У гэтыя перадсвяточныя дні мы ўзгадваем самыя яскравыя падзеі адыходзячага 2018-га і складаем планы на перспектыву. Гэты год быў для кожнага з нас насычаным, магчыма, у нейкія моманты складаным, але запомніцца ён павінен толькі добрымі справамі, цікавымі сустрэчамі і радаснымі падзеямі. Па традыцыі, у нумары, які завяршае год, мы падводзім пэўныя вынікі адыходзячага года. Якім быў у развіцці Вілейшчыны 2018-ы, што новага мы заплануем на будучыню – аб гэтым і многім іншым мы ўзгадаем у дадзеным артыкуле.

Імгненні 2018 года ўжо стануць гісторыяй праз некалькі дзён. Для кожнага з нас гэты год быў насычаны рознымі падзеямі, значнымі перамогамі, а, магчыма, і пэўнымі расчараваннямі… Але, будзем спадзявацца, што кожны складаны момант жыцця зробіць нас мудрэйшымі, а самае галоўнае загартуе характар і зробіць больш моцнымі. Новы год – час падвядзення пэўных вынікаў і час абмеркавання новых планаў і праектаў. Хаця, калі казаць пра канчатковыя вынікі працы розных галін эканомікі, то гэтыя вынікі падвядуць толькі ў студзені. А вось якія ж значныя падзеі і мерапрыемствы былі ў адыходзячым годзе, мы ўжо смела можам узгадваць сёння.
ЗНАКАВЫЯ ПАДЗЕІ ГОДА
Падводзячы вынікі года і разважаючы пра планы на будучыню, немагчыма не акрэсліць значныя падзеі адыходзячага года, нагадаць пра тых, хто сваёй сціплай працай здабываў гонар і славу для Вілейшчыны. 2018 год быў насычаны на адметныя падзеі і даты. Напярэдадні Дня Незалежнасці і свята горада раённы Савет дэпутатаў прыняў рашэнне аб прысваенні Уладзіміру Слабодчыкаву, вядомаму беларускаму скульптару, заслужанаму дзеячу мастацтваў, прафесару, загадчыку кафедры скульптуры Беларускай акадэміі мастацтваў, нашаму земляку, звання «Ганаровы грамадзянін Вілейскага раёна». Падзея знакавая і доўгачаканая. Не менш адметнай падзеяй адыходзячага года стала агучванне напачатку 2018 года імя ўладальніка спецыяльнай прэміі «Чалавек года Вілейшчыны». Так, лаўрэатам прэміі за мінулы год стаў ляснік Вілейскага доследнага лясгаса Валерый Дуровіч. Наш зямляк ужо не раз праслаўляў Вілейшчыну на міжнародным узроўні, чаго каштуе тое, што ў 2016 годзе ў складзе нацыянальнай зборнай каманды Беларусі Валерый Дуровіч стаў чэмпіёнам свету сярод вальшчыкаў лесу.
Знакавымі датамі года стала 100-годзе заканчэння Першай сусветнай вайны, якая пакінула вялікі след на вілейскай зямлі. Наш раён вылучаецца сярод іншых тым, што ў вёсцы Заброддзе намаганнямі сям’і Цітовічаў створаны адзіны ў краіне ландшафтна-гістарычны музей і культурна-гістарычны фонд «Памяці Першай сусветнай вайны». Самімі Цітовічамі і іх паплечнікамі праводзіцца вялікая работа па аднаўленні месцаў пахаванняў салдат той вайны і вяртанні з небыцця іх імёнаў. 100-годдзю падзей вайны 1914–1918 гадоў быў прысвечаны знакавы фестываль «Званы памяці» з вялікай колькасцю мерапрыемстваў у Вілейскім раёне. Яшчэ адной датай 2018 года стала 100-годдзе камсамолу, што таксама адзначалася ў нашым раёне. Адыходзячы год быў юбілейны і для ААТ «Зеніт-БелОМА». 45 гадоў таму з яго канвеера выйшаў першы фотаапарат, калісьці – сімвал аднайменнага завода, а сёння – здабытак яго багатай гісторыі. 45 гадоў таму была перакрыта рака Вілія – і ўтварылася Вілейскае вадасховішча, што стала самым буйным штучным вадаёмам на Беларусі. Свой юбілей адзначылі і самыя апантаныя турысты Вілейшчыны – турыстычнаму клубу «Чарапашкі» пад кіраўніцтвам Міхаіла Петуха споўнілася 25 гадоў.
