Перадумовамі стварэння і абвяшчэння Беларускай ССР быў уздым нацыянальна-вызваленчага руху ў Беларусі, у прыватнасці, абвяшчэнне 25 сакавіка 1918 года Беларускай Народнай Рэспублікі, што падштурхнула бальшавіцкі ўрад у Маскве да фармальнага прызнання права беларускага народа на самавызначэнне і нацыянальную дзяржаўнасць.

Пасля паражэння Германіі ў Першай сусветнай вайне і эвакуацыі германскіх войск з тэрыторыі Беларусі зноў паўстала пытанне аб утварэнні беларускай нацыянальнай дзяржаўнасці. Але па гэтым пытанні ізноў не было адзінай думкі.
Кіраўніцтва Паўночна-Заходняга абкама РКП(б), які ўзначальвалі дарэчы не беларусы, лічылі, што Беларусь павінна быць тэрытарыяльнай адміністрацыйна-гаспадарчай адзінкай РСФСР. Беларусы, на іх думку, не з’яўляюцца самастойнай нацыяй і што тыя этнаграфічныя асаблівасці, якія іх адрозніваюць ад рускіх, павінны быць ліквідаваны. Гэтай жа думкі прытрымліваліся і некаторыя кіраўнікі цэнтральных органаў РСФСР. Хаця дакладна вядома, што У. І. Ленін яшчэ ў верасні 1917 года гаварыў аб неабходнасці самастойнасці беларусаў як нацыі. У сваім артыкуле «Удержат ли большевики государственную власть» ён пісаў аб аднаўленні «полной свободы для Финляндии, Украины, Беларуси, для мусульман…».

Іншую пазіцыю па пытанні аб нацыянальным лёсе Беларусі адстойваў Беларускі нацыянальны камісарыят (Белнацкам), утвораны 31 студзеня 1918 года пры камісарыяце па справах нацыянальнасцей РСФСР. Кіраўнікі Белнацкама А. Чарвякоў, З.Жылуновіч і іншыя лічылі неабходным стварэнне Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі і ўстанаўленне цесных сувязей з РСФСР (на прынцыпах аўтаноміі). Гэту пазіцыю падтрымлівала і Цэнтральнае бюро беларускіх секцый РКП(б), арганізаваных з бежанцаў-беларусаў у розных гарадах Расіі.
Белнацкам і кіраўнікі беларускіх секцый зрабілі шмат намаганняў, каб здзейсніць свае планы. Так, у верасні 1918 года дэлегацыя Белнацкама на чале з В. Лагуном прыехала ў Смаленск і прапанавала Паўночна-Заходняму абкаму партыі абмеркаваць праект «Аб перайменаванні Заходняй вобласці ў Беларуска-Літоўскую». Тым самым Белнацкам хацеў хоць часткова, хоць па назве, зрабіць першы крок у напрамку стварэння нацыянальнай дзяржаўнасці народаў гэтага краю. Аднак абкам не прыняў дадзенай прапановы.

Пасля таго, як былі абвешчаны дэкрэты Савета Народных Камісараў РСФСР аб прызнанні незалежнасці Эстоніі, Літвы і Латвіі у газеце Белнацкама «Дзянніца»19 лістапада 1918 года з’явіўся артыкул пад назвай «Як жа з Беларуссю?». Яго аўтар, рэдактар газеты З. Жылуновіч, абвінаваціў камісара па нацыянальных справах і кіраўнікоў Заходняй вобласці ў абыякавых адносінах да Беларусі.
21-23 снежня 1918 года ў Маскве адбылася канферэнцыя беларускіх секцый РКП(б), якая абмеркавала пытанне аб палітычным становішчы Беларусі, нацыянальнае і некаторыя іншыя пытанні. Канферэнцыя паслала прывітальную тэлеграму У.І. Леніну, у якой дэлегаты выказвалі надзею і ўпэўненасць у тым, што Савецкі ўрад, «праводзячы ў жыццё прынцыпы федэратыўнага сацыялістычнага будаўніцтва» здзейсніць ідэю стварэння Савецкай Беларусі.

