Шлях Перамогі

Вилейская районная газета – свежие и интересные новости

Велавандроўка з Нарачанкі – да Віліі

На чарговыя выхадныя вілейскім роварным таварыствам была спланавана велавандроўка па ўзбярэжжы рэк Нарач і Вілія. Па зводках сіноптыкаў чакалася няўстойлівае надвор’е з навальніцамі. Таму многія ўдзельнікі адмовіліся ў апошні момант, аб чым, магчыма, потым пашкадавалі.Прабег быў пракладзены па маршруце : Вілейка – Шылавічы – Прынта – Вайдзені – Ручыца – сутокі Віліі і Нарачы – Швяды – Асіпавічы – Вілейка. А 9 гадзіне з Цэнтральнай плошчы стартавалі пяцёра шукальнікаў прыгод, не зважаючы на неспрыяльны прагноз, бо правадыром у нас быў свой Сіноптык – Кузьма. Таксама ў вандроўку адправіліся Зміцер Гулецкі, Жора, Арцём і я.

Першым прыпынкам быў пазначаны масток праз Нарачанку да Вайдзеняў. Паколькі на Googlemaps такія аб’екты не пазначаны, было вырашана ехаць «усляпую» – звярнуўшы на дарогу да Прынты, адразу накіраваліся ўлева на лясную сцяжынку, якая аказалася тупіковай. Выводзіла яна да паляны, дзе было абсталявана вогнішча. Бачна, што гэтае месца карыстаецца попытам у аматараў адпачынку на прыродзе. Але, улічваючы ранні час, сустрэлі нас цішыня ды велізарны слуп новай ЛЭП, які кантраставаў з акружаючай ідыліяй. Спусціліся да ракі, і тут нас чакаў сюрпрыз: над празрыстай паверхняй вады быў працягнуты трос з усталяваным на ім калёсікам з перакладзінай, так званая «тарзанка». Адмовіцца ад порцыі адрэналіну не было аніякай магчымасці. Вада ў Нарачанцы заўсёды сцюдзёная і акунацца з берага страмнавата. А з тарзанкі падзецца няма куды – толькі ў ваду ці … у крапіву на другім беразе. Дзякуй добрым людзям, хто ўсталяваў гэтую прыладу. Асвяжыўшыся, мы накіраваліся далей.

Вырашылі не рызыкаваць, блытаючы па лясных сцежках, даехалі да Прынты і звярнулі налева на палявую дарогу ў накірунку да ракі. І вось мы каля мастка, падвешанага на трасах. Стан яго выклікаў пэўныя падазрэнні ў чаканні чарговага рамонту. Але кавалёўскіх хлапчукоў, якія гойсаліся на мастку, як на арэлях, гэтая акалічнасць аніяк не насцярожвала. У іх жа мы запыталіся, дзе знаходзіцца Камень Бога – наступны аб’ект нашай вандроўкі. Дзеці расказалі, што нейкі камень ляжыць у рацэ, але Googlemaps дакладна азначаў яго месцазнаходжанне на беразе – управа ад мастка. Ды сцяжынка з двух бакоў цалкам парасла крапівай і хмызняком. Паехалі ў вёску. У мясцовых даведаліся, як зручней падысці да каменя. Чаму ён так называецца, дакладна патлумачыць яны не змаглі. Адно вядома, што гэты камень-следавік пазначаны следам Бога: на паўднёва-усходнім баку знаходзяцца дзве выемкі прыроднага паходжання. Тут спрадвеку святкавалі Купалле, але ў апошнія часы, з-за адсутнасці ў вёсцы моладзі, гэтая традыцыя парушылася. На невялічкай палянцы застаўся малапрыкметны след ад вогнішча і верхавіна ўрослага ў зямлю культавага каменя.

Наступны прыпынак – фамільныя могілкі памешчыкаў Стэфановічаў, якія зараз знаходзяцца ў лесе ў двух кіламетрах ад Вайдзеняў па грунтовай дарозе на Касічы. Па старых картах бачна, што калісьці тут знаходзіўся фальварак Грудзеніца. На шляху сюды стаяць дзве капліцы: адна з бетону (пабудовы міжваеннага часу) і другая, крыху далей, напалову разбураная, з чырвонай цэглы (XIX cт.). Могілкі, парослыя паўвекавым ельнікам, уяўляюць жаласнае становішча – скрозь раскапаны магільныя ямы, ускрыты пахавальны склеп, звернута адзіная надмагільная пліта Станіславу Стэфановічу, пахаванаму ў 1899 годзе.

