Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

В «День семьи» прошел праздничный концерт

У Яўгеніі Янішчыц ёсць верш, які вельмі люблю. «Ты пакліч мяне. Пазаві. Там заблудзімся ў хмельных травах. Пачынаецца ўсё з любві. Нават самая простая ява». Менавіта гэтыя пранікнёныя радкі маглі б стаць эпіграфам да мерапрыемства, якое прайшло ў Дзень сям’і ў Палацы культуры.

Вечная, як гэты свет, гісторыя: у адзін прыгожы момант на жыццёвым шляху сустракаюцца Яна і Ён. І ўспыхвае самае прыгожае і светлае пачуццё, на якім трымаецца свет… Зразумеўшы, што ім не жыць паасобку, закаханыя ствараюць сям’ю, каб з гэтага часу ніколі не разлучацца. Вяршыняй вялікага кахання становяцца іх дзеці. Так высокае пачуццё, якое з’яднала два закаханыя сэрцы, перарастае ва ўсеабдымную Любоў…

Пра ўсё гэта міжволі думала ў час святочнай праграмы, прымеркаванай да Дня сям’і. У гэты дзень размова ішла пра самыя важныя, светлыя і прыгожыя пачуцці ў жыцці, і ад усяго гэтага праграма атрымалася асаблівай, афарбаванай яркімі эмоцыямі.

Напярэдадні свята нашых сямей па ініцыятыве прэзідыума раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання «Беларускі саюз жанчын» былі праведзены акцыя «Сямейная памяць» і фотаконкурс «Жыццё выдатных сямей Вілейшчыны». У гэты святочны дзень пераможцы гэтых конкурсаў атрымалі заслужаныя ўзнагароды з рук намесніка старшыні раённага выканаўчага камітэта, старшыні раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання «Беларускі саюз жанчын» Святланы Дзяруга. На сцэну падымаліся людзі розных узростаў, аб’яднаныя галоўным – жаданнем як мага болей даведацца пра свой род, каб перадаць гэтыя звесткі сваім нашчадкам. Пераможцамі ў акцыі «Сямейная памяць» сталі Аляксандр Альфер, аўтар работы «Гісторыя аднаго рода герба Наленч»; Канстанцін Тонкавіч, захапленне гісторыяй продкаў якога вылілася ў работу «Жаццеапісанне рода Канстанціна Тонкавіча»; і Таццяна Дзяруга, якая прадаставіла на конкурс работу «Памятай імя сваё». Пераможцамі фотаконкурсу названы таленавітыя вілейскія сем’і Багуровых (установа адукацыі «Вілейскі дзяржаўны каледж»), Дзятко (гімназія № 1 «Логас») і Новаш (сярэдняя школа № 5).

«Мая сям’я складаецца з сямі чалавек. Самы галоўны ў нас, вядома ж, тата Сяргей. Галоўнейшая за яго толькі наша любімая мамачка Ірына. У мяне ёсць тры сястрычкі: Яна, Ксенія і маленькая Ася. Сярод нас падрастае і сапраўдны мужчына – брацік Назар». Гэтыя радкі напісала Алеся Новаш, прадстаўніца сям’і-пераможцы ў фотаконкурсе «Жыццё выдатных сямей Вілейшчыны». Гэтыя цёплыя словы сталі прадмовай да сямейных фотаздымкаў, на якіх адлюстроўваецца жыццё мнагадзетнай сям’і: надзённыя клопаты, сумесны адпачынак, любімыя заняткі бацькоў і дзяцей. І адразу разумееш, што яны – шчаслівыя, бо заўсёды разам, адчуваючы дапамогу і падтрымку блізкіх. У такіх сем’ях слова «я» недзе на заднім плане, а запраўляе ўсім слова «мы». Таму і моцныя такія сем’і, таму і пануюць у іх утульнасць і спакой.

Лірычнай і кранальнай была канцэртная праграма, падрыхтаваная артыстамі Вілейскага Палаца культуры. Вядучыя Крысціна Язневіч і Кірыл Чэрнік, артысты Леанід Гайчук, Алена Саўрук, народны ансамбль «Весялінка» пад кіраўніцтвам Сяргея Ількевіча, паэт Віктар Кажура, Вікторыя Саванец, Казімір Талстыка, салісты народнага хору ветэранаў вайны і працы Алена Лаўрыновіч і Усевалад Шкадзінскі, народны ансамбль «Суквецце» (кіраўнік – Святлана Траццяк), віртуоз-акардэаніст Уладзімір Навуменкаў, Валянціна Іванова, Анастасія Аляксеева, узорная эстрадная студыя «Экспромт» (кіраўнікі Нэлі і Алег Зайцавы), танцавальныя калектывы «Бэбі-дэнс», «ПРО-движение», «Карагод» – усе яны выступалі ў гэты дзень з асаблівым пачуццём, і гэта было бачна. Пра самых родных – бацькоў, каханых, дзяцей, братоў, сясцёр – думалася артыстам на сцэне; гэта ж уяўлялася і кожнаму з прысутных у зале. Бо сям’я – пачатак пачаткаў, самае дарагое, святое для кожнага чалавека. Сімвалічна, што закончылася мерапрыемства песняй «Прыязджайце да нас у Беларусь». У нашу блакітнавокую, дзе жыць і працаваць нашым дзецям і ўнукам.

Ірына БУДЗЬКО.
Фота Сяргея ГАНЧАРА

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 129 queries