Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

СЯМ’Я – 28 чалавек…

Сям’я. Сем «Я». Сем чалавек у сям’і. «Гэта так цяжка! – скажа сучасны чалавек. Вырасціць чалавека сапраўды цяжка. Але як прыемна тады сустракацца з сем’ямі сваіх дзяцей, быць разам з імі, дзяліць з імі радасці і гора. Ніколі не будзеш адзін, нават жывучы ў самай глыбінцы. Сучасныя сродкі зносін гэтаму асабліва спрыяюць.
Сёння хачу пазнаёміць, дарагія чытачы, з дзіўным і незвычайным чалавекам з глыбінкі – вёскі Сакалоўка Вілейскага раёна, якая знаходзіцца на самай мяжы з Лагойскім раёнам. Расцянулася вёска ў адну вуліцу аж на два кіламетры. Але сёння стала жывуць толькі чалавек 15. А астатнія хаты – гэта летнікі. Дзеці некалі з’ехалі жыць у Мінск, а на выхадныя вяртаюцца ў бацькоўскія хаты на адпачынак. Некаторыя, выйшаўшы на пенсію, пакінулі кватэру дзецям, а самі жывуць у вёсцы.
Валовік Ларыса Міхайлаўна прыехала жыць у Сакалоўку ў далекім 1966 годзе, калі выйшла замуж за мясцовага кінамеханіка Лёніка. Маладая, энергічная, паспявала і на работу хадзіць аж за 15 кіламетраў на шклозавод «Залессе», і дома свякроўцы дапамагчы. Калі ж нарадзіла першую дачушку, то пайшла працаваць на ферму даяркай у Сакалоўцы (дэкрэтнага адпачынку тады, можна сказаць, не было – усяго 2 месяцы). Ужо не 15, а толькі 2 кіламетры, але тройчы на дзень туды і назад. Леначка, праз два гады Таня, затым Аня… Добра, што свякроў Стэпачка дапамагала, хоць часта са сваркай і папрокамі. Чаго не бывае ў сям’і! Дзяўчаткі раслі, дапамагалі па гаспадарцы, а хутка і на ферме. Старэйшыя самі з 6-7 гадоў даілі кароў, у той час аўтаматызацыі не было. За добрую работу, а таксама як адной з першых, хто асвоіў даільныя апараты, Ларысу Міхайлаўну павысілі – назначылі загадчыцай МТФ «Сакалоўка». Тут пачаліся больш сур’ёзныя пытанні: патрэбна вырашаць праблемы з кадрамі, часта самой даводзілася і даіць кароў, і пасвіць, і шукаць па лесе, калі  пастух праспіць. А яшчэ весці дакументацыю, што таксама складана для жанчыны, якая закончыла толькі школу.
З цягам часу з’явілася яшчэ адна дачушка Ніна. Вельмі хацелі сыночка, але лёс не падараваў яго. Дом, работа, дом… І так кожны дзень. А летам у ягады. За чарніцы купіць дзяўчаткам школьную форму, падручнікі, сшыткі. Зарплата даяркі малая. На ўсё не хапала. Муж зарабляў трохі больш, так як быў добрым спецыялістам-электрыкам, але заўсёды дома яго не было. Усё ў раз’ездах па вёсках. А дзяўчатак трэба апрануць і вывучыць.
Час бяжыць… Менавіта бяжыць. Ужо і дзяўчаткі выраслі, кожную выдала замуж, зрабіла вяселле ўсім, дапамагала з мужам пабудаваць кожнай дом, вырасціць ўнукаў. Сям’я пабольшала, і значна, нягледзячы на тое, што памёр любы муж Лёнік, з якім пражылі без малога 50 год. З’явіліся і сямейныя традыцыі: кожны Вялікдзень і Каляды святкаваць разам з матуляй. Таму ў Сакалоўку з’язджаецца вялікая сям’я Ларысы Міхайлаўны. А гэта чатыры дачкі з зяцямі, 10 унукаў, а сёння ўжо і 6 праўнукаў. А нагода сапраўды важная: на каталіцкія Каляды Ларысе Міхайлаўне споўнілася 70 год. 28 чалавек – вось сям’я дык сям’я. А яшчэ Ларыса Міхайлаўна – добрая і ўважлівая сяброўка для чатырох сваіх родных сястрыц.
Сёння Валовік Ларыса Міхайлаўна – актыўная валанцёрка, заўсёды дапаможа кожнаму ў вёсцы, рашае пытанні мясцовых, так як з’яўляецца старастам. Добрая, уважлівая, кожнага выслухае, параіць нешта, праверыць, ці жывы чалавек (адзінокіх многа ў вёсцы),  калі трэба, то і прыбяжыць на зоў аднасяльчан. Маці Тэрэза – па-добраму называюць людзі Ларысу Міхайлаўну. Хочацца павіншаваць яе з днём нараджэння і пажадаць перш за ўсё моцнага здароўя, ласкавых і ветлівых позіркаў аднасяльчан і родных, утульнасці жылля і лёгкасці яе нагам. Хай Новы год прынясе толькі добрае і прыемнае.
Алена МАЧЭЛЬ.
Фота прадстаўлена аўтарам
Visited 21 times, 1 visit(s) today
Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
НОВОСТИ РУБРИКИ
Яндекс.Метрика 226 queries