Беларусі, прафесару, кіраўніку акадэмічнага народнага аркестра імя Жыновіча. Жадаю нашай музычнай школе новых творчых дасягненняў, поспехаў і таленавітых вучняў.

Увесь вечар на сцэне Палаца культуры сваё мастацтва прадстаўлялі выдатныя калектывы педагогаў і навучэнцаў школы мастацтваў – інструментальныя, харавыя, эстрадныя, харэаграфічныя. Свае творчыя віншаванні падаравала юбілярам і іх калега, выпускніца школы, дырэктар Вілейскага Цэнтра эстэтычнага выхавання, кіраўнік народнага калектыву аўтарскай песні «Элегія» Таццяна Захарыч, якая ў суправаджэнні двух выдатных калектываў школы – узорнага ансамбля гітарыстаў «Адэліта», кіраўнік Уладзімір Лапцік, і хору старэйшых класаў «Актавіка», кіраўнік Аксана Ткачэнка – выканала твор «Міншчына» нашых таленавітых землякоў – паэта Уладзіміра Цануніна і музыканта і кампазітара Уладзіміра Лапціка.

За гады сваёй працы вілейская музычная школа выпусціла не адно пакаленне музыкаў, многія з якіх звязалі сваё жыццё з музыкай і працуюць у прафесійных калектывах не толькі ў Беларусі, але і за яе межамі. Школа ганарыцца сваімі таленавітымі выпускнікамі, сярод якіх выпускнік 1957 года – Міхаіл Казінец, народны артыст Рэспублікі Беларусь, прафесар, мастацкі кіраўнік і галоўны дырыжор акадэмічнага народнага аркестра Рэспублікі Беларусь імя Жыновіча; выпускнік 1973 года – Леанід Левашкевіч, вядомы расійскі кампазітар; выпускніца школы – Валянціна Шэрых, кампазітар, член Беларускага саюза кампазітараў, і многія-многія іншыя. Дарэчы, у такі знамянальны для школы дзень з творчымі віншаваннямі прыехалі нядаўнія выпускнікі, якія прадэманстравалі сваё майстэрства ў складзе струннага квартэта «Амелія» Маладзечанскага музычнага каледжа, кіраўнік – выпускніца вілейскай школы Валерыя Маліноўская; у складзе узорнага ансамбля скрыпачоў «Камплімент» пад кіраўніцтвам Таццяны Жук – шматразовага лаўрэата абласных, рэспубліканскіх і міжнародных фестываляў і конкурсаў. А таксама павіншаваць сваю любімую школу з юбілеем прыехалі выпускнікі і вучні выдатнага педагога Фёдара Гура, чалавека, які ўжо больш за трыццаць пяць гадоў аддае сваім выхаванцам душу і сэрца, які стаяў ля вытокаў стварэння духавога аркестра школы. Сорак восем яго вучняў звязалі сваё жыццё з музыкай. На канцэрте яго выпускнікі выканалі свае торчыя нумары-падарункі ў складзе створанага Фёдарам Міхайлавічам эстрадна-джазавага ансамбля.

Слухаючы канцэрт, выдатнае і віртуознае выкананне вучняў, выпускнікоў і педагогаў школы, разумееш, якая праца ўкладзена ў гэтую падрыхтоўку. І бязмерная заслуга ў гэтым цяперашніх і былых выкладчыкаў – людзей таленавітых і творчых. Многія з іх аддалі школе 30, 40 і нават 50 гадоў. За час свайго існавання школа выгадавала не адну дынастыю музыкантаў: Шчогалевы, Лях, Валынцы, Кузьміновы, Лісюніны, Раманоўскія, Жук, Лапцікі, Анасовічы і многія іншыя. Гэтыя і іншыя прозвішчы ўжо на працягу шасцідзесяці пяці гадоў ствараюць гісторыю школы. Пачынаючы з першых педагогаў вілейскай музычнай школы, што здолелі стварыць у школе атмасферу дабра, узаемапавагі, асаблівую творчую аўру, заклаўшы тым самым выдатныя традыцыі, якія на працягу наступных дзесяцігоддзяў стараюцца захоўваць і памнажаць іх пераемнікі.

Творчых поспехаў, новых дасягненняў і далейшага развіцця жадаем Вілейскай дзіцячай школе мастацтваў.

Сяргей ГАНЧАР.
Фота аўтара

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
НОВОСТИ РУБРИКИ
Яндекс.Метрика 35 queries