ВЕДАЙ НАШЫХ
Немагчыма не сказаць пра перамогі і дасягненні нашых віляйчан у гэтым годзе. Па-першае, гэта нашыя дзеці – вучні агульнаадукацыйных школ горада і раёна, якія дабіваліся і заваёўвалі перамогі на гарадскіх, абласных, рэспубліканскіх і міжнародных конкурсах, алімпіядах. Асаблівай падзеяй стала і тое, што на 100 балаў у гэтым годзе цэнтралізаванае тэставанне па англійскай мове здала выпускніца Вілейскай гімназіі №2 Надзея Каўрус. Асобных слоў павагі і гонару вартыя нашы спартсмены. Дасягненні нашых баскетбалістак, карацістаў, лёгкаатлетаў, плыўцоў і іншых спартсменаў варты бязмежнага гонару за іх. Вельмі насычаным на спартыўныя дасягненні выдаўся адыходзячы 2018 год для выхаванца Вілейскай школы алімпійскага рэзерву, члена асноўнага складу нацыянальнай каманды Беларусі па скачках на батуце, пераможцы і прызёра рэспубліканскіх і міжнародных спаборніцтваў, майстра спорту міжнароднага класа Івана Літвіновіча. Сёлета на чэмпіянаце Еўропы сярод юніёраў у Баку ён заваяваў два залатыя медалі: у індывідуальных скачках і ў камандных спаборніцтвах сярод юнакоў. На III юнацкіх Алімпійскіх гульнях у Буэнас-Айрэсе Іван Літвіновіч заняў 4-е месца ў індывідуальных скачках. А на чэмпіянаце свету па скачках на батуце (сярод дарослых), які праходзіў у Санкт-Пецярбургу, будучы ў асноўным складзе нацыянальнай каманды, юніёр Іван Літвіновіч заняў 7-е месца ў індывідуальных спаборніцтвах. Мы жадаем Івану толькі далейшых перамог і заўжды заставацца такім мэтанакіраваным.
Дасягненнямі віляйчан ў гэтым годзе стала і ўзыходжанне на самую высокую горную вяршыню Расіі і Еўропы – Эльбрус. Дзве групы віляйчан незалежна адна ад другой пакарылі вышыню 5621 метраў. Першыя – здзейснілі ўзыходжанне на Эльбрус у памяць аб знакамітым вілейскім турысце і краязнаўцы Віталію Кастэнку. Узыходжанне здзейснілі сын Віталя Кастэнка – Андрэй, яго ўнук – Кірыл, а таксама Алег Гардзееў, яго сын Уладзіслаў і Аляксандр Халько. А праз пэўны час на Эльбрус здзейсніла ўзыходжанне другая група, у складзе якой была віляйчанка Вольга Белаш. Віляйчанам пакарылася вяршыня свету, віншуем.
Яшчэ адным дасягненнем віляйчан, ці, па праўдзе кажучы, дачок віляйчан, бо іх бацькі і бабулі з дзядулямі родам з Вілейскага раёна, сталі іх перамогі ў прэстыжных конкурсах. Нацыянальны конкурс «Міс Беларусь» праводзіцца ў нашай краіне раз у два гады. Сёлета ганаровы тытул першай прыгажуні краіны заваявала Марыя Васілевіч, бабуля якой жыве ў Порсе, адкуль родам і яе бацька. Марыя Васілевіч прадстаўляла Беларусь і на конкурсе «Міс свету», дзе выйшла ў фінал і заваявала званне «Міс Еўропа». А зусім нядаўна ва ўсіх навінах паведамлялі, што беларуская спявачка ўпершыню выйграла музычны конкурс «X-Factor» у Латвіі. Пераможцай стала беларуская спявачка Kattie – Кацярына Рудніцкая. Гэта першая перамога беларусаў у падобнага роду конкурсах. А бацька спявачкі родам з вёскі Хадасы, дзе жылі і яе бабуля з дзядулем. Такім чынам, можна лічыць, што віляйчанкі пакарылі сусветныя вяршыні.
