Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Дзе на Вілейшчыне захоўвалі «скарб»

Нашы продкі валодалі сакрэтамі не толькі ў агульным ладзе жыцця, але і ў традыцыях народнага будаўніцтва. Звычайная беларуская сялянская сядзіба ўяўляла сабой цэлы сусвет, яна была паказчыкам паўсядзённай культуры і дабрабыту. Сялянская сядзіба з’яўлялася сведчаннем ўладкаванасці не толькі пэўнай сям’і, але і цэлага грамадства. Сярод шматлікіх будынкаў такой традыцыйнай сядзібы былі і вельмі адметныя і ўнікальныя. У чарговым артыкуле «Страчанай спадчыны» хацелася б распавесці пра вельмі цікавы будынак сялянскага і шляхецкага двара – клець.

Беларуская сядзіба – гэта не асобная хата, а вялікі двор, у якім будавалася шмат будынкаў, як жылых, так і гаспадарчых. Асобная роля сярод іх адводзілася клеці. Зараз такія пабудовы ўжо не ўзводзяць – няма патрэбы. А яшчэ да сярэдзіны мінулага стагоддзя клець, свіран ці лямус быў неад’емнай часткай двара кожнага гаспадара. Хаця такія цікавыя, амаль квадратныя, пабудовы без вокан і з дахам з бярвенняў «закотам» яшчэ можна сустрэць сёння ў вёсках Вілейшчыне, ды дзе-нідзе, нават, пабачыць такую будыніну можна і ў самой Вілейцы. Пацікавімся гісторыяй гэтага адметнага будынка, якія, на жаль, мы страчваем.

хранить сокровища
Архітэктар Анатоль Капцюг і краязнавец Анатоль Рогач каля клеці ў Карэкаўцах

На працягу стагоддзяў сядзіба беларуса перажывала істотныя змены, якія адлюстроўвалі сацыяльную і эканамічную эвалюцыю ўсяго грамадства. Але на працягу гэтага часу народныя майстры знаходзілі разнастайныя архітэктурныя формы і каноны будаўніцтва, якія ўвасаблялі ў сабе багаты гістарычны вопыт многіх мінулых пакаленняў. Заўжды галоўным у сядзібе было жыллё – хата. Усе іншыя памяшканні дапасоўваліся да яе і размяшчаліся ў пэўнай паслядоўнасці – у залежнасці ад функцый, мэтазгоднасці, мясцовых традыцый, сацыяльнага статусу і індывідуальных густаў гаспадароў. Сярод шматлікіх пабудоў сядзібы ёсць тыя, што паўсталі яшчэ ў старажытныя часы, калі чалавек жыў у простай будыніне з ачагом пасярэдзіне. Такой старажытнай пабудовай з’яўляецца клець. Менавіта клець была прататыпам хаты ў старажытныя часы і такой заставалася ажно да сярэдзіны 20 стагоддзя, калі яшчэ на вёсцы маладыя пары да маразоў маглі там жыць. Значэнне клеці ў складзе сялянскіх пабудоў вызначалася не толькі яе прамым прызначэннем – быць асноўным сховішчам каштоўнасцяў сялянскай сям’і: адзення і таканіны, захоўвання збожжа, крупы, мукі і многіх іншых запасаў. Збудаванне клеці было пад стаць яе прызначэнню: секлася клець з добрага дрэва і з такой жа дбайнасцю, як хата. У клеці раней, чым у хатах, сталі рабіць трывалыя падлогі і старанна ўмацоўваць дах, каб засцерагчы маёмасць ад мышэй і «хвацкіх» людзей. У многіх месцах клеці, а пазней і свіраны, ставілі на спецыяльных слупах, прыпадняўшы над зямлёй.

Маёнтак Дзевятні Ігнацыя Ходзькі з лямусам (злева)

Што ж такое клець і ў чым розніца яе са свірнам і лямусам? Клець – традыцыйная сялянская гаспадарчая пабудова для захоўвання збожжа, прадуктаў, адзення і іншых рэчаў. Прадстаўляла сабой аднакамерны зруб з падлогай і столлю, блізкая ў плане да квадрата (памерам 4х5 ці 5х6 метраў). Першы вянок клеці клалі на дубовыя штандары або камяні вышынёю да 0,7 метраў. Традыцыйна клець размяшчалася насупраць падоўжнай сцяны хаты, каб дзверы клеці былі відаць з вокнаў. Часам клець прыбудоўвалі праз сенцы да хаты як трысцен. Каля сцяны ў клеці адгароджваліся засекі для збожжа, побач стаялі бочкі, кадоўбы, саламяныя кублы з розным зернем, крупамі, мукой, макам і інш. Тут захоўвалі кубельцы з салам, бочкі з квасам, сокам, на бэльках ці вышэй на скляпенні падвешваліся кумпякі, шынкі, кілбасы, кошыкі з паляндвіцай і іншымі мяснымі прыпасамі. Тут жа мог стаяць куфар ці кубел з рукадзеллем, тканінамі, адзеннем, ложак, дзе летам спалі маладыя члены сям’і. У многіх вёсках Вілейскага раёна будавалі клеці з падоўжанымі бярвеннямі першага вянца, што выступалі на метр і на іх клалі парог з дошак, над якім навесам спускаецца страха, прыклетнік ці галерэя. Страху звычайна падтрымлівалі дзве-чатыры стойкі. Часам над прыклетнікам, калі клець была двухярусная, рабіўся балкончык. Дзверы звычайна былі з тоўстых дубовых дошак, у ніжняй частцы якіх была невялікая адтуліна, каб унутр магла прайсці кошка. Унутры клець мела падлогу з дошак, прычым яны падганяліся так шчыльна, што праз іх не магло праваліцца дробнае зерне. Акрамя таго, месцы магчымых шчылін прамазваліся глінай. Бяднейшыя сяляне замянялі клець каморай (невялікім адгароджаным памяшканнем у сенцах).

