Шлях Перамогі

Вилейская районная газета – свежие и интересные новости

Уладзіміру Слабодчыкаву прысвоена званне «Ганаровы грамадзянін Вілейскага раёна»

Напярэдадні Дня Незалежнасці і свята горада раённы Савет дэпутатаў прыняў рашэнне аб прысваенні Уладзіміру Слабодчыкаву, вядомаму беларускаму скульптару, заслужанаму дзеячу мастацтваў, прафесару, загадчыку кафедры скульптуры Беларускай акадэміі мастацтваў, нашаму земляку, звання «Ганаровы грамадзянін Вілейскага раёна».

Па даўняй традыцыі на свяце горада ўручаецца званне «Ганаровы грамадзянін Вілейскага раёна», якое ў гэтым годзе за значны ўклад у развіццё культуры і мастацтва, за высокі прафесіяналізм і актыўную грамадскую дзейнасць атрымаў Уладзімір Слабодчыкаў, наш знакаміты зямляк, ураджэнец Даўгінава. Пасведчанне і стужку з надпісам «Ганаровы грамадзянін Вілейскага раёна» ўручылі Уладзіміру Іванавічу падчас святочных мерапрыемстваў 2 ліпеня на плошчы Свабоды, прымеркаваных да Дня горада. Гэта пачэснае званне «Ганаровы грамадзянін» прысвойваецца жыхарам Вілейскага раёна і асобам, якія пражываюць за яго межамi, за асаблівыя заслугі перад раёнам. Менавіта такія заслугі мае Уладзімір Слабодчыкаў, які шмат зрабіў і робіць для Вілейскага раёна. Адно тое, што яго імя гучыць на сусветным узроўні, праслаўляючы Вілейшчыну, як адзін з самых маляўнічых і адметных куточкаў беларускай зямлі, ужо значыць вельмі многае. У свой час, да святкавання 400-годдзя нашага горада, Уладзімір Іванавіч зрабіў вялікі падарунак нам,віляйчанам, – скульптурную кампазіцыю «Вілляна», увасобіўшы ў бронзе сімвал нашай ракі Віліі. Зараз Вілляна месціцца ў скверы каля кніжнай крамы і гэта сапраўдны брэнд-сімвал нашага горада. Дзякуючы намаганням нашага земляка на Вілейшчыне не раз праводзіліся і скульптурныя пленэры студэнтаў Акадэміі мастацтваў, вынікамі якіх сталі скульптурныя кампазіцыі, што ўсталяваны на Вілляніным хутары, у гарадскім парку, каля ЗАГСа, у арганізаваным парку скульптуры Цэнтра эстэтычнага выхавання і ў многіх іншых месцах. Шмат робіць Уладзімір Іванавіч і для сваёй малой радзімы, не забываючы і сваю родную Даўгінаўскую школу.

У рамках святкавання Дня горада ў Плацы культуры адбылася прэзентацыя выстаўкі Уладзіміра Слабодчыкава «Шляхам жыцця», на якую сабраліся віляйчане, яго родныя і землякі з Даўгінава, сябры-мастакі з Вілейкі і Мінска. Адкрыла мерапрыемства намеснік старшыні райвыканкама Святлана Дзяруга, якая адзначыла, што Вілейшчына ганарыцца сваімі землякамі, што праслаўляюць наш край і Беларусь далёка за межамі краіны. У сваю чаргу Уладзімір Іванавіч адзначыў:

– Тое, што сёння адбываецца ў Вілейцы, вельмі дарагога каштуе. Усё гэта вельмі хвалююча, асабліва ўвага землякоў, з якімі я не пакідаю сувязь на працягу ўсяго свайго жыцця.
Аднавяскоўцы Уладзіміра Іванавіча таксама шчыра віталі яго – ад імя усіх землякоў выступіла намеснік дырэктара Даўгінаўскай школы Таццяна Зубель. Толькі цёплыя словы ў адрас Уладзіміра Слабодчыкава гучалі ад даўгінаўцаў і спадзяванні на далейшае плённае супрацоўніцтва са школай. А выкананыя вершы і беларускія песні даўгінаўскімі вучнямі – былі лепшым падарункам для Уладзіміра Іванавіча, які, гледзячы на маленькага выканаўцу верша, расчуліўся і прызнаўся прысутным, што бачыць самога сябе ў дзяцінстве – такі ж бялявы і рухавы. Уладзімір Іванавіч прыгадаў, як у другім класе іх вазілі падбіраць каменне на полі, і ён у час работы выбіраў самыя прыгожыя каменьчыкі і складваў іх у штаны, якія былі падвязаны ўнізе шнуркамі, каб нічога не высыпалася. І калі пасля работы ўсе пачалі збірацца дадому і малога Валодзю хацелі падсадзіць на воз, то не змаглі яго падняць, бо ён назбіраў столькі каменьчыкаў у штаны, што пацяжалеў на добры дзясятак кілаграмаў.

