Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

…І хочацца ў песні апець

Учора адзначыла свой 85-гадовы юбілей жанчына, пра якую мне вельмі хочацца расказаць. Гэта настаўніца ад Бога і вельмі добры чалавек Ніна Львоўна Касяк, якая аддала няпростай, але такой любімай працы ў школе болей за тры дзясяткі гадоў і амаль столькі ж гадоў знаходзіцца на заслужаным адпачынку. Мне, на вялікі жаль, не пашчасціла быць вучаніцай Ніны Львоўны, а вось сустракацца з ёй давялося і не раз гутарыць па тэлефоне – таксама, чым я ганаруся і даражу.

Яна нарадзілася на Віцебшчыне ў мнагадзетнай сям’і калгасніка. Кемлівая дзяўчынка яшчэ да школы навучылася чытаць, таму вучоба для яе была вельмі прыемным і жаданым працэсам. Ды нядоўгім – пачалася вайна, якая перарвала вучобу да 1944 года. Пасля вызвалення Беларусі дзяўчынка наведвала школу, якая знаходзілася за дзесяць кіламетраў ад яе вёскі, разы два-тры на тыдзень. На гэта была свая прычына: бацька Ніны не вярнуўся з вайны, і дзяўчыне трэба было працаваць, дапамагаць хворай маці. Нараўне з дарослымі жанчынамі Ніна касіла, арала, жала, грузіла, каб толькі нешта зарабіць для сям’і. І ўсё ж, як бы ні было цяжка, у кожную вольную хвіліну вучылася. У такіх няпростых умовах яна кожны навучальны год заканчвала з пахвальнай граматай.

Закончыўшы дзесяцігодку, Ніна паступіла ў Віцебскі педагагічны інстытут на хіміка-біялагічны факультэт, пасля заканчэння якога была накіравана працаваць на Вілейшчыну. Так вёсачка Іжа стала яе лёсам. Тут яна сустрэла сваё вялікае каханне – мужа, разам з якім ідзе па жыцці і зараз. Тут нарадзіліся, вывучыліся і таксама сталі настаўніцамі тры іх дачкі. Яны падарылі бабулі з дзядулем чатырох унукаў, якія таксама ўсе маюць вышэйшую адукацыю.

Менавіта тут, у мясцовай школе, Ніна Львоўна адбылася як настаўніца, прафесіянал, якога любілі і любяць зараз і дзеці, і дарослыя.

– Я ніколі не шукала лёгкага хлеба, – дзялілася сама Ніна Львоўна. – Сваёй прафесіі не здрадзіла і трыццаць два гады на адным месцы сумленна несла груз педагога. Ні адзін год не была без грамадскіх нагрузак.

Сумленная праца настаўніцы была высока адзначана шматлікімі ўзнагародамі, сярод якіх – медаль «За трудовое отличие», нагрудны знак «Выдатнік народнай асветы», ганаровыя званні «Старшы настаўнік» і «Заслужаны настаўнік Беларускай ССР».

У 2016 годзе, які ў краіне быў аб’яўлены Годам маці, вялікую даследчую работу правялі вучні сёмага класа Іжскай школы, аб’яднаныя ў пошукавы атрад «Машэраўцы». Пад кіраўніцам настаўніцы гісторыі Ліі Цімафееўны Хадановіч яны напісалі сур’ёзную работу пра Ніну Львоўну Касяк для ўдзелу ў абласным конкурсе «Увесь гонар свету ад маці». Гэта работа заняла першае месца ў раёне, стала пераможцай у адной з намінацый і ў вобласці.

– Мы з вучнямі тады добра папрацавалі, – прыгадвае цяпер Лія Цімафееўна. – Было многа сустрэч з калегамі, былымі вучнямі, сябрамі Ніны Львоўны. Былі тэлефонныя размовы, нам прысылалі лісты з розных куточкаў нашай краіны, у якіх людзі, якіх лёс зводзіў з Нінай Львоўнай, вельмі цёпла пра яе расказвалі.

