Шлях Перамогі

Вилейская районная газета – свежие и интересные новости

КАМУНІСТЫЧНАЯ ПАРТЫЯ БЕЛАРУСІ: да 100-годдзя з дня заснавання, 30-31 снежня 1918 года

Камуністычная партыя Беларусі (КПБ), да 1952 года Камуністычная партыя (бальшавікоў) Беларусі (КП(б)Б) – палітычная арганізацыя, да 1991 года – састаўная частка Камуністычнай партыі Савецкага Саюза (КПСС).

Арганізацыйна аформілася на VI Паўночна-Заходняй абласной канферэнцыі Расійскай камуністычнай партыі бальшавікоў (РКП(б)) 30-31 снежня 1918 года, якая праходзіла ў Смаленску. 206 яе дэлегатаў прадстаўлялі 17 771 камуністаў ад партыйных арганізацый Мінскай, Магілёўскай, Віцебскай, Смаленскай і беларускіх партыйных арганізацый Віленскай і Чарнігаўскай губерній. Па прапанове старшыні Паўночна-Заходняга абласнога камітэта А.Ф.Мяснікова (сапр. Мяснікян) канферэнцыя абвясціла сябе «І з’ездам Камуністычнай партыі (бальшавікоў) Беларускай Рэспублікі».

У рашэннях з’езда падкрэслівалася, што работу ўсіх партыйных арганізацый узначальвае Цэнтральнае Бюро, якое з’яўляецца «вярхоўным органам у рэспубліцы і верным вокам Цэнтральнага Камітэта Камуністычнай партыі ўсіх расійскіх савецкіх сацыялістычных рэспублік». Старшынёй Цэнтральнага Бюро КП(б)Б быў выбраны Вільгельм Кнорын. Цэнтральным друкаваным органам партыі стала газета «Звязда».

Адным з галоўных на 1-ым з’ездзе было пытанне пра беларускую дзяржаўнасць. У Цэнтральным Камітэце быў падрыхтаваны Маніфест аб стварэнні «самастойнай Сацыялістычнай Рэспублікі Беларусь». З’езд абвясціў аб стварэнні 1 студзеня 1919 года «Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі Беларусь».

5 студзеня 1919 года Часовы рабоча-сялянскі савецкі ўрад Беларусі і Цэнтральнае Бюро КП(б)Б пераехалі са Смаленску ў Мінск. Пачалася падрыхтоўка да Першага Усебеларускага з’езда Саветаў (адбыўся 2-3 лютага 1919 года ў Мінску), які павінен быў надаць законнасць партыйным рашэнням. На мітынгах і сходах прымаліся рэзалюцыі аб даверы партыі бальшавікоў і падтрымцы савецкай улады.

4-6 сакавіка 1919 года ў Вільні адбыўся другі аб’яднаўчы з’езд КП(б)Б, скліканне якога было абумоўлена ўтварэннем Літоўска-Беларускай Сацыялістычнай Рэспублікі (ЛітБел). У рэзалюцыі «Аб аб’яднанні Камуністычных партый Літвы і Беларусі» з’езд вітаў утварэнне Літоўска-Беларускай Сацыялістычнай Рэспублікі і пастанавіў аб’яднаць Кампартыю Беларусі і Кампартыю Літвы і Заходняй Беларусі у адзіную Камуністычную партыю (бальшавікоў) Літвы і Беларусі (КП(б)ЛіБ) «як неад’емную частку РКП(б)». Старшынёй Прэзідыума ЦК КП(б)ЛіБ быў выбраны В. Міцкявічус-Капсукас, сакратаром ЦК – В. Кнорын. Сярод 15 членаў Прэзідыума ЦК КП(б) Літвы і Беларусі не было ніводнага беларуса. Цэнтральнымі органамі КП(б)ЛіБ вызначаліся газеты: «Звезда» на рускай мове, «Mlot» («Молат») на польскай, «Kommunistas» («Камуніст») на літоўскай, «Дэр Штэрн» («Зорка») на яўрэйскай мове.

З абвяшчэннем незалежнасці Літвы ў маі 1920 года і заключэннем мірнага дагавора паміж РСФСР і Літвой ЛітБел ССР фактычна перастала існаваць, як і Камуністычная партыя (бальшавікоў) Літвы і Беларусі.

Трэці з’езд Камуністычнай партыі (бальшавікоў) Беларусі адбыўся ў лістападзе 1920 года. Гэты і ўсе наступныя з’езды праходзілі ў Мінску.

Адначасова з Камуністычнай партыяй (бальшавікоў) Беларусі ствараўся і камсамол рэспублікі (ЛКСМБ), малодшы брат партыі – арганізацыя, праз якую моладзь далучалася да сферы партыйна-палітычнага і ідэалагічнага ўплыву, набывала вопыт арганізацыйнай работы і потым папаўняла рады кампартыі.

