Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Сваё 80-годдзе адзначыў выбітны беларускі празаік Леанід Кірэевіч Левановіч

14 верасня сваё 80-годдзе адзначыў выбітны беларускі празаік Леанід Кірэевіч Левановіч. Сёння ён стала жыве ў вёсцы Пятрылава, што на Вілейшчыне, займаецца пчалярствам, разам з жонкай Рагнедай вядзе невялікую гаспадарку, наталяецца прыгажосцю лясной вёсачкі, шчабятаннем птушак і пахам чабору, піша невялікія замалёўкі ў раёнку і працуе над сваімі раманамі. У дзень народзінаў пісьменніка нам пашанцавала разам з вілейскім паэтам Уладзімірам Цануніным павіншаваць Леаніда Кірэевіча.

У вёсачцы Пятрылава, схаванай сярод лясоў хаценчыцкага краю, зараз з жылых засталося толькі шэсць хат. Але яна мае нейкую спрадвечную прыгажосць беларускіх вёсак, дзе, здаецца, ніяк не магчыма наталіцца гэтым чыстым паветрам, ап’яняючай цішынёй і быццам незнарок ледзь кранальным шапаценнем зялёнага бору. Пах спелых яблыкаў і верасу сустракаў нас з Уладзімірам Цануніным у Пятрылаве. Тут, ва ўтульнай хаце са столлю з бэлькамі, разной канапай і прыгожымі каванымі ручкамі на дзвярах з 1992 года стала жыве Леанід Кірэевіч са сваёй жонкай Рагнедай Аляксандраўнай. “Гэта мая княгіня, – усміхаючыся, з замілаваннем кажа Леанід Кірэевіч. – Разам мы ўжо 53 гады”. Гэта сапраўдная дата – разам больш за паўстагоддзя. Гледзячы на гэту пару, разумееш, што ў іх нават аднолькавыя шчырыя вочы, бо яны – як адно цэлае: усмешлівыя, прыветлівыя і гасцінныя. “Мы, калі распісваліся, то ў сельсавеце нам сказалі, што скончыліся бланкі. А потым прапанавалі: “Калі хочаце, то садзіцеся і самі па ўзоры разлінейвайце сабе бланк”. Я так і зрабіў”, – узгадвае Леанід Левановіч. Раз-пораз нашу размову перапыняюць тэлефонныя званкі – гэта віншуюць юбіляра шматлікія сябры і знаёмыя.

Творы Леаніда Левановіча называюць “праўдай жыцця і сілай слова”. Чаго толькі каштуе яго эпічны цыкл, працу над якім ён распачаў яшчэ ў 1976 годзе. У выніку з’явіліся раманы “Шчыглы” (1986), “Паводка сярод зімы” (1989), “Дзікая ружа” (1993), “Сіняе лета” (1998), “Бесядзь цячэ ў акіян” (2003), “Палыновы вецер” (2006). У цэнтры эпапеі – лёс вялікай сям’і Сахутаў, паказаны праз лёс гісторыі вялікай краіны ад гадоў ваеннага ліхалецця і да 1990-х гадоў вялікіх перамен.
Нарадзіўся Леанід Левановіч у 1938 годзе ў сялянскай сям’і, у вёсцы Клеявічы Касцюковіцкага раёна. Служыў на Балтыйскім флоце. Скончыў факультэт журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Працаваў ва ўстановах культуры Дзяржынскага і Касцюковіцкага раёнаў, у газетах «Знамя юности», «Сельская газета», штотыднёвіку «Літаратура і мастацтва», часопісах «Нёман», «Полымя», на беларускім тэлебачанні, у выдавецтве «Мастацкая літаратура». Кнігі Леаніда Левановіча выдаюцца вялікімі тыражамі, напрыклад, кніга “Якорь надежды” ў 1991 годзе выйшла накладам у 150 тысяч экзэмпляраў. У 1999 годзе пісьменніку была прысуджана Літаратурная прэмія імя I. Мележа.

Яшчэ ў маладосці Леаніда Лявонава, а гэта сапраўднае прозвішча пісьменніка, блыталі з аўтарам шырока вядомага на ўвесь Савецкі Саюз рамана “Рускі лес”, таму сам Іван Мележ параіў маладому пісьменніку падпісвацца Левановіч. Так і пайшло. Пазнаёміўшыся з творамі Леаніда Кірэевіча разумееш, што вядомага савецкага Леаніда Лявонава ён даўно пераўзышоў. Гэта сапраўдны Народны пісьменнік Беларусі, але не дзеля звання “народны”, а таму што з народа і піша для свайго народа. Хаця мае творы перакладзеныя на іншыя мовы свету, а частка яго раманаў выдадзена нават у ЗША.

На развітанне Уладзімір Цанунін праспяваў некалькі сваіх песень, бо з нагоды узяў з сабою гітару. Потым усе разам зрабілі фотаздымак на добры ўспамін. Моцнага здароўя і натхнення, паважаны Леанід Кірэевіч, а мы будзем чакаць ад вас новых твораў.

Сяргей ГАНЧАР.

Фота аўтара

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 142 queries