Для нас, жыхароў Вілейшчыны, тых, хто жыве ўздоўж берагоў Віліі ў 21 стагоддзі, вялікая рака ўспрымаецца найперш як упрыгожванне нашай зямлі. Эканамічнае ж значэнне ракі не асабліва намі ўспрымаецца, тым больш ніхто ў наш час не ўспрымае яе і як транспартную артэрыю. Хаця для нашых продкаў рака, што шчыльна звязвае нас з Літвой, мела выключную вартасць у эканоміцы нашых мясцін: адны прадавалі лес, сплаўляючы яго да Вільні, Коўна і Каралеўца (сённяшняга Калінінграда), другія зараблялі плытагонствам, наймаючыся да лесапрамыслоўцаў. Узгадаем аб страчаных сёння традыцыях плытагонства на Віліі і яе прытоках.
Прыродныя ўмовы Беларусі – наяўнасць шматлікіх рэк і іншых водных сістэм, якія вядуць да Балтыйскага і Чорнага мораў, вялікія масівы будаўнічага і карабельнага лесу – здаўна садзейнічалі развіццю лесасплаву. Адным з галоўных скарбаў і нашай Вілейшчыны заўсёды быў лес. Гэта можна сцвердзіць нават і сёння, гледзячы на карту раёна, дзе 41% тэрыторыі займае лясны масіў. Плытагонства і сплаў суднаў пасля лесанарыхтоўкі былі на Беларусі і Літве здаўна самым масавым адыходным промыслам для насельніцтва. Да адмены прыгоннага права ў 1861 годзе для беларусаў–прыгонных сялян часта існавала прымусовая здача ісці ў наём купцам лесу па дагаворах з памешчыкам. Бярвенне ў маёнтках шляхты апрацоўвалі на тартаках (лесапілках) і ў большасці сплаўлялі далей – да Балтыкі.
Самым значным і танным спосабам сплаву лесаматэрыялаў і іншых грузаў было плытагонства, якое вядома з глыбокай старажытнасці. Асабліва павялічылася яго прымяненне ў канцы 16 стагоддзя, калі ўзрасла колькасць пастаўляемых у Заходнюю Еўропу грузаў праз Балтыйскае мора. Сплаў пачынаўся ўжо з вытокаў Віліі, калі ўдавалася правезці па аднаму ці два звязаныя паміж сабой бярвенні. Яны выкарыстоўваліся для мясцовых патрэб прылеглых да Віліі землеўладальнікаў. Вось як апісвае ў сваёй манаграфіі «Вілія і яе берагі» сплаў лесу граф Канстанцін Тышкевіч: «…Штогод з надыходам вясны сотні людзей мітусяцца па берагах Віліі, занятыя звязваннем бярвенняў, знаходзячы тут свой заробак. На гэтым полі гандлёвага спаборніцтва людзі, вада, дрэва, грошы – усё між сабою перамешваецца і перакрыжоўваецца; бо кожны з уладальнікаў тавару спяшаецца, каб паспець скарыстацца з вялікай вады… Малыя плыты выпраўляюць па Віліі, дзе ўжо на яе беразе, у Пахомаве, іх перавязваюць у вялікія плыты…». Менавіта так зрэзанае ў пушчах Вілейшчыны і не толькі дрэва (часцей за ўсё елка) вясной, звязанае ў плыты, накіроўвалася па рэках. Плыты звязвалі вяроўкамі ці прачамі з бярозы. Каб плот паспяхова дайшоў да Балтыкі, ім трэба было кіраваць. Гэтым і займаліся сяляне – плытагоны.
Залатым часам гандлю па Віліі быў пачатак 15 стагоддзя, калі Вітаўт у 1415 годзе наладзіў добрыя суседскія адносіны з Нямецкім Ордэнам і стругі даходзілі да Гданьска, куды сплаўлялі хлеб, футра розных дзікіх і свойскіх жывёл, лён, пянька, медзь, рыбу і дрэва. Немцы дзівіліся гэтаму багаццю. Назад судны даходзілі толькі да Вільні і дастаўлялі ў Літву сукно, жалеза, цукар, соль, селядцы. Коўна было галоўнай гандлёвай базай, але важнае месца ў гэтай справе займала і Вільня. Асабліва ажывіўся гандаль на Віліі з другой паловы 16 стагоддзя і ў наступныя перыяды, нягледзячы на пастаянныя войны, гэты працэс амаль не затухаў. Толькі з 1808 года ён пачаў згасаць. Закрываліся многія прыстані, у тым ліку і галоўная прыстань вярхоўя Віліі – Кастыкі, што на Вілейшчыне. Для перавозкі грузаў па Віліі прымяняліся розныя рачныя судны. Сярод іх невялікія прускія марскія баты з кілем, рулём і парусамі, а таксама віціны, стругі, байдакі, баркі, лодкі і іншыя. Найбольшая грузападымальнасць іх не перавышала дванаццаць тысяч пудоў (750 тон).
