Да 125-годдзя з дня нараджэння Уладзіслава Стржэмінскага(1893-1952),
мастака-авангардыста, Героя Першай сусветнай вайны,
частка жыцця і творчасці якога звязаная з Вілейкай.
Лёс звязаў жыццё вядомага мастака-авангардыста Уладзіслава Стржэмінскага з Расіяй, Літвой і Польшчай. Але большасць наватарскіх ідэй ён выпрабаваў тут, у Беларусі. У біяграфіі Стржэмінскага знакавыя месцы займаюць некалькі гарадоў: Мінск, дзе нарадзілася будучая зорка авангарда; Масква, дзе ён пазнаёміўся са сваёй жонкай і выдатным скульптарам Кацярынай Кобрай; Віцебск, дзе ён прайшоў школу аўтара “Чорнага квадрата” Казіміра Малевіча; Вільня, дзе мастак ладзіць сваю першую выставу; Лодзь, дзе Стржэмінскі стаўся і як творца, і як тэарэтык унізму і Вілейка, на якую прыпадаюць два не менш важныя перыяды яго жыцця.
Бацькі Стржэмінскага мелі ўласны драўляны дом у Мінску па вуліцы Гарбарнай, 21 (цяпер – Ульянаўская), дзе 21 лістапада 1893 года ў сям’і польскага двараніна Максіміліяна Бенедзікта Стржэмінскага нарадзіўся Уладзіслаў. Маці – Ева Разалія, народжаная Аляхновіч. Бацька, які ўсё жыццё служыў у чыне падпалкоўніка Рускай імператарскай арміі, не бачыў іншай будучыні і для старэйшага сына. Як толькі хлопчыку споўнілася 11 гадоў, ён стаў вучнем 3-га Маскоўскага кадэцкага корпуса (з 1908 года – 3-ці Маскоўскі Імператара Аляксандра II кадэцкі корпус), пасля заканчэння якога ў 1911 годзе паступіў вучыцца ў Пецярбургскае Вышэйшае вайсковае інжынернае вучылішча Імператара Мікалая II. Гэта дазволіла юнаку атрымаць добрую адукацыю, зрабіць кар’еру.
Закончыўшы вучылішча ў 1914 годзе з прысваеннем звання інжынернага падпаручыка, ў ліпені таго ж года Уладзіслаў Стржэмінскі атрымаў назначэнне ў Асавецкую крапасную сапёрную роту, дзе яго і застала Першая сусветная вайна.
Крэпасць Асавец, сёння гэта тэрыторыя Польшчы, а напачатку вайны – заходні шчыт Расійскай Імперыі. Апынуўшыся на выступе фронта ў паўакружэнні, з верасня 1914 года гарнізон крэпасці быў вымушаны жыць пад пастаяннымі бамбёжкамі і атакамі праціўніка, у тым ліку адбіць два генеральныя штурмы – ў верасні 1914 года, і ў лютым-сакавіку 1915 года.
24 ліпеня 1915 года германцы пачалі трэці генеральны штурм крэпасці, папярэдне правёўшы масіраваную газабалонную атаку хлорам. У самаадданай контратацы, паражоныя газам абаронцы крэпасці трымаліся да апошняга салдата. За падзеямі таго дня ў публіцыстыцы пазней замацавалася назва “Атака мярцвякоў”.
Наступным днём 25 ліпеня 1915 года даціруецца Найвышэйшы загад аб прысваенні падпаручыку Стржэмінскаму Уладзіславу Максіміліянавічу «Георгиевского оружия».
Пасля таго, як рускае войска пакінула Асавец, 2-я сапёрная рота ў якой служыў падпаручык Стржэмінскі, была перафарміравана ў 39-ю Асобную сапёрную роту і да вясны 1916 года знаходзілася на пазіцыях непадалёку ад мястэчка Пяршаі (цяпер вёска ў Валожынскім раёне).
На той час на ўсходнім фронце панаваў адносны спакой. Але аднойчы падчас вучобы, адзін салдат няўдала кінуў гранату. Ад блізкага выбуху Уладзіслаў Стржэмінскі атрымаў шматлікія цяжкія раненні.У палявым шпіталі яму вымушаны былі ампутаваць правую нагу поўнасцю і левую руку па локаць. Былі таксама паражоны і вочы, правае – пасля поўнасцю страціла зрок. Пасля перанесеных аперацый, Стржэмінскага эвакуіравалі ў Маскву для далейшага лячэння.
