Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Кветкі ад Прэзідэнта – для Валерыя Скаражонка

У Палацы Рэспублікі нядаўна адбыўся сольны канцэрт нашага земляка, саліста Беларускага дзяржаўнага ансамбля «Песняры», Валерыя Скаражонка. На яго ён запрасіў сваіх землякоў-віляйчан, сярод якіх мне пашчасціла быць. Хочацца падзяліцца ўражаннямі ад дзеі на сцэне і не толькі.
Па-першае, уразіў сам Палац Рэспублікі сваёй велічнасцю, прыгажосцю і высокім мастацкім густам афармлення. Усюды: у фае, зале гучала народная музыка, якая стварала адпаведны настрой.
Дарэчы, гэтую праграму Валерый падрыхтаваў да знакавай даты – 33-годдзя сваёй творчай дзейнасці. Правядзенню данага мерапрыемства садзейнічала Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, гарадскі выканаўчы камітэт, ЗАТ «Другі нацыянальны тэлеканал».
Дзея на сцэне пачалася з песні Ігара Лучанка і Алеся Ставера «Журавы на Палессе ляцяць». Гэтаму своесабліваму, амаль класічнаму шлягеру, артыст надаў сучаснае гучанне, падкрэсленае індывідуальнасцю сваёй выканаўчай манеры. Песню суправаджала выступленне аматарскага калектыву «Равеснік» Рэспубліканскага Палаца прафсаюзаў. І гледачоў не пакідала ілюзія жураўлінага кліна, створанага пластычнымі рухамі самадзейных артыстаў. На юбілейны канцэрт былі запрошаны сябры Валерыя – з усяго свету госці. Гледачы вельмі цёпла прымалі Алену Ланскую і балет пад кіраўніцтвам Яўгеніі Чарнышовай з песняй «Васільковае неба», Валянціна Бад’ярава, лаўрэата міжнародных конкурсаў, групу «Белавежская пушча», харэаграфічны ансамбль «Свавольныя агеньчыкі», дуэт «Белая Русь». Таксама вельмі ўразілі сваім выступленнем расійская група «Поющие гитары», саліст Нью-Йоркскай оперы Яўген Шапавалаў, народны артыст Украіны Мікалай Гнацюк.
На сцэне пелі «Песняры», дзе сярод іх быў і яшчэ адзін наш зямляк – Сяргей Шкурдзе.
Мяне больш за ўсіх уразіла песня з рэпертуара расійскага барда Дзямідыча «Ветэран» у выкананні Валерыя і народнага ансамбля ветэранаў вайны і працы «Памяць сэрца». Гэта песня па-сапраўднаму ўскалыхнула маю душу.
І калі ў чарговы раз выйшаў на сцэну Скаражонак са сваёй дачкой Кацярынай, зала ў чаканні прыціхла. Але калі яны заспявалі, зала ўзарвалася апладысментамі. І ўжо не выклікала сумленне рэпліка вядучага: «на гэтым дзіцяці прырода не адпачывае».
Сярод тых, хто выйшаў у той вечар на сцэну з віншаваннямі, быў і наш знакаміты кампазітар Ігар Лучанок.
Суправаджаў канцэрт Прэзідэнцкі аркестр Рэспублікі Беларусь пад кіраўніцтвам галоўнага дырыжора Віктара Бабарыкіна. Кацэрт вялі тэлевядучыя другога нацыянальнага тэлеканала Кацярына Валовік і Аляксандр Сярэбраннікаў. І кожны з вас, паважаныя чытачы, у хуткім часе зможа ўбачыць канцэртную праграму на тэлеканале АНТ. Дзякуй, зямляк. Заслужаная ўдзячнасць за твой талент і працавітасць – кветкі ад Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі.
Раіса СОНІЧ

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 168 queries