Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Артысты Вілейшчыны на першым фестывалі беларускай керамікі «ТэраКот»

Нядаўна ў аграгарадку Ракаў Валожынскага раёна прайшоў першы фестываль беларускай керамікі «ТэраКот», які сабраў майстроў з розных куткоў Беларусі. Чаму менавіта тут праходзіў фестываль? Адказ на гэта пытанне відавочны: Ракаў – некалі керамічны цэнтр. А яшчэ тут ёсць на што паглядзець: праваслаўны і каталіцкі храмы, музей Янушкевіча і, безумоўна, маляўнічыя краявіды.

Што прапаноўвалася на фестывалі яго ўдзельнікам і наведвальнікам? Самае рознае. Аматары актыўнага адпачынку дэманстравалі свой спрыт у спаборніцтвах: стралялі з рагатак, шукалі выхад з лабірынту і г. д. Тыя ж, хто прыехаў павучыцца, наведалі пленэр роспісу па фарфоры; заняліся лепкай, у тым ліку і дзеці; паслухалі жывую музыку; паглядзелі і ацанілі аўтарскія работы беларускіх майстроў керамікі. На фестывалі нават была свая валюта з забаўнай назвай «тэракоцікі»…

Прыняць удзел у канцэртнай фестывальнай праграме былі запрошаны і артысты Вілейшчыны – вакальны калектыў «Сузор’е» Даўгінаўскага сельскага дома культуры і жартоўны гурт Ільянскага сельскага дома культуры «Смехата».

– Нас прымалі вельмі цёпла. – падзялілася ўражаннямі Людміла Ляшковіч, прадстаўніца ДУК «Цэнтралізаваная клубная сістэма Вілейскага раёна». – Пад нашы песні танцавалі, ажыўлена нам падпявалі і горача апладзіравалі. Карацей, нашы артысты «завялі» публіку. А ўвогуле, мерапрыемства атрымалася добрае, яно, верыцца, стане ў Ракаве традыцыйным і будзе збіраць многа-многа творчых людзей.

Ірына БУДЗЬКО.
Фота прадстаўлена Людмілай ЛЯШКОВІЧ

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 131 queries