Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

На працу едзе «біржа»

Верасень – самы сур’ёзны бухгалтар, ён падсумоўвае ўсе веснавыя і летнія клопаты, даючы ім адзнаку ў лічбавым вызначэнні. Жніво скончана, залаты ўраджай спарадкаваны, на бульбяных палетках Вілейшчыны працягваецца ўборка другога хлеба. Штораніцы ад мэблевага магазіна адпраўляюцца аўтобусы з працоўным дэсантам – гэта едзе «біржа». Такім словам звычайна называюць людзей, зарэгістраваных у раённым цэнтры занятасці. Як расказала галоўны спецыяліст цэнтра Алена Сяляўка, з пачатку бягучага года 409 чалавек былі зарэгістраваны ў іх службе, і, зазначыла Алена Анатольеўна, гэта лічба пастаянна змяняецца.

На працягу жніўня «біржавікі» ездзілі ў ДСУ-13 – сеялі траву, выконвалі работы па планаванні адкосаў. З апошняга летняга месяца пачалі ездзіць і на традыцыйную ўборку бульбы. У «Новай Віліі» бульбу і збіралі, і перабіралі. Некаторы час «працоўны дэсант» ездзіў у «Алую зару» – там збіралі каменне з палёў.
На гэтым тыдні дапамогу ад цэнтра занятасці штодзень чакалі ў Нарачанскіх зорах», дзе часовыя работнікі збіралі каменне, і ў «Новай Любаніі» – на ўборку другога хлеба.
– Бульба сёлета неблагая, – расказалі мае субяседнікі – Аляксандр Салаўёў (брыгадзір), Таісія Капура, Вольга Казак, Ганна Кулеш і Святлана Лісічонак (на здымку). Для іх гэты сезон – не першы. Працуюць сумленна, бо ведаюць: па працы – і вынік. З усімі работнікамі заключаюцца дагаворы падраду, іх праца аплочваецца згодна заканадаўству.
Ранішні збор, традыцыйная зверка спісаў, пераклічка – і аўтобус з працоўным дэсантам адпраўляецца насустрач чарговаму працоўнаму дню.
Таццяна ШАРШНЁВА. Фота аўтара

 

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 190 queries