Да нашага часу дайшоў дакумент 1623 года «Скарга Полацкіх купцоў Якаўлевічаў Хадык на пана Валканоўскага аб невыкананні ім умоў адносна пастаўкі трох віцін для своечасовай адпраўкі тавараў рэкамі Віліяй і Нёманам». Там, у прыватнасці, сказана, што яшчэ ў 1622 годзе браты Васіль і Іван Хадыкі заключылі двухбаковую дамоўленасць са Станіславам Валканоўскім на пастаўку апошнім трох віцін пад іх грузы, сплаўляемыя па Віліі і Нёмане да Каралеўца (цяпер Калінінград) за пэўную суму грошай. Пан Валканоўскі павінен быў выставіць іх у гэтым годзе хаця і не новыя, але дабротныя, да прыстані над ракой Віліяй каля перавозу Касуцкага, які адносіўся да яго застаўнога маёнтка Вязынь. Зрабіць гэта патрэбна было да першай вады, калі людзі і купцы з таварамі былі звыкла падрыхтаваныя да сплаўлення. За зіму па добрай дарозе на Касуцкую прыстань былі звезены з розных куткоў Беларусі многа тавараў немалым коштам, прызначаных для перавозкі ў Кралявец. Аднак Валканоўскі свае абязацельствы не стрымаў і даставіў абяцаныя віціны, ды і то меншых памераў, не перад каталіцкім Вялікаднем, а на тры тыдні пазней, калі вада ў рацэ ўжо значна знізілася. Купцы, не жадаючы цярпець страты і чакаць наступнага года, загрузілі на віціну частку сваіх тавараў, якія ўмясціліся, і 12 мая пусціліся ў сплаў. На наступны дзень з-за малой вады адна з віцін з таварам каля ўрочышча Шалавіцкая Лука разбілася і патанулі 400 бочак льнянога і канаплянага семя коштам 2000 польскіх злотых. Акрамя таго Хадыкі панеслі іншыя затраты, звязаныя са сплавам у малую ваду і са спазненнем дастаўкі свайго тавара ў патрэбны тэрмін. Таму прасілі суд справядліва разабрацца.
Асноўны прамысловы сплаў па Віліі пачынаўся па левым яе прытоку Дзвіносы, на берагах якой у 19 стагоддзі дзейнічалі сем розных прадпрыемстваў. Сплаўлялі іх спачатку замежныя, а пасля і мясцовыя плытагоны. Пазней, калі стала больш выгадна, за вызначаную плату паны сталі выдзяляць драўніну пабочным гандлярам. У асноўным гэта былі яўрэі-прамыслоўцы. Атрымаўшы дазвол на далейшую яе транспарціроўку водным шляхам з мэтай продажу, яны наймалі з ліку мясцовых сялян лесасекаў і вознікаў-тралёўшчыкаў. Першыя валілі лес і наразалі яго на бярвёны даўжынёй па 3-5 метраў. Другія займаліся іх дастаўкай на склады (румы). Там драўніна акорвалася і складалася ў шліхты для прасушкі. Звычайна гэта рабілася позняй восенню і ўзімку. А напрадвесні ўжо наступала чарга вязальшчыкаў плытоў.