30 снежня 1918 года ў Смаленску пачала работу VI Паўночна-Заходняя абласная партыйная канферэнцыя, на якую прыбыло 206 дэлегатаў з партыйных арганізацый Мінскай, Магілёўскай, Віцебскай, часткі Чарнігаўскай і Віленскай губерняў. З дакладам выступіў старшыня Паўночна-Заходняга абласнога камітэта РКП(б) А.Ф. Мяснікоў. Ён зрабіў аналіз міжнароднага і ўнутранага становішча Савецкай краіны і задач у галіне партыйнага, дзяржаўнага і гаспадарчага будаўніцтва і на падставе рашэння ЦК РКП(б) абгрунтаваў неабходнасць абвясціць у гэтых умовах Сацыялістычную Савецкую Рэспубліку Беларусь. Дэлегаты аднадушна выказаліся за абвяшчэнне ССРБ. У рашэнні канферэнцыі гаварылася: «VI абласная канферэнцыя бальшавікоў лічыць неабходным абвясціць самастойную Сацыялістычную Рэспубліку Беларусь з тэрыторыяй Мінскай, Гродзенскай, Магілёўскай, Віцебскай і Смаленскай губерняў». Адначасова А.Ф. Мяснікоў выказаў прапанову аб перайменаванні VI Паўночна-Заходняй абласной канферэнцыі ў І з’езд Камуністычнай партыі (бальшавікоў) Беларусі, якая аднадушна была прынята дэлегатамі. КП(б)Б абвяшчалася састаўной і неад’емнай часткай РКП(б).
З’езд выбраў кіруючы орган КП(б)Б – Цэнтральнае бюро. 31 снежня 1918 года адбылося яго першае пасяджэнне. Быў выбраны Прэзідыум ЦК КП(б)Б у складзе А.Ф. Мяснікова, М.І. Калмановіча і В.Г.Кнорына. Старшынёй Прэзідыума стаў Мяснікоў, сакратаром – Кнорын. Цэнтральнае бюро абмеркавала таксама пытанне пра тэрыторыю ССРБ, склад Часовага рэвалюцыйнага рабоча-сялянскага ўрада ССРБ і абнародаванне Маніфеста пра абвяшчэнне ССРБ. Старшынёй урада быў зацверджаны З.Х. Жылуновіч, членамі А.Ф. Мяснікоў, А.Р. Чарвякоў, С. Іваноў і іншыя, усяго 17 чалавек.
Вечарам 1 студзеня 1919 года па радыё быў абнародаваны Маніфест у сувязі з утварэннем Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі Беларусь. «З сённяшняга дня Беларусь, – гаварылася у ім, – Савецкая рэспубліка, становіцца рэспублікай працоўнага народа, рабочых, сялянскай беднаты і чырвонаармейцаў».
Гэты дзень – 1 студзеня 1919 года – увайшоў у гісторыю беларускага народа як дзень нараджэння Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі Беларусь.
Першы з’езд Камуністычнай партыі (бальшавікоў) Беларусі, які абвясціў аб утварэнні ССРБ, праходзіў у адным з найпрыгажэйшых гістарычных будынкаў Смаленска: да Кастрычніцкай рэвалюцыі тут размяшчаўся Дваранскі сход, пасля – Дом Саветаў, з 1988 года і па сённяшні дзень – абласная філармонія. У гэтай сувязі некаторыя жыхары Смаленска, паказваючы на прыгожы будынак у самым цэнтры горада, называюць яго «родильным домом Беларуси».
5 студзеня 1919 года Часовы рэвалюцыны рабоча-сялянскі ўрад Беларусі і Цэнтральнае Бюро КП(б)Б пераехалі з Смаленска ў Мінск, які з гэтага часу і стаў сталіцай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі Беларусь.
2-3 лютага 1919 года ў Мінску адбыўся І Усебеларускі з’езд Саветаў рабочых, сялянскіх і чырвонаармейскіх дэпутатаў Беларусі. На з’ездзе прысутнічалі 230 дэлегатаў – 213 членаў партыі і 13 спачуваючых. У рабоце з’езда таксама прынялі ўдзел Я.М. Свярдлоў, старшыня Усерасійскага Цэнтральнага Выканаўчага Камітэта і старшыня ўрада Літвы В.С. Міцкявічус-Капсукас. Зъезд праходзіў у будынку гарадскога тэатра, цяпер тут Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы.
