Калісьці даўно на зямлі Вілейскай існавалі цудоўныя вёскі Малмыгі, Рыбчына, Пахомава, Слабада – цяпер гэтыя вёскі ў ліку зніклых. Таксама былі часткова затоплены Рабунь, Сосенка, Чыжэвічы і іншыя. Нас зацікавіў лёс людзей, якія бачылі сапраўдную Віллю і захацелася сустрэцца з імі, даведацца пра іх лёс. Перш-наперш звярнуліся ў краязнаўчы музей, дзе пазнаёміліся з матэрыяламі адсялення, распрацавалі маршруты. Так мы даведаліся, што ў 1970 годзе ўрадам рэспублікі было прынята рашэнне стварыць вадасховішча ў сувязі з тым, што прамысловасць горада Мінска патрабавала ўсё больш і больш вады.
Мы – гэта сябры турклуба “Чарапашкі” Вілейскага раённага цэнтра пазашкольнай работы. Каб “наведаць” затопленыя вёскі, напачатку нашай краязнаўчай экспедыцыі вырашылі праплыць над месцамі былых вёсак па вадасховішчы маршрутамі памяці, пабачыць ўсталяваныя на берагах жыхарамі былых вёсак Малмыгі і Рыбчына памятныя камяні. У гэтым водным паходзе было вельмі цікава, але ў той жа час і вельмі складана. Бо мы хадзілі першымі халадамі, і на вадасховішчы ад моцнага ветру падымаліся вялікія хвалі – да 4 балаў. Нашу лодку хістала збоку на бок, а веславаць трэба было без перапынку і без адпачынку. Начаваць мы спыніліся каля былой вёскі Рыбчына. З берага нам была відаць наша начная Вілейка. Яна была падобная агнямі на вялікі горад, у які вельмі хацелася патрапіць. А калі падняць галаву, то прыгожае неба, якое было ўсыпана цудоўнымі зорамі, літаральна цягнула да сябе ў вышыню. А калі мы вярталіся да дому, вецер сціх, і плыць было хораша.
Наступныя вандроўкі экспедыцыі па затопленых вёсках – у Рабунь, Чыжэвічы, Касуту, Вязынь і іншыя, былі пешымі, бо вадасховішча пакрылася ільдом. Хадзілі ў паходы, начавалі ў лесе і ў школах. Начаваць у лесе непадрыхтаваным людзям было б холадна, але мы паставім печку ў палатку, дровы патрэскваюць у ёй, – і тады становіцца цёпла і ўтульна. У школе было добра начаваць, бо там цёпла і менш працы. Але разам з тым у школе не цікава, таму што зусім не тыя пачуцці.
Галоўная наша задача была пазнаёміцца з жыхарамі адселеных вёсак, каб пачуць сапраўдную гісторыю іх лёсаў з першых вуснаў. Адсялялі і перавозілі сем’і пераважна ў бліжэйшыя вёскі, але некаторыя выбралі сабе месцам жыхарства Вілейку, Маладзечна і нават Пецярбург. У Чыжэвічах, напрыклад, ёсць вуліцы Малмыжская і Касуцкая, а вуліцу перасяленцаў з вёскі Рыбчына, адпаведна, у Вязыні называюць Рыбчанскай. Распытвалі пра жыццё таго часу, пра долю, пра першыя пачуцці пры паведамленні аб адсяленні. Як высветлілася, гэтую навіну жыхары вёсак успрынялі па-рознаму. Маладыя былі задаволеныя, бо ў іх вёсках не было такой перспектывы, як у горадзе. А для старэйшых жыхароў гэта было вялікае гора. Яны часта плакалі, перажывалі.
Няхай не крыўдзяцца добрыя людзі, якія пусцілі нас у хату і дзяліліся ўспамінамі, што не маем магчымасці распавесці пра іх усіх. Бо іх лёс закрануў некалькі гістарычных эпох і таму амаль кожны аповед патрабуе кніжнага, а не газетнага аб’ёму.