У шпіталі Уладзіслаў правёў амаль два гады. Лячэнне праходзіла доўга і цяжка. Стржэмінскага доўга мучалі фантомныя болі ў ампутаваных канечнасцях. Ён таксама адчуваў боль ад пратэзаў і да канца жыцця вымушаны быў хадзіць толькі на кастылях. Выпісаўся са шпіталя ў кастрычніку 1918 года. Вайна закончылася, у якой ён да канца выканаў свой грамадзянскі доўгі гонар афіцэра.
За мужнасць і адвагу, праяўленныя ў баях у гады Першай Сусветнай вайны Уладзіслаў Стржэмінскі адзначаны шэрагамурадавых узнагарод – ордэнамі: Святога Георгія 4-й ступені, Святога Уладзіміра 4-й ступені, Святой Анны 3-й і 4-й ступеней, Святога Станіслава 2-й і 3-й ступеней.
Не змірыцца з незайдросным лёсам інваліда Стржэмінскаму дапамаглаКацярына Кобра, якая дабравольна працавала сястрой міласэрнасці ў афіцэрскім аддзяленні шпіталя. Яна сама марыла стаць скульптарам-авангардыстам і ўцягнула ў спакуслівы вір куба-футарыстачнага наватарства і Уладзіслава.
Ішлі першыя гады савецкай улады – спрыяльныя для розных мастацкіх пачынанняў. Стржэмінскі наведвае Першыя дзяржаўныя свабодныя майстэрні ў Маскве, дзе блізка сыходзіцца з Казімірам Малевічам. Сістэматычна вучыцца яму не хапіла цярпення. Як можна марнаваць час, калі наўкол такое адбываецца! Адкрываюцца шматлікія авангардныя выставы ў Маскве, Разані, Віцебску – і нечакана для ўсіх Стржэмінскі, які па сутнасці, не мае мастацкай адукацыі, пачынае выстаўляцца, і вельмі паспяхова. Ніхто не мог вытлумачыць, як Стржэмінскі, толькі з’явіўшыся ў мастацкім асяроддзі, стаў прафесійным творцам і адразу набыў незвычайную вядомасць. Ніка Стржэмінская, дачка мастака ў сваёй кнізе » Miłość, sztuka i nienawiść» («Каханне, мастацтва і нянавісць», аб Кацярыне Кобра і Уладзіславе Стржэмінскім, надрукаваная ў Варшаве ў 1991 годзе), адзначае «… у маім бацьку павінен быў тоіцца магутны мастацкі зарад, які нечакана ўзарваўся. Магчыма, быў бы згублены, каб не той няшчасны выпадак і калецтва. Бо быў надзвычай настойлівы ў імкненні да вызначанай мэты, амбітны, патрабавальны і бескампрамісны да сябе і іншых, і здолеў дасягнуць так шмат на працягу вельмі кароткага часу…»
Напачатку 1919 года поўны грандыёзных ідэй Уладзіслаў Стржэмінскі вяртаецца ў родны Мінск і пачынае працаваць у Аддзеле выяўленчага мастацтва Народнага Камісарыята асветы. Тут раскрываецца яго талент як арганізатара авангарднага афармлення горада. Прыхільнік канцэпцыі “вуліцы і плошчы – нашы палітры”, ён пачынае аздабляць горад новымі скульптурнымі формамі, канструктыўнымі рэльефамі.
Восенню 1919 года Стржэмінскі ўжо ў Смаленску, куды быў запрошаны працаваць у якасці кіраўніка сектара мастацтва ў Аддзеле асветы, а летам 1920 года сюда з Масквы перасялілася і Кацярына Кобра. Тут, разам яны выкладаюць у мастацкай майстэрні сярэдняй школы для таленавітай моладзі, тут разам утварылі філію УНОВІСа (суполка бескампрамісных сцвярджальнікаў новага мастацтва), якой у Віцебску кіраваў Казімір Малевіч. Неўзабаве Кацярына стала жонкай Стржэмінскага, самаахвярна апекавалася ім, была паплечніцай ва ўсіх справах. Сама таленавітая мастачка, па бацькоўскай лініі немка з роду фон Кобра, яна стала прадстаўніцай радыкальных тэндэнцый авангарда Беларусі пачатку дваццатых гадоў.
