1 верасня 1973 года, сорак пяць гадоў таму, адчыніў дзверы новы будынак Іжанскай сярэдняй школы. Гэтай падзеі чакалі вучні, настаўнікі, бацькі, якія вучыліся і працавалі ў старым будынку ў тры змены. Трэцяй была вячэрняя школа. Размяшчаліся тады ў трох класах, а месца ўсё роўна не хапала. І вось нарэшце адкрылася новая школа! Сёння былыя вучні, настаўнікі, жыхары навакольных вёсак з удзячнасцю ўспамінаюць першага дырэктара школы Святаслава Іванавіча Клямячыца, дзякуючы намаганням якога гэта і адбылося. Урачыстасць адкрыцця цудоўнага будынка адбывалася не з параднага ўваходу, бо ён яшчэ не быў гатовы, а з запаснога. Тых кіраўнікоў, якія прысутнічалі на ўрачыстасці, старшыняў калгаса і сельсавета, намесніка старшыні райвыканкама Г. А. Сцяшко, дырэктара С. І. Клямячыца, намесніка дырэктара М. М. Чаеўскага, ужо, на жаль, няма ў жывых. Яны засталіся толькі ў нашых успамінах і ў фотаздымках. З настаўнікаў, якія тады працавалі, засталіся толькі пяцёра. Памятаю, каб прывесці ў парадак школьную тэрыторыю, мы, настаўнікі і старшакласнікі, працавалі пасля ўрокаў.
На здымку: настаўнікі-ветэраны (на пярэднім плане) у час святочнай лінейкі
Прайшоў пэўны час, і на змену С. І. Клямячыцу прыйшоў былы вучань Іжанскай школы М. М. Кунавіч. Змяніліся ўмовы працы. У дзявятыя класы сталі больш прыходзіць вучні з Чурлёнскай і Слабадской васьмігодак, якія раней жылі па кватэрах, а цяпер у старым будынку школы размясціўся інтэрнат. З’явіліся паралельныя класы, прыйшлося на другім паверсе дабудоўваць класны пакой. Вучыліся і ў піянерскім пакоі, а колішні настаўніцкі гардэроб таксама прыстасавалі пад клас. Памятаю, як весела было заўсёды ў актавай зале, дзе праводзіліся ўрокі спеваў…
Вельмі многае было зроблена за гады дырэктарства М. М. Кунавіча (а ён кіраваў установай 26 гадоў). Адной з першых у раёне наша школа перайшла на кабінетную сістэму. Не забуду той час, калі быў дадзены кліч «Кожная школа павінна мець трусаферму!», і на тэрыторыі нашай установы з’явіліся новыя памяшканні. Былі закуплены жывёлы, створаны звенні юных трусаводаў. Ферма нашай школы была прызнана самай вялікай у раёне, да нас нават прыязджала здымаць на тэлебачанне. За вялікі ўклад у справу трусагадоўлі некалькі нашых вучняў былі адзначаны паездкай на ВДНГ у Маскву.
На вышыні была на той час і наша піянерская дружына. Піянерважатай тады была Галіна Іванаўна Лукша, сумленная праца якой таксама адзначалася паездкамі ў Грузію і Манголію, яна выбіралася дэлегатам на злёт лепшых піянерважатых у Маскву. І менавіта яна, Галіна Іванаўна, у свой час замяніла на дырэктарскай пасадзе Мікалая Мікалаевіча, прайшоўшы ўсе прыступкі – ад піянерважатай да дырэктара. Дзевяць гадоў узначальвала Галіна Лукша школьны калектыў, і гэты перыяд запомніўся многімі цікавымі зменамі, прапановамі і перспектывамі. Менавіта ў той час быў створаны камп’ютарны кабінет, у школе з’явілася многа кветак, і ўстанова стала падобнай на батанічны сад. Прыйшло новае пакаленне педагогаў, з новымі ідэямі і планамі – жыццё працягвалася.
На змену Галіне Іванаўне Лукша прыйшла малады дырэктар Святлана Іванаўна Хадановіч, за плячыма якой таксама быў шлях ад піянерважатай да дырэктара. Сёння школьны двор патанае ў зеляніне, дзіцячая пляцоўка (ужо трынаццаць гадоў у школе размяшчаецца і дзіцячы садок) – нібы сапраўдная казка… Тут у памяць пра адзінага ў раёне загінуўшага ў Афганістане земляка Мікалая Каляду, які вучыўся ў нашай школе, пасаджана алея туй…
Нам, пенсіянерам, якія працавалі ў школе раней, ёсць што ўспомніць і чым ганарыцца. Не раз наша ўстанова была пераможцай у сацыялістычных спаборніцтвах. У гэтым, напэўна, ёсць і наша заслуга. А якія настаўнікі працавалі ў школе! Ніна Львоўна Касяк атрымала званне «Заслужаны настаўнік БССР». Выдатнікамі асветы БССР сталі Алена Аляксееўна Квяткевіч, Таццяна Мацвееўна Шарафановіч, а Мікалай Мікалаевіч Кунавіч – выдатнікам асветы БССР і СССР. Адзіным выхавацелем-метадыстам у раёне была і аўтар гэтых радкоў. І самае галоўнае, што ўсе настаўнікі, якія працавалі ў школе, былі мясцовымі. Вось ужо сапраўды, «дзе нарадзіўся, там і прыгадзіўся». Думаецца, гэта вельмі важна адзначыць цяпер, калі мы жывём у Год малой радзімы.
Сёлетняя святочная лінейка, прысвечаная пачатку новага навучальнага года і 45-годдзю новага будынка школы, кранула ўсіх нас – педагогаў старэйшага пакалення, дзяцей, бацькоў і гасцей – да глыбіні душы. Ідучы на першы ўрок, прысвечаны Году малой радзімы, мы бачылі ў фае і калідоры многа фотаздымкаў былых гадоў, на якіх мы яшчэ маладыя, а нашы вучні – сёння ўжо дарослыя – юныя. І ў памяці ажывалі тыя незабыўныя імгненні, якія ніколі не забудуцца. Самае важнае, што мы сёння можам ганарыцца сваімі вучнямі, якія засталіся працаваць на бацькаўшчыне кіраўнікамі, спецыялістамі, механізатарамі, работнікамі ферм. Тут іх маленькая радзіма, іх карані, іх мінулае і будучае, тут жыць ім і іх дзецям.
Мы, педагогі-ветэраны, былі запрошаны на першы ўрок, і кожны з нас сказаў вучням і іх настаўнікам сваё слова. Я, Н. І. Лосева, Т. М. Шарафановіч пажадалі ім поспехаў на няпростым, але такім цікавым шляху ў Краіну Ведаў. А яшчэ мы былі прыемна ўражаны тым, наколькі таленавітыя дзеці вучацца ў школе. Пазнавальным быў і ўрок, праведзены настаўнікамі беларускай мовы і літаратуры Вандай Антонаўнай Хадасевіч і гісторыі Людмілай Леанідаўнай Гатоўка. Мы ўдзячны адміністрацыі школы, прафкаму за тое, што не забываюць нас, заўсёды віншуюць са святамі і юбілейнымі датамі, запрашаюць на школьныя ўрачыстасці. Няхай і надалей дэвізам школы будуць вершаваныя радкі М. М. Кунавіча, з якіх пачаўся гэты матэрыял.
Лія Цімафееўна ХАДАНОВІЧ,
былая настаўніца Іжанскай сярэдняй школы.
Фота прадстаўлена Іжанскай школай