2 кастрычніка майму земляку, аднадумцу і сябру, цудоўнаму чалавеку і народнаму любімцу Уладзіміру Канстанцінавічу Барысевічу споўнілася роўна 90 год.
У гэты дзень а поўдні павіншаваць юбіляра сабралася амаль што ўся вёска Сакалоўка і шмат прыезджых гасцей. З гэтай нагоды арганізатарамі ўрачыстасці і канцэртнай праграмы выступілі Хаценчыцкі сельсавет і Лукавецкі Дом культуры. Ролю вядучай узяла на сябе Марыя Марачынская. Афіцыйную частку віншавання распачала старшыня Хаценчыцкага сельвыканкама Дзіяана Грабянёк. Ад імя Вілейскага райсавета юбіляра павіншавала і раённы дэпутат Таццяна Косцік. Свае віншаванні Уладзіміру Канстанцінавічу выказала сацыяльны работнік Святлана Малахава, вясковая «нянечка», як яе вяскоўцы называюць за яе дабрыню і пяшчоту да іх. Не застаўся ў баку і аўтар гэтых радкоў.

Пасля афіцыйнай часткі віншаванні мелі працяг ужо за цудоўным святочным сталом, які падрыхтавала адна са шматлікіх унучак юбіляра Марынка. За сталом гучала шмат пажаданняў юбіляру да самага вечара ў суправаджэнні канцэртнай праграмы, падрыхтаванай Лукавецкім ДК. Душэўныя і жартоўныя беларускія песні галасістых мясцовых артыстаў (не горш за сталічных), радавалі душу і сэрца. Гэта музыка і спявак Станіслаў Вайткевіч, Альфрэд Пагуда, Марыя Марачынская, Таіса Каспяровіч і Дзіяна Грабянёк. Упэўнены, што гэты дзень Уладзіміру Канстанцінавічу, ды й гасцям таксама, запомніцца на ўсё жыццё. Бо было ўсё арганізавана ад шчырай душы і сэрца, з улікам усіх нацыянальных традыцый і з вялікай павагай не толькі да юбіляра, але і да ўсіх, хто прыйшоў павіншаваць свайго земляка, аднавяскоўца і сябра.
Алесь РАТКЕВІЧ.
Фота прадстаўлена аўтарам