Але ўжо ў сярэдзіне 1922 года дзейнасць УНОВІСА ў Віцебску і Смаленску была спынена. Стржэмінскія,шукаючы паратунку ад непрымірымых апалагетаў “левага” мастацтва, марылі пераехаць у Парыж, але пакуль вырашылі пераехаць у Вілейку, дзе па вуліцы Арлоўскага (цяпер – Дзяржынскага) пражывалі родныя Уладзіслава: маці і малодшы брат Валер’ян.Тут Стржэмінскі выкладае малюнак у мясцовай гімназіі імя Генрыка Сянкевіча (будынак захаваўся да нашага часу па вуліцы Савецкай, 54, цяпер тут раённы цэнтр дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі). Менавіта тут, у Вілейцы, Стржэмінскіпачынаемаляваць сінтэтызаваныя вобразы – гэта было станаўленне першага этапа мастацкай рэалізацыі ў творчасці тэорыі унізма.
У 1924 годзе Стржэмінскія пераязджаюць у Вільню, якая на той час уваходзіла ў склад Польшчы. Тут мастак, напоўнены актыўнай дзейнасцю,ладзіць сваю першую выставу, шукае свайго творчага, ні з чым непараўнальнага адкрыцця. І знаходзіць! У 1928 годзе за прыватныя сродкі выдае сваю тэарэтычную працу «Унізм у жывапісу», дзе выкладае прынцыпы мастацкага адлюстравання на плоскасці. Арганічнасць усіх мастацкіх сродкаў, падпарадкаваных прастаце і логіцы плоскасці, Стржэмінскі назваў унізмам. Гэта новы тэрмін, які ён увёў у выяўленчае мастацтва і стаў першым мастаком-уністам. Сучаснае мастацтва павінна змяніць адносіны чалавека да ўсяго, што ёсць на свеце, — гэтую канцэпцыю мастак сцвярджаў ў сваіх новых унічных вобразах. Яго жывапісныя, графічныя, архітэктурныя кампазіцыі-праекты далі доказ слушнасці і дасканаласці яго тэарэтычных канцэпцый.
Увосень 1931 года Стржэмінскія пакідаюць Вільню і пераязджаюць ў Лодзь, дзе адразу ўключаюцца ў віхуру мастацкіх ідэй. Тут, у Польшчы Стржэмінскі ўзначаліў рух прыхільнікаў новага мастацтва. На той час у кансерватыўных колах польскай адміністрацыі ён сустракаў прыязнае стаўленне да сваіх радыкальных ідэй. Стржэмінскі гуртуе вакол сябе кола мастакоў-авангардыстаў, стварае ў горадзе музей сучаснага мастацтва, аб’яднаўшы вакол сябе аднадумцаў. Ён становіцца вядомым у еўрапейскіх мастацкіх колах, адкрывае мастацкія выставы ў Бельгіі, Галандыі, удзельнічае ў восеньскім салоне ў Парыжы. Тут, у 1936 годзе нарадзілася іх дачка Ніка. Клопатаў прыбавілася, але б неяк усё б склалася, калі б не Другая сусветная вайна.
Шукаючы паратунку, 10 верасня 1939 года Уладзіслаў Стржэмінскі зноў вяртаецца да сваіх родных ў Вілейку. У Вілейцы мастак спадзяваўся на працяг сваёй творчай дзейнасці і адносна спакойнае жыццё. Ён зноў выкладае ў мясцовай гімназіі, пазней працуе мастаком-афарміцелем і актыўна ўключаецца ў культурнае жыццё горада. Тут, у Вілейцы ён стварае свой слынны графічны цыкл малюнкаў «Заходняя Беларусь», дзе лёгкай контурнай уністычнай лініяй адлюстроўвае сінтэтызаваныя ўражанні ад вясковай архітэктуры, вобразаў людзей. Мастак нібы аднаўляе тыя тонкія повязі, што злучалі яго з гэтым куточкам свету, дзе ён упершыню пачаў складаць сваю авангардную тэарэтычна-практычную канцэпцыю светабачання і светаадлюстравання.
