Сто гадоў мінула, як скончылася Першая сусветная вайна. Здаецца, ужо няма ўдзельнікаў тых падзей, няма сведкаў, але застаецца Памяць. Разглядаючы старыя фотаздымкі ў сямейных альбомах, мы раз-пораз заўважаем фотакарткі з нашымі прадзядулямі і дзядулямі, што акуратна апрануты ў форму імператарскай арміі. Усё часцей бачым сюжэты і чытаем артыкулы аб тым, што на ўсіх узроўнях вяртаецца памяць той вайны. Але найбольш адметнымі і цікавымі момантамі з’яўляюцца тыя, калі ты чуеш цікавую гісторыю захавання сямейнай памяці аб удзельніках «Мікалаеўскай вайны». Аб тым, што віляйчане, як гераіня нашага артыкула, старанна захоўваюць пісьмы і рэчы іх продка, які ваяваў на палях Першай сусветнай вайны, быў у няволі і вярнуўся ў родную вёску.
Тое, што апавядае віляйчанка Наталля Аляксандраўна Урублеўская, падаецца незвычайным. Лёс яе дзядулі, удзельніка Першай сусветнай, можна прасачыць, нават не зазіраючы ў старыя дакументы архіваў. Ён увесь – у пісьмах з фронту і нямецкага лагеру для ваеннапалонных, што старанна захоўваюцца на працягу больш чым за сто гадоў у яе сям’і. Спачатку іх пасля вяртання з вайны па ўсіх родных і знаёмых, відаць, сабраў сам Лука Іванавіч Маркевіч, удзельнік Першай сусветнай з Баранцаў. Бо ў сямейным архіве захоўваюцца як пісьмы з фронту і лагеру, так і адказы родных яму на фронт, у германскі плен. Пасля таго, як Лукі Маркевіча не стала, усе пісьмы старанна захоўвае яго ўнучка Наталля Аляксандраўна.
Лука Іванавіч Маркевіч нарадзіўся ў вёсцы Баранцы ў 1893 годзе. Яго бацькі рана памерлі і яго выхоўвала родная цётка Еўфрасіння. Пасля пачатку Першай сусветнай вайны яго прызвалі ў армію. Ён ваяваў у радах 220-га пяхотнага Скопінскага палка. Удзельнічаў у баях падчас Усходне-Прускай, Віленскай, Нарочскай і Баранавіцкай аперацый. Першае пісьмо з дзеючай арміі датавана 4 ліпеня 1915 года. У сваіх лістах з фронту Лука Іванавіч піша пра тыя цяжкасці, з якімі яму прыйшлося сутыкнуцца ў вучэбнай камандзе, пра тое, каб часцей пісалі родныя і блізкія яму людзі. Піша, што вучэнні надта цяжкія: пачынаюцца ў 4 гадзіны раніцы і завяршаюцца каля 12 ночы. Займаюцца яны і ў дождж, і ў спякоту, калі пад вечар «абліваемся крывавым потам». У кожным пісьме Лука Іванавіч просіць родных, каб пісалі як мага часцей, бо весткі ад родных вельмі саграваюць ў такія перыяды жыцця. Ён шмат піша цёткам, адна з якіх працавала ў заможнага гараджаніна Зублевіча, што жыў у Вілейцы. У некаторых пісьмах крыўдзіцца, што напісаў каля двух лістоў, а ні на адзін адказу не атрымаў. Праўда, потым сам сябе суцяшае, што гэта фронт – і пісьмы могуць не даходзіць.
Апошняе пісьмо з дзеючай арміі было датавана 12 лютым 1916 года – у ім Лука Маркевіч піша аб тым, што 10 сакавіка ён накіроўваецца на фронт. Прайшоў час, і наступнай весткай яго родным стане ўжо картачка з няволі – ён трапіў у лагер ваеннапалонных у горадзе Саарбрукен. Самая першая картка з лагера датавана 1 жніўня 1916 года.
– Памятаю, мой дзядуля крыху распавядаў пра палон, расказваючы нам, што там дрэнна кармілі – давалі толькі параную бручку, – узгадвае Наталля Аляксандраўна. – Ён на фронце, падчас газавай атакі, атрымаў апёк лёгкіх. Усё астатняе жыццё ў яго была «дыхаўка», і сабе на ноч дзядуля абавязкова ставіў збанок з вадою.
Захавалася ў сямейным архіве нашай суразмоўцы шмат картак з Германіі Лукі Маркевіча і зваротных адказаў яго родных. Цікава, што ў некаторых пісьмах з палону Лука Іванавіч просіць прыслаць яму сухароў і чаго іншага. А потым, у наступных лістах, дзячыць, што выслалі пасылкі. Гэта паказвае, што кожная пасылка і пісьмо ў палон даходзілі.
Пасля вайны Лука Іванавіч вярнуўся ў родную вёску, абзавёўся сям’ёй. У Вялікую Айчынную яго па ўзросту ў армію не прызывалі, але немцы, падчас акупацыі, хацелі забраць разам з падводай пад Смаргонь. Тады яму пашанцавала – удалося ўцячы і вярнуцца ў родную вёску. Пасля смерці жонкі ён адзін выгадаваў чатырох дочак. У пасляваенны час працаваў на нафтабазе вартаўніком. Памёр у 1978 годзе і пахаваны ў родных Баранцах.
Шмат цікавага рассказала нам Наталля Аляксандраўна пра сваіх продкаў. У яе сямейным архіве ёсць звесткі не толькі пра дзеда, удзельніка Першай сусветнай,
але і гісторыя пра прабабулю мужа, якая плыла на “Тытаніку” і цудам выратавалася.
Аднак, гэта тэма іншых публікацый. А пісьмы, што старанна захоўваюцца ў сям’і, у той ільняной торбачцы, у якую іх некалі ў пачатку стагоддзя паклаў Лука Маркевіч – гэта цэлы пласт гісторыі нашага народа, што можна паказаць на прыкладзе аднаго чалавека. Нездарма частка пісем і фотаздымкаў з сямейнага архіва Наталлі Аляксандраўны знайшлі пачэснае месца ў экспазіцыі Вілейскага краязнаўчага музея. Трэба памятаць свой род!
Сяргей ГАНЧАР.
Фота аўтара і прадстаўлена Наталляй Урублеўскай