Шлях Перамогі

Вилейская районная газета – свежие и интересные новости

З любімымі не расставайцеся…

Дзіўная гэта была сямейная пара. Неразлучная, у поўным сэнсе гэтага слова. Не ведаю, як і што было ў маладосці, але ў старасці яны заўсёды былі разам: удваіх тупалі па двары, затым – ішлі ў магазін, пазней сядзелі на лавачцы. Здаралася, бабуля на нейкую хвілінку забягала да суседкі, і тады ўжо дзядуля раз-пораз пазіраў з-за плота на вуліцу: ці хутка вернецца?


Сама бачыла, як аднойчы стары збіраўся ў горад да ўрача. Ехаў не рэйсавым аўтобусам, а з сынам на машыне. Здавалася б, што там такога: паехаў і паехаў. А ён усё тупаў па хаце, раз-пораз нешта пытаючыся ў жонкі, раячыся з ёй. І толькі калі пачуў з падворка нецярплівае сынава «Ну, дзе ты там, бацька?», запытальна зірнуў на жонку: «Дык я паехаў?» Нібыта не на паўдня, а назаўсёды пакідаў свой дом і яе.
Правёўшы мужа аж да машыны і адправіўшы ў горад, бабуля была нязвыкла маўклівай і засяроджанай і ўсё раз-пораз паўтарала: «Як ён ужо там – невядома»…Толькі тады, калі ў двор заехала машына і стары зайшоў у хату, бабуля павесялела і зноў стала такой, якой яе прывыклі бачыць – спакойнай і жыццярадаснай. Яно і зразумела – яе палавінка зноў побач з ёй, дома.
Даўно няма на свеце гэтых старых, а вось памяць пра іх адносіны засталася.. Прыгожымі былі тыя адносіны. І міжволі узгадаліся радкі з верша Марыны Цвятаевай «С любимыми не расставайтесь»: «И каждый раз навек прощайтесь, когда уходите на миг…» Так яно і было.

 

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 30 queries