Прыгадаў ён тут і сваю мінскую маладосць, калі ў Вілейцы на свята 1-га Мая 1940 года, якое адзначалася ўпершыню, зрабіў вельмі смелае, «феерычна-колеравае аздабленне з прасторавых кампазіцый». Улады яшчэ не ведалі, як кіраваць мастацтвам «у новай свабодзе», і дазволілі яму літаральна ўсё. Але заставацца далей на роднай зямлі становіцца небяспечна, пачаліся рэпрэсіі, акурат для тых, хто хоць нечым вылучаўся сваімі здольнасцямі і паводзінамі.
Пражыўшы ў Вілейцы дзевяць месяцаў, у сярэдзіне мая 1940 года Стржэмінскія зноў вяртаюцца ў Лодзь. Тут, абапіраючыся на вілейскія дасягненні, мастак працягвае працу над новымі графічнымі цыкламі. Пасля вызвалення Польшчы актыўна супрацоўнічае з музеям сучаснага мастацтва ў Лодзі, заснавальнікам якога быў і куды перадаў свае карціны і сем цыклаў малюнкаў.
Апошнія гады жыцця і творчасці мастака былі не менш трагічнымі. Ніхто не змог абараніць паважанага маэстра перад тым тэрорам, які пачаўся супраць яго напрыканцы 1940-х гадоў, калі да ўлады ў Польшчы прыйшлі камуністы. Яго звольнілі з працы, выключылі з Саюза польскіх мастакоў.
26 снежня 1952 года мастака не стала. Ён памёр ад цяжкай хваробы і амаль у поўнай адзіноце. На год раней памерла яго жонка – Кацярына Кобра.
Але назаўжды выкрасліць з культурнай памяці творчасць Уладзіслава Стржэмінскага і Кацярыны Кобра не ўдалося. Сёння іх мастацтва шырока вядома і прызнана ва ўсім свеце.
Збор мастацкіх твораў Уладзіслава Стржэмінскага і Кацярыны Кобра сёння захоўваецца і экспануецца ў музеі сучаснага мастацтва ў Лодзі. Імя мастака прысвоена Польскай акадэміі мастацтваў. Аб ім напісаны кнігі, зняты дакументальныя і мастацкія фільмы. У 2009 годзе Нацыянальны банк Польшчы ў серыі выбітным польскім мастакам, выпусціў у абарачэнне дзве памятныя манеты, прысвечаныя Уладзіславу Стржэмінскаму.
Памятаюць і шануюць імя Уладзіслава Стржэмінскага і на Вілейшчыне.У 2013 годзе ў Вілейцы, каля кінатэатра устаноўлены памятны знак, прысвечаны 120-годдзю з дня нараджэння мастака. Скульптурную кампазіцыю з элементамі ўнізма ў гарэльефе, якая поўнасцю вызначае творчасць мастака, выканалі падчас пленэра студэнты мастацкага факультэта Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў Фёдар Саратцаў і Станіслаў Шашкоў. Пленэр прайшоў па ініцыятыве нашага знакамітага земляка, загадчыка кафедры скульптуры акадэміі мастацтваў, прафесара, Ганаровага грамадзяніна Вілейскага раёна Уладзіміра Іванавіча Слабодчыкава.
“Крок ад вайны да мастацтва” – Герою Першай сусветнай вайны прысвяціў свой мастацкі твор і Барыс Цітовіч. Карціну можна пабачыць у часовай экспазіцыі Вілейскага краязнаўчага музея “Дзве вайны – памяць адна”.
У чэрвені гэтага года у Вілейцы прайшоў VII раённы дзіцячы пленэр, прысвечаны Уладзіславу Стржэмінскаму.
Сваю новую працу “Вобразы”, да 125-годдзя з дня нараджэння Уладзіслава Стржэмінскага падрыхтаваў імастак Эдуард Мацюшонак. Карціна будзе прадстаўлена падчас вечарыны памяці, якая адбудзецца21 лістапада, а 17.00 гадзіне ў выставачнай зале імя Н.Ю.Сілівановіча.
Запрашаем усіх жадаючых!
Вольга Коласава,
старшы навуковы супрацоўнік
Вілейскага краязнаўчага музея.
Фота прадстаўлена аўтарам.