Амаль 1000 кіламетраў, а дакладней – 920, прайшлі ў гэтым годзе «Чарапашкі» водным шляхам. Як паведаміў кіраўнік турыстычнага клуба Міхаіл Петух, пераважна водныя маршруты былі спланаваны невыпадкова. Сіноптыкі абяцалі дастаткова засушлівае лета, і каб не рызыкаваць, не маючы магчымасці нават зайсці ў лес падчас пажаранебяспечнага перыяду, вырашылі зрабіць стаўку на ваду.
За плавацельны сезон «Чарапашкі» паспелі неаднойчы сплавіцца па Віліі, прайсці Сэрвач і амаль увесь Нёман ад саміх вытокаў. А апошні ў сезоне спартыўны паход I катэгорыі складанасці быў здзейснены па тэрыторыі Віцебскай вобласці. Даехаўшы да станцыі Зябкі, падарожнікі 2 кіламетры прайшлі пешшу, несучы ў руках асабістыя рэчы, заплечнікі і байдаркі. Пераначаваўшы на беразе самага глыбокага ў Беларусі возера Доўгае, яны адправіліся па маршруце. Прайшоўшы Доўгае, пратокай вышлі да возера Шо, з якога рака Шоша прывяла да возера Пліса, далей пайшлі ракой Мнюта, якая перасякае азёры Мнюта і Вялец і ўпадае ў Дзісну, а ўжо па апошняй выйшлі ў аднайменны горад. Адтуль «Чарапашкі» вярнуліся дадому, пакінуўшы за спіной 160 кіламетраў маршрута.
– Гэта быў вельмі складаны, але адначасова і цікавы маршрут, – адзначыў Міхаіл Петух. – Упершыню ў Беларусі мы сутыкнуліся з амаль горнай рэчкай. Канешне, вопыт такіх падарожжаў у дзяцей быў (а хадзілі мы на гэты раз з выхаванцамі школы-інтэрната старэйшых класаў). І па Віліі яны сплаўляліся, і нават у зімовы паход хадзілі, калі слупок тэрмометра апускаўся ніжэй 10 градусаў мароза. Але на гэты раз рэкі сапраўды былі вельмі складанымі. Камяністыя, з заваламі, старымі млынамі, вельмі часта прыходзілася перадольваць перашкоды і ісці ўброд. Здаецца, на дзень я вылазіў з байдаркі па 150 разоў. Часам і дзеці «пішчалі», што складана, але потым, калі паход скончыўся, запэўнілі, што ён быў самы лепшы.
Ці гэтыя словы не ўзнагарода для кіраўніка клубу? Канешне, так. Напэўна, нават большая, чым рашэнне аб прысваенні ўдзельнікам паходу III дарослага спартыўнага разраду, якое ўручыў выхаванцам турклуба галоўны спецыяліст упраўлення па адукацыі, спорце і турызму райвыканкама Алег Гаўрышчук на святкаванні 25-годдзя клуба.
Віншуем,»Чарапашкі»! Новых вам поспехаў і цікавых водных, вела- і пешых маршрутаў!
Марына ПУЦЭЙКА.
Фота прадстаўлена Міхаілам ПЕТУХАМ