Я пазнаёмілася з даследчай работай і ніжэй прыводжу вытрымкі з яе.

«Узгадваюцца то ўрокі, калі любімая настаўніца заходзіла ў клас, то вечары хіміі, дзе ўвесь сцэнарый ад першага слова да апошняга быў напісаны ўлюбёным у сваю справу чалавекам, – прыгадвалі Ганна і Міхаіл Трубачы. – Праз пяць гадоў пасля заканчэння школы мы, былыя аднакласнікі, пажаніліся, і Ніна Львоўна падарыла нам музычны наказ, які на вяселлі выканалі нашы аднакласнікі».

«Я была вучаніцай Ніны Львоўны, сумленна вучыла хімію, – прыгадвае колішні дырэктар школы Галіна Іванаўна Лукша. – З часам мы сталі калегамі. Я працавала старшай піянерважатай. Ніна Львоўна зноў стала маім настаўнікам, цяпер ужо не школьным, а па жыцці. Яна мне заўсёды дапамагала ва ўсіх справах». А вось што расказала пра настаўніцу яе былая калега Таццяна Мацвееўна Шарафановіч: «Такой уважлівай да суседзяў, такой добразычлівай жанчыны я не ведаю. Яна вучыла ўсіх маіх шасцярых дзяцей. Усе яны атрымалі вышэйшую адукацыю, і ў кожнага засталіся самыя светлыя ўспаміны пра Ніну Львоўну. Яна для іх была і застаецца самай любімай настаўніцай і чалавекам».

І яшчэ адно выказванне пра педагога – Марфы Мікалаеўны, маці воіна-інтэрнацыяналіста Мікалая Каляды, які загінуў у Афганістане: «Калі ў мяне здарылася непапраўная бяда – майго сына прывезлі з Афганістана ў цынкавай труне ,– мне больш не хацелася жыць на свеце… Ніна Львоўна першая працягнула мне руку дапамогі. Яна старалася неяк мяне ўгаварыць, падтрымаць, часта прыходзіла да мяне за сем кіламетраў. У любое надвор’е. Яна навучыла мяне ўсміхацца людзям, радавацца сонцу, глядзець на свет па-іншаму».

Я не раз чытала вершы Ніны Львоўны, якія яна прысвячала Мікалаю. Пранікнёна-шчырыя, светлыя, хвалюючыя, яны таксама давалі маці сілы жыць, ведаючы, што яе сына памятаюць і любяць.

Ніна Львоўна Касяк і зараз нярэдкі госць у школе. Яе запрашаюць на вечары і класныя гадзіны. Сённяшнія вучні з цікавасцю слухаюць яе ўспаміны, пажаданні ў вершаванай форме. І захапляюцца сілай духу і чалавекалюбствам гэтай невысокай жанчыны з добрымі вачыма. «Даследуючы яе жыццёвы шлях, мы з упэўненасцю можам сказаць, што яна не толькі заслужыла звання заслужанага настаўніка БССР, але і звання заслужанай жанчыны, маці, працаўніцы», – напісалі ў сваёй даследчай рабоце пра Ніну Львоўну колішнія вучні-«машэраўцы» і іх настаўніца Лія Цімафееўна. Згодна з іх словамі, як і з іх вершаванымі радкамі, прысвечанымі настаўніцы:

Своей добротою, своей красотою
Готова полмира согреть.
За труд и дерзанье, за ум и старанье
Вас хочется в песне воспеть!

З юбілеем Вас, паважаная Ніна Львоўна, і моцы Вам – фізічнай і духоўнай!
Шчыра дзякую Ліі Цімафееўне Хадановіч за матэрыялы, з якімі я пазнаёмілася пры напісанні матэрыяла.

Ірына БУДЗЬКО.
Фота прадастаўлена Л. Ц. Хадановіч

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 148 queries