Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

В Вилейском районе поздравили первых тысячников жатвы

Кажуць, калі нешта здараецца ўпершыню, то гэта выпадковасць, калі ж паўтараецца ў другі, трэці разы, то, бясспрэчна, гэта заканамернасць. Менавіта пра яе трэба гаварыць, канстатуючы факты з’яўлення першых тысячнікаў на жніве ў адкрытым акцыянерным таварыстве «Нарачанскія зоры». Шмат гадоў запар менавіта тут называюцца першымі ў раёне камбайнеры, якія дасягнулі тысячнага намалоту збажыны. Вось і сёлетняя ўборачная не стала выключэннем, і з «Нарачанскіх зораў» прыляцела паведамленне аб першых тысячніках. Так-так, гаворка ідзе не пра адзін, а пра два камбайнавыя экіпажы ў складзе Аляксандра і Мікалая Гарэлікаў і Руслана Садоўскага і Аляксея Драчылоўскага. Яшчэ аднаму экіпажу – бацькі і сына Андрэя і Паўла Садоўскіх – на дзень нашага выезду ў гаспадарку заставалася да тысячнага рубяжа зусім-зусім крышку.

Павіншаваць перадавікоў з высокім дасягненнем у працы прыехала прадстаўнічая дэлегацыя з горада, у складзе якой былі старшыня раённага выканаўчага камітэта Віктар Кот, старшыня раённага камітэта работнікаў прафсаюза аграпрамысловага комплексу Леанід Радзевіч, першы сакратар райкама грамадскага аб’яднання «БРСМ» Анастасія Чарняўская, галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Любоў Марціненка, самадзейныя артысты Палаца культуры Марына Заяц і Сяргей Рудніцкі і мы, супрацоўнікі газеты.

На полі непадалёк ад вёскі Мечаі нас сустрэлі кіраўнік «Нарачанскіх зораў» Генадзь Кучко і галоўны аграном гаспадаркі Віктар Драчылоўскі. Тут жа, на полі, шчыравалі і героі-камбайнеры – убіралі авёс.

Пакуль камбайны павольна падплывалі да нас па неабсяжным палетку, мы з Віктарам Драчылоўскім размаўлялі пра самае важнае і хвалюючае – сёлетняе жніво.

– На сённяшнюю раніцу (6 жніўня. Аўт.) у нас убрана болей за восемдзясят працэнтаў усіх плошчаў, занятых збожжавымі, – расказаў Віктар Уладзіміравіч. – Працуе сем камбайнавых экіпажаў, і пры спрыяльным надвор’і дні за два ўсё ўбяром. Засталося крыху ячмяня, трыцікале і яравой пшаніцы. Пры сёлетнім не вельмі спрыяльным годзе на даны момант маем ураджайнасць недзе 43 цэнтнеры з гектара. Асабліва парадавалі азімыя, а вось яравыя, што называецца, падвялі. Яно і зразумела, бо вясна была халаднаватая, таму і колас атрымаўся невялікім, з-за чаго мы недаатрымалі недзе каля дваццаці працэнтаў зерня. Нічога не зробіш, так распарадзілася надвор’е… Затое ўрадзіла кукуруза, якая ў некаторых месцах дасягае вышыні да трох з паловай метраў. Частка яе пойдзе на зерне, а частка – на сілас. Кармоў, як і штогод, у гаспадарцы назапашана многа, травы былі добрыя, у дастатку будзе і сена, і сенажу.

Ідзе жніво, але гэта, адзначыў галоўны аграном, не азначае, што іншыя справы адкладзены на пасля. Не, у «Нарачанскіх зорах» усё робіцца своечасова і па-гаспадарску: прасуецца і стагуецца салома, распачынаецца сяўба рапсу, а неўзабаве за ім – і збожжавых. Такі ён, неперарыўны цыкл сельскагаспадарчых работ, у якіх нельга прамарудзіць і ў нечым памыліцца. Толькі ў такім выпадку хлебаробам будзе спадарожнічаць поспех.

А вось і героі дня. Роўненька паставіўшы свае волаты-машыны, камбайнеры падышлі да краю поля, дзе іх ужо чакалі. Сямейны экіпаж Гарэлікаў другі год узначальвае ўжо сын, змяніўшы ў гэтай ганаровай справе бацьку. Аляксандр Мікалаевіч і Мікалай Аркадзьевіч, ужо па добрай традыцыі, ішлі да намечанага сур’ёзна і мэтанакіравана. І вось ён, першы рубеж, дасягнуты. А наперадзе яшчэ столькі спраў! Як і ў працавітага маладзёжнага экіпажа ў складзе Руслана Садоўскага і Аляксея Драчылоўскага, які таксама на працягу многіх гадоў радуе сваімі поспехамі. Дастойна, з веданнем цаны сваёй высакароднай справы падышлі камбайнеры, каб пачуць словы віншаванняў і найлепшых пажаданняў. Усіх іх павіншавалі Віктар Кот, Леанід Радзевіч, Анастасія Чарняўская і Любоў Марціненка, уручыўшы дыпломы і падарункі. А пасля музычнымі падарункамі парадавалі артысты, стварыўшы хлебаробам адпаведны настрой. І вось ён, урачысты момант: тысячнікі прымацоўваюць на свае камбайны ганаровыя надпісы, па якіх кожнаму бачна, што на гэтай тэхніцы працуюць самыя старанныя, кваліфікаваныя і заслужаныя. Хвіліна на сумесны фотаздымак – і зноў загулі камбайны, напаўняючы бункеры збажыной. Адлік у экіпажаў пайшоў ужо на другую тысячу.

У гэты ж дзень мы наведаліся і ў адкрытае акцыянернае таварыства «Новая Любанія», каб павіншаваць першага ў раёне вадзіцеля-тысячніка Мікалая Хаткевіча, які на сваім «МАЗе» адвёз ад камбайнаў тысячу тон збожжа. Дванаццаць гадоў працуе вадзіцель у сельскай гаспадарцы і робіць сваю справу з душой, па-гаспадарску. На дзень нашага наведання «Новай Любаніі» тут ужо было ўбрана болей за семдзясят працэнтаў плошчаў, занятых зерневымі, аб чым нам расказаў кіраўнік гаспадаркі Арцём Віннік. Няхай сабе і не самы лепшы год сёлета па ўраджайнасці, але справа спорыцца, людзі працуюць, як кажуць, ад цямна да цямна. Яно і зразумела: жніво. І адзін з яго перадавікоў – Мікалай Хаткевіч, машыну якога зараз упрыгожвае ганаровы знак лепшага з лепшых.

Ірына БУДЗЬКО.
Фота Веранікі ШАБЕЛЬНАЙ

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 130 queries