У першы дзень лістапада ў доме жыхаркі вёскі Мамаі Марыі Піліпаўны Мамай тэлефон званіў часцей, чым звычайна – у гэты дзень жанчына адзначыла свой 90-гадовы юбілей, віншавалі з якім яе блізкія (два сыны і дачка са сваімі сем’ямі, пяцёра ўнукаў і дзевяць праўнукаў), знаёмыя і сябры. Што і казаць, адметная дата, за якой столькі перажытага, адпакутаванага і нават трагічнага, што хапіла б, пэўна, не на адзін лёс. На ўсё хапіла сіл, усё перажылося, аднак не забылася. Вось і цяпер, праз дзясяткі гадоў, у думках і снах не-не і вернецца яна ў той далёкі ваенны час, калі пятнаццацігадовай дзяўчынкай разам з сям’ёй была вывезена на чужбіну…
– Мы жылі ў вёсцы Капішча, дзе, дарэчы, і цяпер стаіць наша хата, – пачала расказваць Марыя Піліпаўна – А ў вайну набедаваліся, ні ноччу, ні днём не было спакою. 26 мая 1944 года раніцой наляцелі нямецкія самалёты, пачалі бамбіць, загарэліся саламяныя стрэхі хат. Я, памятаю, пабегла хавацца далей ад вёскі, у жыта. Калі ўсё крышку сціхла, я пабегла дамоў. Бачу – хата наша ўжо гарыць, а мама выкідвае з яе нейкія вузлы з адзеннем… А неўзабаве немцы з аўтаматамі пагналі нас усіх у канец вёскі. Выстраілі ў рад, загадалі трымаць рукі за галавой. Насупраць нас – немец з кулямётам. Ну вось і ўсё, думаем, зараз расстраляюць… Так бы, мусіць, і было, бо нашу вёску немцы лічылі партызанскай. Але тут прыехаў аўтамабіль, з яго выйшаў афіцэр і некуды адправіў таго кулямётчыка. Нас жа хутка пагналі ў Вілейку, дзе пасадзілі ў таварныя вагоны, павезлі ў Беласток. А адтуль шлях ляжаў у Нямеччыну – у канцлагер Эрфурт. Страшэнны голад, холад, знявага – усё гэта зведалі палонныя дзеці, жанчыны, старыя…
Праз пэўны час Марыя і яе блізкія былі забраны на тытунёвую фабрыку. Праца ад цямна да цямна, з ежы – два разы на дзень бручка і адзін раз чай. На такім рацыёне людзі хутка знясільвалі, хварэлі.
– Памятаю, у маі сорак пятага мы, працуючы на фабрыцы, пачулі, як рвуцца снарады, ад чаго аж стогне зямля, – працягнула аповед Марыя Піліпаўна. – І вельмі хутка гэты гул нарастаў, а неўзабаве пачалі бамбіць і фабрыку. Мы забіліся ў нейкі падвал, а ўсё навокал грымела і рвалася. Пазней мы ўжо даведаліся, што гэта бамбілі амерыканскія самалёты. Ніколі не забуду і тое, як мы ўсе, вялікім натоўпам, беглі па вуліцы да бомбасховішча, а над намі ляталі амерыканскія самалёты, нібыта ахоўваючы нас..
Самае галоўнае, доўгачаканае слова «перамога» пачулі, расказала мая суразмоўца, у пячоры вялікай гары, дзе хаваліся людзі розных нацыянальнасцей, якія былі ў палоне і апынуліся на волі. «Як пачулі, што прыйшла перамога, дык абдымаліся, цалаваліся, плакалі ад радасці», – прыгадала Марыя Піліпаўна, і ў яе голасе пачуліся ноткі хвалявання. І пачаўся іх цяжкі шлях на радзіму: спачатку везлі амерыканцы, затым былых вязняў забралі свае, рускія, якія з Германіі праз Польшу прывезлі ў Беласток. Адтуль хто як мог даязджалі ў Мінск.
– На вакзале ў Мінску нехта згледзеў цягнік на Маладзечна, гружаны нейкімі дошкамі, – апісала свой далейшы шлях жанчына. – Дык мы неяк уселіся на гэтыя дошкі і паехалі. Хутчэй бы дамоў, хутчэй бы… А ўжо з Маладзечна да Вілейкі ехалі добра, у цягніку.
Капішча сустрэла сваіх вывезеных ворагамі жыхароў папялішчамі на месцах многіх хат. Праўда, той-сёй з вяскоўцаў ужо паспеў адбудавацца, некаторыя яшчэ жылі ў зямлянках. У такой на пэўны час знайшла прытулак і сям’я Марыі Піліпаўны. «Была восень сорак пятага, трэба было недзе зімаваць, адбудоўвацца і неяк жыць, – расказвала далей жанчына. – Галадалі, елі крапіву з лебядой, але ж рады былі, што дома, сярод сваіх».
Цяжкае пасляваеннае жыццё, калгас, амаль дармавая праца – праз усё гэта Марыя Піліпаўна, як, урэшце, і ўсе людзі таго пакалення, прайшла. Усё жыццё працавала ў калгасе, ад замужжа і па сёння жыве ў вёсачцы Мамаі. Яны з мужам далі жыццё траім дзецям – двум сынам і дачцэ, якія сёння ўжо на заслужаным адпачынку. Мае Марыя Піліпаўна пяцёра ўнукаў і дзевяць праўнукаў, якімі цешыцца і ганарыцца. «Аж не верыцца, што такія дарослыя праўнукі, старэйшай вунь дваццаць адзін год, у інстытуце вучыцца, – у голасе жанчыны чуецца гордасць і радасць за нашчадкаў, якія жывуць у міры, дастатку і згодзе. – Усе пры справе: хто працуе, хто вучыцца, хто яшчэ дашкольнік…»
Каб толькі былі здаровыя, каб не напаткала тое, што перажылі дзеці яе пакалення – гэта галоўнае, што жадае дзевяностагадовая юбілярша ўнукам і праўнукам. І каб абавязкова памяталі і былі ўдзячныя тым, хто перажыў тое ліхалецце і выстаяў.
Ірына БУДЗЬКО.
На здымку: Марыя Піліпаўна Мамай (справа) з сястрой Ірынай Піліпаўнай.
Фота прадстаўлена Яўгенам ДРЭЕРАМ