Шлях Перамогі

Вилейская районная газета – свежие и интересные новости

Ёсць у Вязыні «Святліца»

Гэты год для членаў сацыяльнага пункта Вязыні юбілейны. У далёкім, але такім блізкім для нас, 2009 годзе была створана наша валанцёрская група «Святліца». Не сорамна нам сёння азірнуцца назад. Колькі незабыўных праектаў, свят, сустрэч з удзельнікамі Вялікай Айчыннай вайны і вязнямі, ветэранамі працы мы правялі.

Гартаю дзённік праведзеных мерапрыемстваў у мінулыя гады. І ўсплываюць у памяці тыя дні, калі мы, тады яшчэ маладзейшыя, асвойвалі сакрэты валанцёрскай работы. Нам прыйшлося быць піянерамі ў арганізацыі валанцёрскага руху. Дзякуючы дакументацыі, распрацаванай Вілейскім ТЦСАН, мы пазнаёміліся з правамі і абавязкамі валанцёраў, з задачамі планавання работы. Не менш важна было стварыць групу аднадумцаў, людзей, якія маглі б бязвыплатна дапамагаць іншым, прыносіць карысць грамадству, умацоўваць кантакты і сувязі з іншымі арганізацыямі, выконваць цікавыя і разнастайныя заданні, разумець карыснасць праводзімай работы. Вялікую карысць для нас з Таццянай Дзям’янаўнай Філістовіч меў форум у рамках праекта «Место встречи – Диалог», каардынатарам якога з’яўляецца ТАА «Взаимопонимание». Удзельнічаючы ў рабоце форума, мы мелі магчымасць спасцігнуць новыя формы правядзення розных мерапрыемстваў, якія ўкаранялі ў практыку сваёй работы. Я рада, што ўдалося стварыць працаздольную групу. Усе яе члены – людзі творчыя, пры тым кожны з іх мае свае захапленні.

Для мяне прыкладам у рабоце з’яўляюцца нашы старэйшыя сяброўкі Траццякова Любоў Аляксееўна і Філістовіч Таццяна Дзям’янаўна. У мінулым настаўніцы, а цяпер у свае слаўныя юбілеі яны нястомныя ў працы, штурхаюць нас на добрыя ідэі і самі актыўна іх рэалізуюць. У іх можна павучыцца чалавечай мудрасці, крэатыўнасці, любові да жыцця і людзей. А гарманістку Любу Гамолка ведаюць усе. Яе сябар гармонік дапамагаў і дапамагае ладзіць міні-канцэрты на даму ў юбіляраў, пры правядзенні традыцыйных свят. «Калі пачую, што трэба рыхтаваць чарговую выставу, кампазіцыю, у мяне адразу падымаецца настрой», – прызнаецца Любоў. Наогул, ствараць вобразы, карціны, выставы мы ўсе любім. Прапагандуем творчасць і нашых землякоў у час правядзення семінараў: міждзяржаўнага ў в. Шчукі, абласных, раённых, вясковых («Шчаслівае падвор’е», «Дажынкі», «Вясёлы агарод», «Купалле», «Люблю цябе, мой родны край» і інш). Таіса Пакладок любіць рыхтаваць падарункі нам і землякам, у яе ёсць густ і талент мадэліравання. Данута Севярына не раз дэманстравала свае вышыванкі-шэдэўры. Яе работы высока ацаніла рэспубліканская камісія, знаёмячыся з работай нашага сацыяльнага пункта. Данута добра спявае, мы з ёй часта выступаем дуэтам.

Нядаўна папоўнілі нашу групу Тамара Кузьмінова і Таццяна Непакупная. Яны адразу ж актыўна ўключыліся ў работу па праекту «Зямля маіх бацькоў». Напісалі даследчыя работы, як і ўсе члены групы, па гісторыі родных вёсак. Гэта працаёмкая работа, і мы задаволены, што наша праца напісана для нашых дзяцей і ўнукаў. Пройдуць дзесяцігоддзі, і нашы нашчадкі змогуць даведацца, як жылі іх бацькі, дзяды, прадзеды. Чым займаліся, што цанілі, у што верылі. Памяць аднае пакаленні.

А зараз мы ажыццяўляем праект «Пазнай і адкрый сябе». Прайшлі ўжо заняткі з нашым псіхолагам Кажэцкай Любоўю Міхайлаўнай. У аснове праекта – знаёмства з літаратурай па маральна-духоўным выхаванні, якая дапамагае карэкціраваць свае паводзіны, узаемаадносіны з людзьмі ў розных жыццёвых сітуацыях, будаваць храм душы, маральнае здароўе. Сёння больш клапоцяцца пра фізічнае здароўе, арганізуючы школы здаровага ладу жыцця, прапагандуючы яго. Гэта патрэбна. Чалавек імкнецца змагацца з хваробамі цялеснымі, але часта ён бездапаможны супраць заган духоўных, таму што неадукаваны, неасвечаны. Чысціню душы трэба берагчы ад нараджэння і да смерці, як зрэнку вока. Пра гэта гаварыла на нашым чарговым пасяджэнні Кузьмінова Тамара Мікалаеўна, аналізуючы некаторыя раздзелы кнігі У. С. Ліпскага «Жыві сёння». Яна выдзеліла асветленыя ў кнізе пытанні духоўнага выхавання, малітвы дзецям, пакаяння. Гэтыя ж пытанні ярка асветлены ў кнізе Крэчатава «О самом важном». Я чытала некаторыя вытрымкі з кнігі мудрага протаіярэя, якія вучаць нас любіць людзей, аналізаваць свае паводзіны, жыць у гармоніі з прыродай, у міры з самім сабой. Дарэчы, Таццяна Дзям’янаўна рыхтуе цікавае паведамленне з правядзеннем майстар-клас «Вясёлка кветак».

Мы рады, што можам рэалізаваць свае ўменні і навыкі ў рабоце з маладым пакаленнем і пажылымі людзьмі. Удзячны адміністрацыі Вязынскай школы, што запрашае нас на сустрэчы з вучнямі, дзе мы можам падзяліцца сваім жыццёвым вопытам, расказаць пра нашу цікавую работу і праводзіць сумесныя традыцыйныя святы. Часта наведваем мы і жыхароў Дома сезоннага пражывання. 2 студзеня віншавалі нашу Надзейку з 90-годдзем, а там і 90-годдзе нашай любімай Любові Аляксееўны Траццяковай. Дай Бог ім радасці і шчаслівага жыцця да апошніх дзён.

Мы дзякуем сёння Вілейскаму ТЦСАН за тое, што ў свой час дапамог нам з’яднацца ў адзінай сям’і, дапамог у адкрыцці многіх таямніц гарадоў і прыродных аб’ектаў, здзейсніць падарожжы ў сталічныя тэатры і музеі. Нязменнымі падарожнікамі з намі заўсёды былі Макарава Марына Паўлаўна і Лемеш Марыя Дзмітрыеўна, людзі, улюбёныя ў сваю справу і людзей шаноўнага ўзросту. Мы жадаем усім работнікам Вілейскага сацыяльнага цэнтра натхнення, цярпення і моцнага здароўя ў такой патрэбнай рабоце. Дапамагаць людзям – пачэсная справа.

Раіса ФІЛІСТОВІЧ, кіраўнік сацыяльнага пункта

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 44 queries