Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

У Нацыянальным гістарычным музеі ў чарговы раз гучала Вілейшчына

У мінулую пятніцу ў Нацыянальным гістарычным музеі ў чарговы раз гучала Вілейшчына. Так, гэта не абстрактныя словы, а рэаліі, бо там быў прэзентаваны для шырокай грамадскасці аўтарскі выставачны праект вядомага калекцыянера і гісторыка Уладзіміра Ліхадзедава, якога мы можам лічыць віляйчанінам, бо яго творчая майстэрня праекта адчынена менавіта ў нашым горадзе. Сумесна з музеем Першай сусветнай вайны в. Заброддзе Вілейскага раёна і ўласна з сям’ёй Цітовічаў Уладзімір Ліхадзедаў прадставіў зусім іншы погляд на выставачную дзейнасць, што змяняе прадстаўленне аб традыцыйнай дэманстрацыі музейных прадметаў і рарытэтаў.

У лістападзе гэтага года свет адзначае стагоддзе з дня заканчэння аднаго з самых кровапралітных узброеных канфліктаў у гісторыі чалавецтва – Першай сусветнай вайны. Вынікі гэтай вайны стагоддзе таму не аказалі патрэбнага ўздзеяння, бо праз дваццаць год пачалася новая сусветная вайна. З цягам часу героі і подзвігі Першай сусветнай былі аддадзены забыццю. Наш абавязак, як нашчадкаў тых салдат, што ваявалі на франтах Першай і Другой сусветных войнаў, памятаць і шанаваць, нават праз стагоддзе…

«Погляд паабодва бакі фронту» – так ахарактарызаваў Уладзімір Ліхадзедаў канцэпцыю выставы «Беларусь 1914-1918. Вайна і мір», што адчынілася не ў музейных залах, а ў старадаўніх будынках былых канюшняў Мінскага аддзялення Дзяржаўнага банка Расійскай імперыі, якія знаходзяцца ў музейным дворыку Нацыянальнага гістарычнага музея.

– Гэтыя сцены старэйшыя за Першую сусветную, – адзначыў на адкрыцці выставы Уладзімір Ліхадзедаў. – Тут у пачатку стагоддзя размяшчаўся Дзяржаўны банк і розныя яго гаспадарчыя памяшканні, што цудам уцалелі падчас падзей мінулага стагоддзя. У Першую сусветную вайну тут, калі былі рускія войскі ў Мінску да 1918 года, гэтыя памяшканні выкарыстоўваліся на патрэбы рускай арміі. А потым ужо, калі ў 1918 годзе прыйшлі немцы, яны выкарыстоўваліся на патрэбы нямецкай арміі. Чалавек, які заходзіць у гэтыя памяшканні, не проста глядзіць фотаздымкі таго часу, а як быццам адчувае сябе ці на полі бою, ці ў лазарэце, ці ў акопе.

І сапраўды, кожны будынак адпавядае атмасферы Першай сусветнай, таму і фотаздымкі, і старыя паштоўкі разам з рарытэтнымі экспанатамі ў падобных інтэр’ерах набываюць асаблівую атмасферу і значнасць. Тым больш, што на выставе знакамітага калекцыянера старадаўніх фатаграфій і паштовак, лаўрэата прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «За духоўнае адраджэнне» Уладзіміра Ліхадзедава, у Нацыянальным гістарычным музеі былі прадстаўлены эксклюзіўныя фотаматэрыялы з яго прыватнай калекцыі, што дэманструюць вайну і мір у жыцці салдат дзеючых армій, жыхароў беларускіх гарадоў і вёсак. Экспазіцыя прадстаўляе баі і франтавы побыт, дагляд параненых і трагедыю бежанцаў – словам, усе тыя тэмы, што былі надзённымі на той час, стагоддзе таму, і паказаны яны вачыма салдат і мірных жыхароў паабодва бакі фронту.

Яркім элементам экспазіцыі выставы сталі ўнікальныя для Беларусі матэрыяльныя помнікі Першай сусветнай вайны, выстаўленыя ў памяшканнях і на адкрытым паветры: аэраплан, санітарны фургон, палявая кухня, элементы ваенных умацаванняў – усё гэта здабыткі сям’і Цітовічаў з Вілейшчыны, якія старанна, па драбніцах, збіраюць і захоўваюць нашу агульную памяць пра падзеі Першай сусветнай вайны. Створаны іх намаганнямі музей падзей Першай сусветнай вайны на Вілейшчыне, што месціцца на былой прыфрантавой паласе каля вёскі Заброддзе Нарачанскага сельсавета, адзіны на ўсёй тэрыторыі Беларусі.

– Тэма Першай сусветнай вайны для мяне вельмі балючая, бо мой прадзед ваяваў на яе франтах і трапіў у нямецкі палон, з якога збег, – падзяліўся на адкрыцці выставы Уладзімір Ліхадзедаў. – Каб адчуць тую вайну, трэба паглядзець на яе падзеі з двух бакоў – расійскага і нямецкага. Таму практычна кожны сюжэт-жыццё ці то ваеннага шпіталя, ці сцэнка з акопнага жыцця, прадстаўлены расійскімі і нямецкімі фотаздымкамі. Гэтую тэму я працягну ў сваёй новай кнізе, дзе будуць сабраныя сотні ўнікальных паштовак і фотаздымкаў на тэму Першай сусветнай вайны.

– Сённяшняя выстава – знакавая падзея для Беларусі, – адзначыў падчас адкрыцця выставы міністр інфармацыі Беларусі Аляксандр Карлюкевіч. – Творчасць Уладзіміра Ліхадзедава легла ў аснову не толькі шэрагу кніг, публікацый, выстаў, але і навуковых канферэнцый. Сабраны ім матэрыял яшчэ трэба будзе старанна вывучыць і прааналізаваць.

На адкрыцці выставы прысутнічалі і іншыя знакавыя госці: старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Міхаіл Мясніковіч, генеральны пракурор Рэспублікі Беларусь Аляксандр Канюк, паслы ФРГ і Рэспублікі Польшча ў Беларусі, прадстаўнікі іншых дыпламатычных місій, духавенства. Уладзімір Ліхадзедаў перадаў у дар паслу ФРГ і Польшчы, прадстаўнікам расійскай амбасады ўнікальныя гістарычныя матэрыялы аб Першай сусветнай вайне, якія датычацца іх краін, а таксама зрабіў падарункі Нацыянальнай бібліятэцы і Нацыянальнаму гістарычнаму музею.

Паэтычная кампазіцыя ў выкананні Валянціны Цітовіч завяршыла афіцыйную частку адкрыцця выставы ў Нацыянальным гістарычным музеі. І гэта стала як эпілогам вечарыны, так і прадмовай да дзясятка мерапрыемстваў, што адбудуцца ў гонар 100-годдзя заканчэння Першай сусветнай, у тым ліку і на Вілейшчыне.

«Наши внуки будут удивляться,
Перелистывая страницы учебника:
«Четырнадцатый… семнадцатый… девятнадцатый…
Как они жили!.. Бедные!.. Бедные!..»
Ілья Эрэнбург.

Сяргей ГАНЧАР.

Фота аўтара

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 147 queries