Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Зямлёй людвіноўскай пакліканыя

Курленка – прозвішча ў Людвінова вядомае. Сям’я славіцца даўнімі працоўнымі традыцыямі. Сумленна працавалі ў «Першым Беларускім» бацькі, працягваюць іх справу сёння дзеці. А калі скласці лічбы іх працоўнага стажу разам, атрымаецца роўна паўстагоддзя.
На здымку: Вольга і Дзмітрый Курленкі з сынам Арцёмам.

Фота Веранікі ШАБЕЛЬНАЙ.

 

На Вілейшчыну сям’я Курленка пераехала з Хойніцкага раёна Гомельскай вобласці ў 1990 годзе. Калгас “Стрэлічава” быў вядомы ўраджайнымі землямі і працавітымі людзьмі, але Чарнобыль унёс свае карэктывы ў рэчаіснасць. Мікалай Яўгенавіч з Нінай Сяргееўнай і сынам Дзмітрыем абсталяваліся ў Людвінова, і ўжо тут нарадзіўся і іх малодшы, Максім.

Мікалай Курленка. Фота з архіва рэдакцыі

Галава сям’і ўладкаваўся на працу ў мясцовую гаспадарку, механізатарам у «Першым Беларускім» ён працаваў да нядаўняга часу, з кастрычніка бягучага года – на заслужаным адпачынку. Неаднойчы яго імя было ў спісе перадавікоў гаспадаркі – да абавязкаў заўсёды ставіўся адказна, сумленна. А Ніна Сяргееўна працавала ў сталоўцы, спачатку поварам, потым – загадчыцай, зараз яна на адпачынку. Але на пенсіі не сумуюць – і гаспадарку трымаюць, і клопатамі дзяцей жывуць. А яны ўжо дарослыя…
Старэйшы сын Курленкаў, Дзмітрый, пасля заканчэння школы паступіў у Маладзечанскі гандлёва-эканамічны каледж. Атрымаўшы прафесію бухгалтара, вярнуўся ў родную вёску. Спачатку вольнага месца для працы па яго спецыяльнасці не было – прапанавалі месца дыспетчара аўтагаража. У гэтай якасці Дзмітрый адпрацаваў два гады. Потым з’явілася месца ў бухгалтэрыі «Першага Беларускага» – там ён таксама адпрацаваў два гады. Праца брыгадзірам вытворчага ўчастка, затым – начальнікам участка, начальнікам галіны раслінаводства – гэта былі яго прафесійныя прыступкі і пошук сябе. Сёння Дзмітрый Курленка выконвае абавязкі галоўнага агранома і, прызнаецца ён, работу гэту любіць. Першы агранамічны вопыт атрымаў падчас паездак на Гомельшчыну: калі з братам былі яшчэ школьнікамі, на канікулы прыязджалі да бабулі з дзядулем, які і вучыў іх працаваць на зямлі. Як паказаў час, дзядулевы ўрокі не былі дарэмнымі. Ужо восьмы год Дзмітрый Курленка працуе ў раслінаводстве. Удзячна ўспамінае, што ў першыя гады працы ў гэтай якасці яго падтрымлівалі і калектыў, і кіраўніцтва, ды і парады бацькі-механізатара, з якім працавалі поруч, не былі лішнімі. Увесь час – сярод людзей, у пастаянным руху – і гэта яму таксама падабаецца. Як і калектыў, у якім сёння пераважаюць маладыя людзі. А як жа асабістае жыццё? Усё склалася так, як і павінна было. Вольга, жонка Дзмітрыя, – мясцовая. Канешне, яны ведалі адзін аднаго, а пасля з’явілася і сімпатыя, якая перарасла ў рэшце рэшт у сям’ю. Дзяўчына вывучылася на повара ў сталіцы і, вярнуўшыся ў Людвінова, прыйшла працаваць у мясцовую сталовую. Там працуе і сёння ў якасці загадчыка аддзела грамадскага харчавання ААТ «Першы Беларускі». У Дзмітрыя і Вольгі падрастае сын – сямігадовы Арцём. Найлепшы сямейны адпачынак для маладой сям’і і іх агульнае захапленне – з’ездзіць утраіх у цікавыя мясціны Беларусі. З нядаўніх вандровак – трохдзённая паездка на Браслаўскія азёры, якія не толькі ўразілі сваёй прыгажосцю, але і пакінулі шмат уражанняў.
Максім, малодшы сын Курленкаў, сям’ёй пакуль не абзавёўся. Атрымаўшы ў сталіцы тэхнічную спецыяльнасць, ён вярнуўся ў роднае Людвінова і сёння працуе ў «Першым Беларускім» – у майстэрні мехдвара вартаўніком.
Так атрымалася, што людвіноўская зямля, якая для Мікалая Яўгенавіча і Ніны Сяргееўны Курленкаў стала другой радзімай, паклікала і іх сыноў – працаваць тут і жыць. Калі здараецца нагода, уся сям’я абавязкова збіраецца разам. «Дынастыя» – сямейная і працоўная – гэта пра іх, пра Курленкаў.
Таццяна ШАРШНЁВА.

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 148 queries