Паэт, педагог, турыст, нумізмат, рэзчык па дрэве… А яшчэ – патрыёт сваёй радзімы. Гэта я пра знакамітага на Вілейшчыне і далёка за яе межамі Уладзіміра Цануніна, прэзентацыя новай кнігі якога на днях прайшла ў раённай бібліятэцы імя Ганны Новік.
«Кліча бацькава хата» – так называецца чарговы зборнік вершаў паэта. Вершаў разнапланавых, настальгічна-светлых. Пра што б ні пісаў Уладзімір Яфімавіч, атрымліваецца ў яго цёпла, хвалююча і запамінальна. Родная вёска і прырода, чарнобыльская навала, ваеннае ліхалецце, гумар – гэта тыя асноўныя тэмы, на якія піша Уладзімір Цанунін. І як піша! Як адзначыў яшчэ адзін знакаміты вілейскі паэт Мікола Кутас, ніхто ў нашай паэзіі не напісаў так пранікнёна пра родную прыроду, як Цанунін. Дзе Уладзімір Яфімавіч, канстатаваў Мікола Кутас, там заўсёды добрыя словы і ўсмешка. Гэтыя віншавальныя словы паэта паэту сталі высокай адзнакай творчасці Цануніна.
На сустрэчу ў бібліятэцы сабраліся вядомыя паэты нашага краю, бібліятэчныя работнікі, творчыя людзі Вілейшчыны. Гучалі цёплыя словы пра таленавітага паэта і яго цудоўныя вершы. «Кліча бацькава хата», «Тут я змерыў сцяжынку кожную», «Немаўляты», «Мае балючыя прыгоды», «Глыток жывой вады», «Пабудую дом на гары», «Дарога на Кракаў» – гэта толькі частка вершаў Цануніна, якія прагучалі на сустрэчы. Іх чыталі выступоўцы – бібліятэчныя работнікі і паэты. Цёплыя словы пра творчасць Уладзіміра Цануніна сказалі яго браты па пяры Барыс Манцэвіч, Антаніна Гарчакова, Клаўдзія Дубовік, Зінаіда Губарава-Крупская, Людміла Пукела. А затым сам аўтар чытаў свае вершы, у тым ліку і новыя, выконваў песні пад гітару. «У жыцці нікому не зайздросціў, не насіў у сэрцы камяні», «Да вяршынь вялікіх не імкнуўся, досыць мне адной сваёй страхі» – так акрэсліў сваё жыццёвае і творчае крэда сам паэт, чалавек сціплы і чулы. Урэшце, даўно вядома, што даволі часта ў жыцці талент і сціпласць суседнічаюць…
З цэлым сусветам параўнала нараджэнне новай кнігі паэта Зінаіда Губарава-Крупская. І з гэтым нельга не пагадзіцца. Як і з тым (і гэта было заўважана прысутнымі), што прозвішча паэта – ад слова «цана», «цаніць». Сімвалічна, як мне здаецца. Ці не так?
Цёплай і надзвычай светлай атрымалася гэта сустрэча, падрыхтаваная і праведзеная па ініцыятыве бібліятэчных работнікаў – членаў пярвічнай арганізацыі раённага грамадскага аб’яднання «Белая Русь». А нашым чытачам хачу параіць абавязкова пазнаёміцца з чарговай кнігай паэта. Упэўнена, вам спадабаецца.
Ірына БУДЗЬКО.
Фота аўтара