Дэлегацыя дабрачынцаў з нямецкага Аберхаўзена, які, нагадаем, з’яўляецца пабрацімам Вілейкі, наведала наш горад.На гэты раз прыехаліГерд Маер, Розі Грунвальд, Марліс Хессе і галандка Агата Шнуп. Сустракалі іх як добрых сяброў, што так і ёсць насамрэч. Сярод пунктаў візіту была і сустрэча ў райвыканкаме. Віталі гасцей старшыня раённага Савету дэпутатаў Алёна Чабатар і намеснік старшыні райвынанкама Святлана Дзяруга. “Дабрачыннасць – высакародная справа і займаюцца ёю людзі з вялікім сэрцам, – зазначыла Святлана Міхайлаўна. – Мы дзякуем нямецкім сябрам за дапамогу ў сферы аздараўлення дзяцей”.
Стасункі дабрачыннасці між гарадамі пачаліся аж у далекім 1991 годдзе, калі ўпершыню немцы з Аберхаўзена прыехалі ў Вілейку. “Наша сустрэча ў нечым выпадковасць. Шчаслівая для нас выпадковасць, – распавёў для чытачоў газеты старшыня раённага аддзялення ГА “Беларускі дзіцячы фонд”, дырэктар СШ№3 Мікалай Гіро. – Калі нямецкія сябры шукалі аб’ект дабрачыннай дапамогі, кіраўніца абласнога аддзялення фонда Галіна Пранько, разаслаўшы перад імі карту вобласці, сказала – абірайце. Палец Герда Маера спыніўся на Вілейшчыне. У хуткім часе мы з Зінаідай Гілёнак, настаўніцай нямецкай мовы, якая ўсе гэтыя гады выступае перакладчыкам нашах сустрэч, віталі гасцей у мінскім гатэлі. Чамусці нам сказалі, што прыедуць галандцы, іх мы і шукалі. Амаль у роспачы сустрэлі візіцёраў з Германіі, і ў размове даведаліся, што менавіта яны нам і патрэбны. Павезлі ў Вілейку, паказалі паліклініку, а затым у Хаценчыцкі сельскі савет. Так пачалося наша шматгадовае супрацоўніцтва і сяброўства”.
На працягу 25 год жыхары нямецкага Аберхаўзена збіралі грошы на адпачынак вілейскім дзеткам у Галандыі. Сумы дапамогі былі значныя. На год парабавалася 55 тысяч еўра, толькі на аўтобус для праезду патрэбна было больш за 7 тысяч еўра. За чвэрць стагоддзя ў Галандыі пабывалі каля тысячы юных вілейчан. Змяніўся час, і хрысціянская абшчына нямецкага пабраціма Вілейкі больш не магла выдаткоўваць вялікія сродкі. Аднак сэрцы пажылых людзей, што многа год наведвалі Вілейку, засталіся тут. Тады і нарадзілася ідэя фінансавання аздараўлення дзетак на Вілейшчыне, у “Лясной казцы”. За два гады на сродкі дабрачынцаў з Аберхаўзена ў “Лясной казцы” адпачніулі каля сотні дзяцей, што па розных прычынах апынуліся ў цяжкім становішчы.
Цікавы факт. Сёлета на гэтыя мэты важкі асабісты ўнёсак зрабіла Марліс Хессе. Нядаўна ў жанчыны быў юбілей, яна папярэдзіла ўсіх сваіх гасцей, каб замест падарункаў ёй, склалі грошы для патрэб вілейскіх дзяцей. Запрошаныя госці так і зрабілі – у выніку на арганізацыю змены ў “Лясной казцы” будзе накіравана 1500 еўра.
Дарэчы, падчас сустрэчы ў райвыканкаме Святлана Дзяруга павіншавала Марліс Хессе з юбілеем, і на знак удзячнасці за яе актыўную пазіцыю на ніве дабрачыннасці перадала ганаровую грамату райвыканкама.
Ірына ТРУБАЧ. Фота Веранікі ШАБЕЛЬНАЙ