Камуністычная партыя Беларусі праіснавала 75 год. Крызіс пачатку 1990-х гадоў зрабіў сваю справу. 31 студзеня 1991 года набыў сілу Закон СССР «Аб грамадскіх аб’яднаннях», што ўзмацніла працэс пераходу да шматпартыйнасці і на Беларусі. 4-ая сесія Вярхоўнага Савета БССР у чэрвені 1990 года разгледзела пытанне аб дэпартызацыі дзяржаўных прадпрыемстваў і арганізацый. За 1990 год з Кампартыі Беларусі добраахвотна выйшлі больш за 53 тысячы чалавек, было выключана больш за 22 тысячы. Рэзка скарацілася колькасць жадаючых уступіць у партыю, асабліва сярод рабочых і моладзі. Многія камуністы адыходзілі ад удзелу ў палітычным і грамадскім жыцці.
25 жніўня 1991 года Вярхоўны Савет БССР, большасць якога складалі камуністы, прыняў пастанову «Аб часовым прыпыненні дзейнасці КПСС – КПБ на тэрыторыі Беларусі». Гэта азначала забарону КПБ і заканадаўчае адхіленне яе ад улады, якая перайшла ў рукі Вярхоўнага Савета БССР.
19 верасня 1991 года БССР перайменавана ў Рэспубліку Беларусь. 10 снежня 1991 года, паводле пастановы Вярхоўнага Савета «Аб уласнасці КПСС-КПБ», партыйная ўласнасць перададзена дзяржаве. У гэты дзень Вярхоўны Савет ратыфікаваў Пагадненне аб утварэнні Садружнасці Незалежных Дзяржаў (СНД) і дэнансаваў дагавор 1922 года аб утварэнні СССР.

Існаванне Камуністычнай партыі Беларусі як неад’емнай часткі КПСС страціла сэнс. Пераемніцай КПБ абвясціла сябе Партыя камуністаў Беларусі (ПКБ, зарэгістрыравана 26 мая 1992 года). XXXII з’езд Камуністычнай партыі Беларусі (нечарговы, май 1993 года) і II з’езд Партыі Камуністаў Беларусі прынялі рашэнне аб аб’яднанні. Камуністычная партыя Беларусі спыніла сваё існаванне.
Але ў 1996 годзе адбылося аднаўленне дзейнасці Камуністычнай партыі Беларусі. 2 лістапада 1996 года адбыўся XXXIII (I аднаўленчы) з’езд КПБ. 400 дэлегатаў прадстаўлялі 1160 заснавальнікаў партыі, якая абвясціла сябе пераемніцай КПБ-КПСС. Старшынёй Вышэйшага Савета партыі быў абраны Яфрэм Сакалоў, 1-ым сакратаром – Віктар Чыкін. На пачатку 1997 года партыя налічвала 7 тысяч членаў. Партыя падтрымлівае палітыку Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь і сёння з’яўляецца самай буйной камуністычнай арганізацыяй у рэспубліцы. Першы сакратар ЦК КПБ – Сокал Аляксей Мікалаевіч.

Працягвае сваю актыўную дзейнасць і Партыя Камуністаў Беларусі, створаная на Устаноўчым з’ездзе, які праходзіў ў Мінску 7 снежня 1991 года. Устаноўчы з’езд прыняў Праграмную заяву новай партыі, абраў Палітычны выканаўчы камітэт. 25 кастрычніка 2009 года дэлегаты XII пазачарговага з’езду прагаласавалі за новую назву «Беларуская партыя левых «Справядлівы свет». Старшыня партыі – Калякін Сяргей Іванавіч.

Менавіта, дзякуючы Камуністычнай партыі Беларусі, калі можна так сказаць, у Вілейцы з’явіўся краязнаўчы музей. 30 ліпеня 1982 года Цэнтральны камітэт КПБ прыняў Пастанову аб стварэнні Вілейскага гісторыка-краязнаўчага музея. Адпаведнае рашэнне падпісаў Кісялёў Ціхан Якаўлевіч, на той час 1-ы сакратар ЦК КПБ. Зараз у фондах нашага музея захоўваецца значная колькасць матэрыялаў аб дзейнасці КПБ, абласных, раённых, сельскіх партарганізацый; Вілейскага гарадскога (раённага) камітэта КПБ, іх кіраўніках, ветэранах партыі і г.д.

За 75 год існавання Кампартыі Беларусі яе кіраўнікамі ў розны час сталі 20 чалавек. Больш за ўсіх іншых, на працягу 15 гадоў (1965-1980), Камуністычную партыю Беларусі ўзначальваў Пётр Міронавіч Машэраў. Менавіта на гэты час прыпадае развіццё і росквіт Беларусі.

Мы, віляйчане, павінны ганарыцца, што частка жыцця гэтага легендарнага чалавека звязана і з Вілейшчынай. У гады Вялікай Айчыннай вайны Пётр Міронавіч Машэраў – 1-ы сакратар Вілейскага падпольнага абласнога камітэта камсамола. Пасля вызвалення – з ліпеня 1944 года – узначальвае Вілейскі абласны камітэт камсамола, а з верасня 1944 года – 1-ы сакратар Маладзечанскага абкама камсамола, у сувязі з пераносам цэнтра вобласці ў г. Маладзечна. Да лета 1945 года П.М. Машэраў з сям’ёй жыў у Вілейцы па вул. Чырвонаармейскай. Тут у красавіку 1945 года нарадзілася яго дачка Наталля, тут ён сустрэў вялікае свята – Дзень Перамогі.

Зараз на будынку па вул. Партызанскай, 44, дзе пасля вызвалення размяшчаўся Вілейскі абласны камітэт камсамола, усталявана мемарыяльная дошка, да 90-годдзя з дня нараджэння Пятра Міронавіча Машэрава пасаджана дрэўца на алеі Герояў Цэнтральнай плошчы горада. Імя Машэрава носіць адна з вуліц Вілейкі.

Вольга КОЛАСАВА, навуковы супрацоўнік Вілейскага краязнаўчага музея

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
НОВОСТИ РУБРИКИ
Яндекс.Метрика 31 queries