І Усебеларускі з’езд Саветаў прыняў Канстытуцыю ССРБ – асноўны закон рэспублікі на пачатковым этапе яе развіцця,зацвердзіў герб і сцяг Беларусі, а таксама пастанову аб аб’яднанні беларускай і літоўскай рэспублік у адну дзяржаву – Літоўска-Беларускую ССР (ЛітБел). Гэта рашэнне зноў жа было праведзена паводле ўказання ЦК РКП(б) і вызвала шмат супярэчлівых думак і поглядаў. Але ж, галоўнымі матывамі аб’яднання былі названы наступныя: пагроза новай вайны з боку Польшчы, а таксама неабходнасць, як аб гэтым заявіў Я.М. Свярдлоў на пасяджэнні ЦБ КП(б)Б 2 лютага 1919 года «защитить эти республики от возможного проявления в них национально-шовинистических стремлений».
У склад ЛітБел ССР ўвайшла тэрыторыя Мінскай, Гродзенскай, Віленскай, Ковенскай і частка Сувалкаўскай губерняў з больш як 4-х мільённым насельніцтвам. Сталіцай аб’яднанай дзяржавы стаў горад Вільня. Віцебская і Магілёўская губерні ў склад ЛітБел ССР не ўвайшлі, яны ў гэты час з’яўляліся тэрыторыяй РСФСР.
Так Беларуская Савецкая Рэспубліка праз месяц пасля абвяшчэння незалежнасці і ўтварэння сваёй дзяржаўнасці стала часткай аб’яднанай дзяржавы – Літоўска-Беларускай ССР.
8 красавіка 1919 года, у сувязі з польскай інтэрвенцыяй, ЦВК Літоўска-Беларускай ССР увёў у рэспубліцы ваеннае становішча. Аднак затрымаць наступленне не ўдалося, сіл на Заходнім фронце было недастаткова. 26 красавіка ўрад ЛітБел пераехаў у Мінск. Пачалося ўмацаванне абароны горада, абараніць які ўжо не было магчымасці. Да сярэдзіны ліпеня 1919 года большая частка тэрыторыі Літоўска-Беларускай ССР былі заняты інтэрвентамі. 16 ліпеня Цэнтральны Выканаўчы Камітэт і Савет Народных Камісараў ЛітБел ССР спынілі сваю дзейнасць.
12 ліпеня 1920 года, у мэтах хутчэйшага завяршэння вайны, пераходу працоўных да мірнага жыцця, ўрад РСФСР падпісаў мірную дамову з буржуазнай Літвой. ЛітБел ССР фактычна перастала існаваць, а юрыдычна — спыніла сваю дзейнасць 31 ліпеня 1920 года. У гэты дзень, у вызваленым Мінску адбылося сумеснае пасяджэнне прадстаўнікоў Белваенрэўкома, ЦК КП(б) Літвы і Беларусі, грамадскіх арганізацый па пытанні аднаўлення беларускай рэспублікі. На пасяджэнні была прынята «Дэкларацыя аб абвяшчэнні незалежнасці Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі Беларусь».
14-18 снежня 1922 года IV Усебеларускі з’езд Саветаў рабочых, сялянскіх і чырвонаармейскіх дэпутатаў прыняў рашэнне аб добраахвотным уваходжанні ССРБ на аднолькавых правах у Саюз СССР. Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка Беларусь (ССРБ) мяняе назву – Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка (БССР) і ў ліку чатырох савецкіх рэспублік 30 снежня 1922 года падпісала Дагавор аб утварэнні Саюза Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік (СССР).
Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка – гэту назву наша краіна пранесла да пачатку 1990-х гадоў. 19 верасня 1991 года БССР перайменавана ў Рэспубліку Беларусь.
Вольга КОЛАСАВА, навуковы супрацоўнік Вілейскага краязнаўчага музея.
Фота прадстаўлена аўтарам
Брейн-ринг на знание истории Беларуси
Столетие образования БССР в Вилейке отметили интеллектуальной игрой и музейной экскурсией.
Для ребят из учебных заведений города провели тематический брейн-ринг на знание истории Беларуси советского периода. Вопросы для игры подготовила учитель Вилейской гимназии №2 Ирина Орлович. Примечательно, что все три команды, которые были составлены из учащихся старших классов гимназии №1 «Логос» и СШ№3, продемонстрировали примерно одинаковый (замечу, высокий) уровень знания истории. Тем не менее, первыми среди лучших знатоков отечественной истории стала команда СШ№3. Все ребята получили призы от организаторов – отдела идеологической работы, культуры и по делам молодежи райисполкома и райкома ОО «БРСМ».
Научный сотрудник Вилейского краеведческого музея Ольга Колосова провела экскурсию для учащихся.
Ирина ТРУБАЧ.
Фото Вероники ШАБЕЛЬНОЙ







