Шлях Перамогі

Вилейская районная газета – свежие и интересные новости

Пахне поле скошанай травою…

Нібыта паказвала на дождж. Такі доўгачаканы, выратавальны. Над гарызонтам сінела, і мы паспяшаліся даехаць да поля «Усходняга-агра», дзе, ведалі, ішло «зялёнае жніво». Звярнулі з гравейкі па ўказальніку на Міхнічы і хутка ўбачылі з краю поля тэхніку. Толькі-толькі скончыўся абед, і механізатары спяшаліся па рабочых месцах. Хоць і не было часу, але з некаторымі паспелі крыху пагутарыць.

Восточный
Ігар Крот і Генадзь Саўчыц

Генадзь Саўчыц і Ігар Крот працуюць на касілках МТЗ-1221. Гэта яны даюць фронт работ Мікалаю Паўловічу, які на сваім КВК-800 падбірае скошаную траву, здрабняе і запаўняе кузавы машын масай (у дзень нашага наведання на адвозцы быў Мікалай Путро), якую адвозяць да сянажных траншэй. Недахоп вільгаці, адзначылі механізатары, вядома ж, адбіўся на якасці траў: яны сёлета хоць і высокія, але значна радзейшыя. Што ж зробіш, такія кліматычныя ўмовы, а ад рэалій нідзе не дзенешся.

Разгаварыліся пра жыццё-быццё, звыклыя клопаты вяскоўцаў. Мае суразмоўцы, як высветлілася, – хлопцы мясцовыя. Генадзь Саўчыц нарадзіўся ў Чыжэвічах і ўжо нямала часу жыве ў Крывым Сяле, працуе ў мясцовай гаспадарцы. Тут жа шчыруе на ферме і яго жонка Алеся. У сям’і падрастае трое сыноў, старэйшаму з якіх ужо хутка ісці ў армію. На маю заўвагу, што такі малады бацька мае ўжо дарослага сына, Геннадзь Уладзіміравіч толькі ўсміхнуўся: «Ажаніўся ў дваццаць гадоў, вось і ўвесь сакрэт». Саўчыцы маюць немалую гаспадарку, акрамя свіней ды курэй, трымаюць і карову, таму без працы сумаваць няма калі. Паколькі Бог не даў ім дачушку, сыны не дзеляць абавязкі на мужчынскія і жаночыя, ва ўсім дапамагаюць маме.

Мікалай Путро з сынам Арцёмам

– А ў нас жонкай пакуль адна трохгадовая дачушка, – уступіў у размову Ігар Крот. – Жонка працуе ў медыцыне, а я тут, у гаспадарцы. Сваім жыллём пакуль не абзавяліся, жывём з бацькамі ў Крывым Сяле.

У гэтай маладой сям’і яшчэ ўсё наперадзе, а пакуль галоўны клопат Ігара – касавіца.
Да загружанай зялёнай масай тэхнікі падбег светлавалосы хлапчук.

– Гэта мой Арцём, прыбег па нейкай справе, – сказаў Мікалай Путро і накіраваўся да сына. Таму, відаць, карцела пра нешта пасакрэтнічаць з татам, вось і не дачакаўся вечара. Тут жа, ля татавай тэхнікі я іх сфатаграфавала.

– У нас з жонкай таксама трое дзетак, – падзяліўся Мікалай. – Вось гэты мой памочнік у сям’і сярэдні, а ёсць яшчэ дзве дачушкі. Жонка працуе ў садку, а дома ў нас таксама ёсць гаспадарка. А як жа вяскоўцам без сваёй каровы на падворку, без кабанчыкаў ды курэй? Лічу, без гэтага ў вёсцы ніяк, тым больш, калі ў сям’і ёсць дзеці.

Непрыкметна праляцеў час, і механізатары ўзяліся за звыклую справу. Не хацелася, каб ёй перашкодзіў дождж, хоць яго ўсе мы чакаем як збавення… Калі пад’язджалі да горада, гарызонт быў ужо практычна чысты і ярка свяціла сонца. І зноў без жыватворнай вільгаці, якой просіць зямля…

Ірына БУДЗЬКО.
Фота аўтара

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 32 queries