Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Археалагічныя раскопкі каля вёскі Нясцёркі

У мінулую пятніцу вучні школ, актывісты грамадскага аб’яднання «БРСМ» разам з выконваючым абавязкі першага сакратара Мінскага абласнога камітэта грамадскага аб’яднання «Беларускi рэспублiканскi саюз моладзi» Кірылам Шыкам, першым сакратаром раённага камітэта Анастасіяй Чарняўскай і інспектарам упраўлення па адукацыі, спорту і турызму Вілейскага райвыканкама наведалі археалагічныя раскопкі каля вёскі Нясцёркі.

Актывісты БРСМ з моладзевага атрада па ахове правапарадку і валанцёрскага атрада «Горящие сердца» ДУА «Вілейская гімназія №2», кіраўнік Аксана Паўлоўская – маладыя, мэтанакіраваныя і неабыякавыя людзі. Кожны з іх, да таго ж, цікавіцца гісторыяй сваёй малой радзімы і не праміне магчымасці паўдзельнічаць у цікавых сустрэчах і мерапрыемствах. Вось і ў мінулую пятніцу яны з адпачынку ў «Лясной казцы» разам са сваімі кіраўнікамі і прадстаўнікамі раённага і абласнога БРСМ рушылі на археалагічныя раскопкі, што праходзілі на ўскрайку вёскі Нясцёркі каля Вілейскага вадасховішча. Пераадолеўшы пешшу па лесе некалькі кіламетраў, моладзь выйшла да размешчанага лагера археалагічнага летніка «Нясцёркі–2018». Нагадаем, што навуковыя работы ў Вілейскім раёне пачаліся 16 ліпеня і планавалася, што ў ходзе іх на працягу двух тыдняў будзе вывучана некалькі курганоў для даследавання спосабу пахавання чалавека, а знойдзеныя на месцы раскопак артэфакты планавалася перадаць у фонды Вілейскага краязнаўчага музея.
– Археалогія вельмі дзіўная навука, – пачаў свой аповед навуковы кіраўнік раскопак, кандыдат гістарычных навук, археолаг Мікалай Плавінскі. – Пачынаючы раскопкі, мы вывучалі пэўную гістарычную літаратуру, дзе б маглі апісвацца нясцёрскія курганы, але згадак пра іх нідзе не было. Па першасных дадзеных мы меркавалі, што гэта курганныя пахаванні крывічоў канца I – пачатку II тысячагоддзя нашай эры. Але, раскапаўшы адзін з курганоў, зразумелі, што гэта марэны, якія сустракаюцца на месцы спынення ледавікоў і чыя паверхня ўяўляе сабой перасечаную раўніну з невялікімі пагоркамі, градамі розных формаў і памераў, з шматлікімі невялікімі катлавінамі, запоўненымі азёрамі і балотамі. Такім чынам, магчымыя курганы аказаліся прыроднага паходжання, што бывае ў археалогіі. Адсутнасць выніку – гэта таксама вынік. У бліжэйшы час мы пераязджаем на археалагічныя раскопкі ў вёску Наўры Мядзельскага раёна, дзе ў апошнія некалькі гадоў таксама праводзім раскопкі.
Юныя даследчыкі з цікавасцю слухалі археолага, які распавёў таксама пра працэс падрыхтоўкі археалагічных раскопак, пра цікавыя факты і знаходкі за час дваццаціпяцігадовай практыкі Мікалая Плавінскага.
– Мой вопыт у правядзенні археалагічных раскопак налічвае больш дваццаці пяці гадоў, – распавёў археолаг Мікалай Плавінскі. – Яшчэ з дзяцінства я ўдзельнічаў у раскопках, бо мой бацька быў археолагам. Адказваючы на вашыя пытанні, адразу хачу адзначыць, што Вілейскі раён вельмі багаты на археалагічную спадчыну. Чаго каштуюць толькі старажытныя курганы каля вёскі Кастыкі, з вывучэння якіх Канстанцінам Тышкевічам у 19 стагоддзі пачалася беларуская археалогія як навука. Архіялагічныя помнікі – гэта найкаштоўнейшая крыніца вывучэння нашага мінулага, гэта нябачная спадчына, якую лёгка страціць пры правядзенні палявых і будаўнічых работ. І ваша задача, як маладога пакалення, вывучаць і зберагаць гэтую спадчыну. Штогод мы выяўляем шмат новых археалагічных помнікаў, у тым ліку і на Вілейшчыне. Вельмі прыемна, калі на падобныя археалагічныя летнікі збіраецца шмат валанцёраў, напрыклад, як гэта адбылося ў Нясцёрках. Сюды за першыя пяць дзён раскопак прыехала вялікая колькасць добраахвотнікаў і валанцёраў, сярод якіх былі і навучэнцы з турыстычнага клуба «Чарапашкі» пад кіраўніцтвам Міхаіла Петуха. Вялікую ўдзячнасць хочацца выказаць арганізатарам археалагічнага летніка – вілейскай суполцы імя Аляксея Лужынскага ГА «Таварыства аховы помнікаў» і асабіста Дзянісу Канецкаму і Паўлу Хаванскаму.
Вілейская моладзь жыва цікавілася, як яны могуць у наступныя гады паўдзельнічаць у раскопках на Вілейшчыне, шмат задавалі і іншых пытанняў. Юныя даследчыкі вельмі ўзрадаваліся, калі археолаг Мікалай Плавінскі падараваў ім адну са сваіх кніг па выніках навуковых археалагічных даследаванняў. Гэта кніга будзе знаходзіцца ў бібліятэцы раённага камітэта БРСМ, і кожны жадаючы зможа ёй скарыстацца.
У сваю чаргу кіраўнікі БРСМ Кірыл Шык і Анастасія Чарняўская разам з педагогамі і дзецьмі падзякавалі Міхаілу Плавінскаму за цікавую і насычаную сустрэчу і выказалі спадзяванне, што ў Год малой радзімы наша моладзь будзе больш цікавіцца гісторыка-культурнай спадчынай і не толькі ў тэорыі, але і на практыцы. «Мы павінны ведаць гісторыю сваёй радзімы, а галоўнае не толькі цікавіцца ёй, але і асабістым прыкладам паказваць, як трэба яе ахоўваць і зберагаць. Дзякую за шчыры і адкрыты дыялог усім прысутным», – адзначыў Кірыл Шык.
Сяргей ГАНЧАР. Фота аўтара

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 186 queries