З Вайдзеняў, мінуўшы Ялажыцы, едзем на Ручыцу – тут знаходзіўся маёнтак Ганута, які ў XVIII-XIX стт. належыў знакамітаму магнацкаму роду князёў Агінскіх. Магчыма, тут Міхал-Клеафас пісаў свае знакамітыя паланэзы, наведваючыся са сваёй сядзібы ў Залессі. Пазней маёнтак належыў Ржэвуцкім, а ў міжваенны час – Валовічам. Зараз ад былога велічнага сядзібнага комплекса засталіся ўрослыя ў зямлю муры сядзібы, вадаём, падмурак млына ды дзве каплічкі, якія, нібы вартавыя, стаяць, пільнуючы подступы да былой сядзібы: адна – каля дарогі, другая – сярод поля. Яны быццам нагадваюць мінакам аб мімалётнасці часу сваім патрапаным выглядам, і толькі агульнае аблічча дапамагае ўявіць іх вытанчаныя архітэктурныя формы. Зараз каплічкі закансерваваны і патрабуюць рэстаўрацыі. Сам маёнтак быў часткова разбураны ў гады 1-й сусветнай вайны, калі тут праходзіла лінія фронту, а ўжо другую вайну ён не перажыў. Уяўленне аб сядзібным доме перадаюць толькі акварэль Напалеона Орды ды фотаздымкі.
На беразе вадаёма ўзвышаецца царква Успення Прасвятой Багародзіцы пабудовы 1881 года. Каля яе мы і прыпыніліся – патрэбна было праверыць інфармацыю, пададзеную калісьці Аляксеем Лужынскім. Яна пацвердзілася – царкоўная агароджа часткова збудавана з надмагільных камянёў з крыжамі: праваслаўнымі, каталіцкімі і, нават, стараверскі – з «домікам». Адразу прыпомнілася пра тапельцаў, якіх штогод знаходзяць ў ручыцкім вадаёме.

Едзем далей. Падвясным мастком вяртаемся на левы бераг Нарачанкі. Тут масток значна лепшы, чым у Вайдзенях, нядаўна адрамантаваны. Па ім нават не боязна праехаць на ровары. Не зварочваючы на Красніцу, напрасткі, лесам, едзем на Высокі бераг. Убачыўшы ўпершыню гэты від, я быў вельмі ўражаны – ніколі б не падумаў, што ў нашых краях бываюць такія кручыны. Рака, выгібаючыся, падмыла левы высокі бераг, і ўтварыўся высокі пяшчаны абрыў метраў на 20. Спусціцца лёгка, падымацца складанавата. Пагаварылі – тут бы умацаваць «тарзанку» – вось быў бы экстрым! Каб не парушаць спакой адпачываючай тут сям’і, мы вырашылі рухацца далей – да зліцця Нарачанкі з Віліяй, так званыя «сутокі».

Тут было мнагалюдна: што на адным беразе, што на другім. Мы спыніліся на пляцоўцы ў метрах 20-ці ўверх па цячэнні Нарачанкі. Ідзём купацца. Вада празразрыстая і, як заўсёды, сцюдзёная. Не асмеліўшыся акунуцца ў Нарачанцы, іду па пояс у вадзе да Віліі. Яна сустракае моцнай плынню і мутнай, але цёплай вадой. Плынь такая, што, калі плывеш з ўсёй моцы, не рушыш ні на сантыметр наперад, нават калі стаіш, ногі едуць па пяску.

Пачаў спраўджвацца прагноз – з захаду, праміком на нас, ішла фіялетава-сіняя хмара. Хутка сабраўшы клункі, імкліва паляцелі да Швядоў – там нас чакаў дзедаўскі дом Кузьмы. Па дарозе спыніліся, каб сфатаграфаваць Вілію з высокага барага. Гэтае месца тутэйшыя жыхары называюць «Котла» – яно і сапраўды нагадвае кацёл з вадой. Да Швядоў паспелі своечасова, бо хвілін праз пяць падзьмуў шквальны вецер і ўліў дождж. На шчасце, навальніца нас толькі закранула. Значна больш шкоды нарабіла яна ў Вілейцы: пабітыя градам сады, зломаныя дрэвы, працёкшыя стрэхі. Перакусіўшы, мы рынуліся наўздагонку за хмарай. Не тое, што мы яе жадалі нагнаць, – у пасвяжэлым паветры і пасля смачнага абеду ногі самі ціснулі на педалі. Заміналі толькі раз-пораз узнікаючыя велізарныя лужы ды зламаныя ветрам веткі, што ляжалі на дарозе. Па лясных сцежках багата сустракала лісічак, таму прыходзілася спыняцца. У лесе паміж Трапалавам і Мамаямі я назбіраў каля кілаграма – на суп хапіла.

На 15-м кіламетры ізноў завіталі да ракі – аблюбаванага месца для купання каля велізарнай вольхі. На жаль, дрэва, падмытае імклівай плынню, ляжала пасярод ракі. Тут жа заўважылі, што на ровары Жоры трэснула рама, не вытрымаўшы экстрэмальнага руху. Таму далей прыйшлось ехаць больш павольна. Каля 20.00 ужо былі дома. Працягласць маршруту склала 55 кіламетраў.

Віктар ТОНКАВІЧ, велааматар

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 47 queries