Вельмі шыкоўная і сапраўды па-мастацку высакародная атрымалася сустрэча Уладзіміра Слабодчыкава з землякамі падчас выстаўкі. І не дзіва, бо арганізатарам усяго мерапрыемства выступіла Таццяна Захарыч і яе калектыў Цэнтра эстэтычнага выхавання, з дапамогай у арганізацыі выстаўкі завода «Буддэталяў» і вілейскай мэблевай фабрыкі, Палаца культуры і краязнаўчага музея. Толькі самыя шчырыя словы гучалі на выставе ад гасцей свята – старшыні Саюза мастакоў Беларусі Рыгора Сітніцы, які адзначыў, што заўжды прыемна, калі творчую асобу заўважаюць у свеце, сярод калег, але гэта не параўнаецца з тым, калі пра яго памятаюць і ганарацца яго землякі. «Вельмі важна, каб такога кшталту людзі ўшаноўваліся і ў сябе на малой радзіме, – далучыўся да слоў віншаванняў з ганаровым званнем і адкрыццём выстаўкі сябра Уладзіміра Слабодчыкава, народны мастак, прафесар Уладзімір Тоўсцік. – Сёння тут, на выставе, вельмі адчуваецца цеплыня роднай зямлі. Слава вашай радзіме і яе людзям, сярод якіх нямала знакамітых землякоў, у тым ліку і Уладзімір Слабодчыкаў». Свой верш-прысвячэнне скульптару падараваў вілейскі паэт Уладзімір Цанунін, які разам з народным калектывам аўтарскай песні «Элегія» пад кіраўніцтвам Таццяны Захарыч выканалі літаратурна-музычную праграму. Атмасферу высакароднасці ствараў на выставе і ўзорны калектыў гітарыстаў «Адэліта» Вілейскай школы мастацтваў пад кіраўніцтвам Уладзіміра Лапціка. Душэўныя словы выказалі Уладзіміру Слабодчыкаву Барыс і Валянціна Цітовічы, Эдуард і Алена Мацюшонкі, мастакі-сябры і блізкія па творчасці землякі. А водар бохана духмянага хлеба, паднесенага нашаму знакамітаму земляку, напэўна, надоўга запомніцца Уладзіміру Іванавічу.

Пасля выставы ва ўтульнай зале гарадской бібліятэкі Уладзімір Слабодчыкаў разам са сваёй дачкой, мастачкай Антанінай, адказалі на пытанні пра сваю творчасць, пра сучаснае мастацтва Беларусі, пра далейшыя творчыя планы. Быў момант, калі Уладзімір Іванавіч узгадаў сваіх бацькоў, сваё даўгінаўскае дзяцінства, свае карані.

– Мае бацькі былі настаўнікамі, – распавёў Уладзімір Слабодчыкаў. – Бацьку пасля вайны з Белгародчыны, з Курскай вобласці, адкуль ён быў родам, накіравалі ў тагачасны Крывіцкі раён настаўнікам. Бацька прайшоў вайну, быў лётчыкам. Тут у даўгінаўскай школе выкладаў мастацтва. Я з дзяцінства памятаю пах фарбы, памятаю, як бацька пісаў карціны, перамалёўваючы Шышкіна і іншых вядомых мастакоў. Мая маці – з Магілёўскай вобласці, таксама сюды была накіравана настаўніцай. Так у даўгінаўскай школе яны і пазнаёміліся, стварыўшы сям’ю. Побач з намі праз плот жыла сям’я мастака Паўла Герасіменкі, сын якога Юрый Герасіменка-Жызнеўскі стаў вядомым мастаком-графікам. Немалаважную ролю яны адыгралі ў маім станаўленн, як творчай асобы”.

Арганізаваная выстава і сустрэча з Уладзімірам Слабодчыкавым былі вельмі цікавымі і насычанымі, а сам Уладзімір Іванавіч падчас размовы адзначыў і свае планы на правядзенне яшчэ не аднаго пленэра маладых скульптараў на Вілейшчыне, устаноўку памятнай дошкі ці помніка выдатнаму мастаку-авангардысту Уладзіславу Стрэмінскаму ў Вілейцы, чыё жыццё і творчасць былі звязаны з нашым горадам. А магчыма, у нашага знакамітага земляка з’явіцца натхненне і ён увекавечыць у мануменце мінуўшчыну свайго Даўгінава, напрыклад, зрабіўшы кампазіцыю, прысвечаную Даўгінаўскаму тракту, тым больш, што такая ідэя ўжо абмяркоўвалася не раз. Будзем чакаць новых праектаў, новых выстаў і радавацца новым поспехам нашага земляка. Віншуем!

Па 26 ліпеня ў Палацы культуры працуе выстава Уладзіміра Слабодчыкава. Наведаць яе можна з 9.00 да 17.30, акрамя выхадных.

Сяргей ГАНЧАР.
Фота Веранікі ШАБЕЛЬНАЙ

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 30 queries