Клець в. Ролічы

На Вілейшчыне клець была пашырана паўсюдна. Да нашага часу яна захавалася ў многіх вясковых сядзібах, але страціла сваю функцыю.
Будаваліся на Вілейшчыне і цікавыя канструкцыі двухпавярховых клецей. Напрыклад, у вёсцы Ролічы захавалася некалькі такіх, збудаваных у пачатку 20 стагоддзя. Тут мясцовыя клеці часцей сумяшчаюць скляпенні і сховішча для збожжавых. Скляпенне – гэта выкладзены з валуноў высокі цокаль, у якім размяшчаўся склеп. Адначасова ён з’яўляўся падмуркам для клеці, зрубнай пабудовай са зрубным перакрыццём (закотам). Для зручнасці перад уваходам ладзіўся ганак на слупах. Небагатыя гаспадаркі абыходзіліся адным памяшканнем – клеццю ці свірнам, якія часта фігуруюць як ідэнтычныя паняцці. У больш заможных сялян былі адначасова і клець, і свіран. Як і клець, свіран меў грунтоўна ўладкаваны дах, скляпеністую (гарбатую) столь, падлогу са шчыльна падагнаных дошак і засекі для збожжа. У шляхецкіх сядзібах таксама будавалі такія будынкі, але яны былі больш грунтоўныя па сваёй канструкцыі і ў асноўным называліся лямус ці свіран.

Лямус маёнтка Ганута

Лямус ці свіран – старадаўні тып гаспадарчай пабудовы для захоўвання харчовых прадуктаў, збожжа, адзення, каштоўнай маёмасці, прылад працы, а таксама для жылля ўлетку. Вядомы з 16 стагоддзя. Будавалі лямусы з дрэва, цэглы, каменю або ў тэхніцы «прускага муру». Былі адна-трохпавярховыя (у ніжнім паверсе звычайна размяшчаліся гаспадарчыя памяшканні, у верхніх – жылыя). Лямусы былі прамавугольныя або квадратныя ў плане, завершаныя 2-схільнымі вальмавымі шатровымі або ламанымі стрэхамі. Сцэны лямуса часам звонку атынкоўвалі. Лямус быў пабудовай, блізкай па сваіх функцыях да клеці. На Вілейшчыне будавалі падобныя двухпавярховыя лямусы, што маглі быць з галерэяй на ўзроўні другога паверха. Віды такіх пабудоў захаваліся на фотаздымках маёнтка Ганута роду Агінскіх-Валовічаў і на малюнку Напалеона Орды 1877 года маёнтка Дзевятні вядомага пісьменніка і грамадскага дзеяча Ігнацыя Ходзькі.

Унутранае начынне клеці. Малюнак Анатоля Капцюга

Лямус маёнтка Дзевятні меў рысы традыцыйнай сялянскай гаспадарчай пабудовы ў выглядзе двухяруснага зруба. Але памерам ён больш значна большы і, можна сказаць, меў не два паверхі, а тры. На двухярусным вальмавым даху на малюнку Напалеона Орда бачны невялічкія вокны мансарднага памяшкання. Тут маёцца і традыцыйная драўляная галерэя. На першым паверсе гэтага лямуса захоўвалі гаспадарчыя прылады, збожжа, харчовыя прыпасы, а другі ярус нярэдка служыў для гасцей сядзібы, а пазней рабочых, летнім мезанінам (жылым памяшканнем у сярэдняй частцы лямуса).

У адрозненні ад Дзевятнёў, лямус у маёнтку Ганута быў поўнасцю каменны і атынкаваны. Яго пабудавалі прыкладна ў канцы 18 – пачатку 19 стагоддзяў. Ён меў чатырохсхільны дах, які вянчала купалавіднае навершша з флюгерам. У пэўны час гэта старадаўняя пабудова з тоўстымі каменнымі сценамі магла выкарыстаўвацца і як палацавы павільён. На другім паверсе гануцкага лямуса была невялікая галерэя, на якую вяла даволі шырокая лесвіца. Па сваім прызначэнні гэты будынак у Гануце выкарыстоўваўся для захавання сельскагаспадарчых прылад і іншага дабра на першым паверсе і для жылля рабочых палаца – на другім.

Сёння, праязджаючы праз вёскі Вілейскага раёна, час ад часу выхопліваеш вокам з вясковых краявідаў гэтыя прыгожыя будыначкі клецей і свіранаў. І кожны з іх мае сваю непаўторную адметнасць. Завершанасць прапорцый, багацце і разнастайнасць форм, мінімум дэкору вызначаюць іх, што і надае невялічкім будынкам выключную мастацкую выразнасць. Наша справа – захаваць гэты каларыт народнага дойлідства нашых вёсак і мястэчкаў.

Сяргей ГАНЧАР.
Фота з архіва рэдакцыі

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 142 queries