Плыты з невялікай колькасцю звёнаў абслугоўваліся 2-3-мя сплаўшчыкамі, а караван плытоў дастаўляла цэлая арцель, у якую ўваходзілі старшы плытагон (атаман, караваншчык, корнік), дубовікі і весляры на лодках-дубах і рабочыя-гоншчыкі. Праца плытніка была не з лёгкіх, і на яе адважваліся мясцовыя сяляне хутчэй за ўсё ад безвыходнасці, чым з-за заробку. Плытагон на працягу цэлага дня накіроўваў плыт пры дапамозе доўгай жэрдкі, якой адштурхоўваўся ад дна ракі. На мокрым слізкім бярвенні лёгка было паслізнуцца і, упаўшы ў ваду, нават, патануць ці быць параненым тоўстымі стваламі. Плытагону трэба было мець не толькі фізічную сілу, але таксама быць вельмі спрытным. Патрабаваліся і спецыяльныя веды, асабліва што тычыцца русла Віліі. Трэба было ведаць усе небяспечныя ўчасткі: нечаканыя павароты, розныя мелі, месцы, дзе рака была асбліва хуткай, а яе дно пакрывала каменне. На такіх месцах лёгка было разваліць плот і пакалечыцца.
Побыт плытагонаў быў просты. Жылі яны ў пабудаваных на плытах шалашах з яловай кары. Тут жа, на вялікіх плоскіх камянях, гатавалі ежу. Калі ж плытоў у гаспадара ішло вельмі шмат, то на адным з іх стаяла збудаваная з дошак буда, дзе жыў пісар, які плаціў плытагонам грошы і забяспечваў іх прадуктамі. Сярод аднавяскоўцаў плытагоны лічыліся бывалымі людзмі: пабачылі свет і ведалі, як жывуць людзі не толькі ў Беларусі, але і далёка па-за яе межамі. Цікава, што плытагонствам займаліся таксама і яўрэі, якіх супляменнікі называлі «плытн-трайберамі». Наогул, мова плытагонаў была насычана спецыфічнымі словамі да такой ступені, што простаму чалавеку цяжка было яе зразумець. Спецыфіка працы ўплывала на побыт, звычаі, мову беларускіх плытнікаў. Лексіка беларускіх плытнікаў у 1970-я гады была сабрана ў асобны дыялектны слоўнік, куды ўвайшлі матэрыялы з вёсак і Вілейшчыны: вёскі Саланое і затопленай вёскі Рыбчына.
Сплаў лесу на Вілейшчыне працягваўся і ў міжваенны перыяд, але асабліва ён узрос перад і пасля заканчэння Вялікай Айчыннай вайны і працягваўся да пачатку 50-х гадоў, калі разбуранай народнай гаспадарцы тагачаснай краіны вельмі патрэбны былі будаўнічыя матэрыялы. У многіх раёнах дзейнічалі сплаўканторы і іх аддзяленні. Так, за 1940 год па Вілейскай абласной сплаўной канторы, дзе ў самы актыўны перыяд нарыхтоўкі і сплаву леса працавада да 1350 чалавек, праводзіласа звыш 200 тысяч кубічных метраў драўніны. У 1949 годзе толькі на Іллянскім сплаўучастку працавала 16 брыгад сплаўшчыкаў, якія аб’ядноўвалі да 700 чалавек. Праца іх працягвалася з ранняй вясны да пачатку ліпеня.
Будучы Герой Савецкага Саюза з Вілейшчыны Канстанцін Зубовіч, які вызначыўся ў снежні 1944 года пры фарсіраванні Дуная і вызваленні Будапешта, яшчэ перад вайной пабудаваў сваю новую хату ў вёсцы Папоўцы, сплавіўшы туды па Вузлянцы і Нарачанцы са Старынак, дзе меў сваякоў, зруб па асобных бярвёнах.
Значнасць Віліі як важнай транспартнай артэрыі, а ў старажытныя часы адгалінаванню галоўнага гандлёвага шляху «з варагаў у грэкі» адлюстравана ў гербе самой Вілейкі, які быў зацверджаны 22 студзеня 1796 года: «На чырвоным полі, з правага кутка да верхняга левага, намалявана серабрыстая рака Вілія і на ёй плывучае судна, нагружанае таварамі і прадуктамі, якія адзначаны двумя звязанымі цюкамі і залатым жытнім коласам у доказ таго, што на той рацэ будуюць судны і адпраўляюць на іх звезеныя да берагоў Віліі з розных месцаў тавары і прадукты». Ды ў доказ гэтага сведчыць і той факт, што да сягонняшняга дня ў Вілейцы існуе назва частцы горада – «перавалка».
Сяргей ГАНЧАР.
Фото з архіва сям’і роду БАРОЎСКІХ