КУЛЬТУРНА-ЗАБАЎЛЯЛЬНЫЯ МЕРАПРЫЕМСТВЫ
2018 год быў насычаны і ў культурным плане. Дзясяткі значных фестываляў прайшлі ў нас, і прычым не толькі ў самой Вілейцы, але і раёне. Асаблівых слоў вартыя арганізатары традыцыйнага фестывалю «Свет Раства Хрыстова», што стаў духоўным здабыткам нашай Вілейшчыны. Ужо трывалай традыцыяй стала правядзенне ў нас на беразе Вілейскага вадасховішча фестывалю «Уха-фэст», які з кожным годам становіцца больш масштабным і грандыёзным. У наступным годзе ўжо чакаецца наданне яму статусу міжнароднага. Традыцыйна ў пачатку ліпеня прайшоў фестываль маладзёжных субкультур «Энергія маладосці». Вілейскі каледж не здрадзіў сваёй традыцыі і правёў цікавае «Дранік-шоу. Дакопкі 2018». У ліпені прайшоў юбілейны ХХ рэгіянальны фестываль-конкурс выканаўцаў эстраднай песні «Адна зямля». Таксама ў гэтым годзе ў Вілейскім раёне прайшоў міжнародны фестываль рэтра-матацыклаў «Кола часу», што ўжо шосты год ладзіцца віляйчанамі ў розных кутках Беларусі. Не адстае ў плане фестывальнага руху і сам раён, дзе ў 2018 годзе праводзіліся значныя гісторыка-культурныя фестывалі. «Званы памяці» – фестываль да 100-годдзя заканчэння Першай сусветнай вайны, у якім прынялі ўдзел некалькі тысяч чалавек, і дзясяткі мерапрыемстваў ладзіліся па ўсім Вілейскім раёне. У жніўні ў вёсцы Навасады ўпершыню адбыўся фестываль «Дом ля возера», а Іжаншчына зноў запрасіла ўсіх жадаючых на свой брэндавы фестываль «Журавінавы фэст». Кожная ўстанова і асобныя дзеячы стараліся і рабілі свой ўнёсак у развіццё культуры Вілейшчыны. Можна бясконца гаварыць пра цудоўныя культурныя праекты, што праходзілі ў нашым горадзе і раёне, сярод якіх і юбілейныя выставы Эдуарда Мацюшонка, канцэрт мужчынскага хора «Усіхсвяцкі» пад кіраўніцтвам нашага земляка Дзмітрыя Такмакова і юбілейны канцэрт знакамітага земляка, народнага артыста Беларусі, прафесара Міхаіла Казінца. Адным словам год быў насычаны. Усе мерапрыемствы, падзеі, фестывалі, юбілейныя даты ў адным артыкуле змясціць не магчыма.
Што новае чакае ў наступным годзе віляйчан мы раскажам яшчэ не раз у штотыднёвых выпусках газеты ў наступным годзе. Але адной навіной хочацца падзяліцца.
“ КАЗІНАМУ” МАСТКУ БЫЦЬ
Апошні год вельмі актыўна віляйчане абмяркоўвалі і разважалі над тым, як аднавіць знесены бурай “казіны” масток на Віліі, што лічыцца нефармальнай славутасцю Вілейкі. Знайшліся неабыякавыя людзі, што пачалі шукаць сродкі, арганізавалі збор ахвяраванняў,сярод якіх галоўным арганізатарам стаў прадпрымальнік Віталій Малыш. Яго энтузіязму можна было толькі пазайздросціць. І вось на мінулым тыдні ў прысутнасці грамадскасці былі ўскрыты ўсе шэсць скрынь, у якія на працягу амаль паўтары гадоў вілейчане збіралі грошы на аднаўленне “казінага“ мастка. Вынік быў самым нечаканым, бо каля 2000 рублёў сабралі віляйчане на аднаўленне гарадской славутасці. Але гэтым усё не скончылася. Вілейскі раённы Савет дэпутатаў па звароту мясцовага дэпутата Барташэвіча А.В. і пасля сумеснага абмеркавання прыняў рашэнне аб аб’яўленні суботніка па зборы сродкаў на аднаўленне мастка. А таксама накіраванне звароту ад імя дэпутатаў і мясцовай адміністрацыі ў Міністэрства абароны Беларусі, для ўключэння будаўніцтва дадзенага аб’екта ў план падрыхтоўкі інжынерных войскаў, якія маюць вопыт падобнага будаўніцтва. Такім чынам, калі ўсё будзе як запланавана, то, магчыма, ужо летам на Віліі з’явіцца новы свайны шасціметровы драўляны мост. Віляйчане павінны будуць сабраць толькі грошы на будаўнічы матэрыял, а работы змогуць выканаць вайскоўцы ў рамках свайго вучэбнага плана. Разам мы можам многае!
Пра дасягненні, перамогі і планы можна гаварыць бясконца, але галоўнае – гэта наша жаданне ісці толькі наперад і, нягледзячы на розныя складанасці, дабівацца пастаўленых мэтаў.
З Новым годам і Калядамі!
Росквіту Вілейшчыне, святла і міра кожнаму.