…А зараз мы паведамім пра вёску Рыбчына. У гэтай вёсцы было 117 двароў і 504 жыхары.Мы сустрэліся з некаторымі людзьмі з вёскі Рыбчына, і яны нам расказалі некалькі момантаў са свайго жыцця. Людзі не ўяўлялі сябе без ракі Рыбчанкі (Ілія), бо ўсё іх дзяцінства было звязана з ракой. Вада ў ёй была такая чыстая, што былі відаць усе камянёчкі і залацісты пясочак. Было вельмі многа ўсякай рыбы: плотка, шчупакі, ментузы, сустракаліся карасі і шмат іншых. Людзі лавілі рыбу рукамі або хусткай. Рабілі гэта так: дзве дзяўчыны бралі хустку за рагі, а трэццяя заганяла рыбу, потым хутка падымалі хустку. Гэта ж колькі ў рэчцы было рыбы!
Увесну па гэтай рацэ сплаўлялі лес. Бярвенне плыло, запаўняючы ўсю раку, ад берага да берага. Каб перабрацца на той бок, дзеці пераскоквалі з бярвяна на бярвяно. Зразумела, гэта было небяспечна, але ніхто ніколі не патануў.
Праз Рыбчанку жыхары вёскі рабілі масточак, які кожны год трэба было адбудоўваць. Бо вясной па рацэ плылі вялізныя крыгі ільда і гэты масточак зносілі.
Былая жыхарка вёскі Рыбчына Соніч Раіса Пятроўна расказала нам, як зімой жанчыны ткалі з лёну палотны, ручнікі, посцілкі і іншыя вырабы. Гэтыя вырабы былі з ільну, а лён сам па сабе руды, і яго трэба было адбяліць,каб ён набыў прыемны выгляд. Рабілі гэта так: вясной акуналі іх у раку і клалі сушыцца на луг. Калі тканіна высыхала, трэба было зноў яе намачыць. І гэтак прыходзілася рабіць разоў сто. Па колькасці сатканых палотнаў можна было меркаваць аб працавітасці дзяўчыны і яе вартасці як жонкі.
А яшчэ Раіса Пятроўна казала, что гэтую вёску не хацеў пакідаць ніхто, нават жывёла. У яе сям’і быў такі выпадак. З вёскі Рыбчына яны перавезлі ў Вілейку карову, але праз некалькі дзён карова прапала. Яе шукалі два дні, але ніяк не маглі знайсці. Потым адзін з суседзяў параіў пашукаць яе ў Рыбчына. Гаспадары паехалі туды і ў хляве, які яшчэ не паспелі знесці, убачылі карову. Гэты выпадак паўтараўся яшчэ некалькі разоў.
Таксама Раіса Пятроўна крыху расказала як узнікла царква, што знаходзілася ў вёсцы Пахомава. ”Адна жанчына прысніла сон,у якім пабачыла, як на сасне вісіць іконка. Тады гэтая жанчына пайшла да бацюшкі і расказала пра сон. Ён ей сказаў, что гэта выпадковы сон, жанчына і пайшла дадому. На наступную ноч ей зноў прысніўся гэты самы сон. Яна зноў пайшла да бацюшкі,расказала яму, што ёй зноў прысніўся той самы сон. Тады ён спытаў, ці зможа яна паказаць гэтае месца. Яна адказала, што зможа, і павяла яго. Калі яны прыйшлі на тое самае мястэчка, дык сапраўды ўбачылі, што на сасне вісела іконка. І тады на гэтым месцы вырашылі пабудаваць царкву.”
Даўно няма ўжо ні Пахомава, ні царквы. На гэтым месцы сёння толькі хвалі рукатворнага мора. Але на беразе вадасховішча ля памятнага камяня кожны год на Сёмуху збіраюцца былыя жыхары і іх нашчадкі. Загінуўшыя вёскі назаўседы застануцца ў сэрцах іх жыхароў.
Таццяна КОРСАК, вучаніца гімназіі №1
і вучаніца гімназіі №2 Юльяна ГВОЗД, сябры турклуба “Чарапашкі”.
Фота прадастаўлена Міхаілам ПЕТУХАМ


