Шлях Перамогі

Вилейская районная газета – свежие и интересные новости

Новая кніга віляйчанкі Антаніны Гарчаковай выйшла ў свет

Гэты зборнік пад такой прыгожай назвай у мае рукі трапіў у пачатку мая. Падумалася. што гэта знамянальна. Чаму? Пачатак мая для мяне – прадчуванне сустрэчы з хвалюючым Днём Перамогі, гэта па-першае. А па-другое, аўтар зборніка артыкулаў вядомая на Вілейшчыне і не толькі жанчына – Антаніна Гарчакова. Педагог, кіраўнік, цудоўны чалавек, на долю якога выпала мноства перажыванняў. Урэшце, яны не зламалі, а яшчэ болей загартавалі гэтую моцную духам жанчыну, якая і сёння, у сваім паважаным узросце, дапамагае іншым людзям: з валанцёрскім атрадам наведвае хворых і нямоглых, даглядае іх. А яшчэ Антаніна Іванаўна чалавек творчы, яе пяру належыць многа па-жаночы кранальных твораў. Ёсць сярод іх і пра самае балючае – пра яе дзяцінства, апаленае вайной, пра канцэнтрацыйны лагер, куды яна трапіла маленькай разам з маці.

У кнізе Антаніны Гарчаковай сабраны артыкулы (яе і іншых аўтараў) розных гадоў, па розных набалелых пытаннях. Аднак чырвонай ніткай праз большасць з іх праходзіць боль за лёс непаўнагадовых вязняў, успаміны пра жах і пакуты, праз якія яны прайшлі. Антаніна Іванаўна старанна збірала ўсе гэтыя публікацыі, каб урэшце з’явілася вось гэтая кніга-памяць.
«Прайшло шмат гадоў з таго страшнага дня. Але памятаю яго як цяпер. Брэх нямецкіх аўчарак, чужая мова, плач дзяцей, крык матуль. Не ўсё разумела тады я, пяцігадовая дзяўчынка. Гэта пазней ужо расказала маці, што нас вывезлі ў канцлагер горада Віцебска, – за бацьку, які быў старшынёй калгаса, за дзядзьку, які ўзначальваў партызанскі атрад». Так напісала Антаніна Гарчакова у артыкуле «Пісьмо да бацькі». Там жа яна прыгадала жудасную карціну, якую захавала яе дзіцячая памяць. Раніца. Фашысты, як звычайна, уранні выгналі вязняў на пераклічку. Кожнага пятага адводзілі ўбок. Маці, моцна сціснуўшы руку дачушкі. прасіла: «Апусці вочы, не глядзі. не глядзі!» Кожнага пятага расстралялі. А пасля зноў лічылі, але цяпер тых, на каго паказалі , павялі да шыбеніцы… Вось праз што выпала прайсці малой дзяўчынцы, якой лёс падараваў жыццё і памяць.

Падобны лёс напаткаў на толькі яе, і пра гэта Антаніна Гарчакова расказала ў публікацыі «Маленькія салдаты вялікай вайны». Сваімі ўражаннямі аб перажытым дзяліліся малалетнія вязні Лілія Мароз, Надзея Дуровіч, Валянціна Чыжэўская, Вера Сепселева…

«Бацька не вярнуўся з вайны, атрымалі казённае пісьмо, што ён прапаў без вестак на фронце… У першую пасляваенную вясну было зусім кепска. Есці не было чаго. Памятаю, як мы хадзілі, нібы буслы, па адталаму бульбянішчу ў пошуках леташняй бульбы. З яе, падгнілай, смярдзючай, маці пякла чорныя сачні. Елі мы іх замест хлеба з варанай крапівой». Гэта радкі Антаніны Гарчаковай з яшчэ адной публікацыі – «Лісце з дрэва жыцця». У ім яна расказала, што, нягледзячы на ўсе цяжкасці, яна вывучылася, стала настаўніцай. У школе адпрацавала без малога пяцьдзясят гадоў, і гэта яшчэ адзін – самы важны і працяглы – адрэзак жыцця гэтай моцнай духам жанчыны. У новай кнізе Антаніна Іванаўна змясціла і свае публікацыі пра настаўніцкія клопаты. сваіх калег, вучняў (матэрыялы «Для мяне яна – храм навукі» «Юбілейнае слова», «Папяровы голуб, або Чаму дзеці не ўмеюць эканоміць», «Мой 11 «А» клас і іншыя). «Храмам навукі называла і называю я сваю школу, – напісала Антаніна Іванаўна пра сваю родную трэцюю. – Ёй я аддала немалы адрэзак свайго жыцця». А далей – прыгадала многіх-многіх педагогаў, разам з якімі працавала і з якімі сябравала. Кожны з іх, як і сама Антаніна Іванаўна Гарчакова (а яна ў свой час узнагароджана Ганаровай граматай Вярхоўнага Савета БССР, медалём «Ветэран працы», значком «Выдатнік народнай асветы БССР і СССР», іншымі узнагародамі), упісаў слаўную старонку ў гісторыю школы.

«З касмічнай хуткасцю імчыць жыццё. Нават не заўважыла, як 80-годдзе прыйшло. Гэта вялікі адрэзак часу. З ім звязана ўсё маё жыццё: дзяцінства, вучоба, праца. Так захацелася прайсці яшчэ раз па гэтых дарогах». Так напісала Антаніна Гарчакова ў прадмове да кнігі. І ў яе атрымалася гэта зрабіць – сваёй новай кнігай яна зрабіла гэта віртуальнае падарожжа ў перажытае. І вярнулася туды Антаніна Іванаўна не адна, а з намі, сваімі чытачамі.

Несупынная плынь жыцця… Прыгожа сказана і мудра, бо яно, жыццё. і сапраўды плынь, якую, як бы ні стараўся затрымаць ці нават запаволіць, не атрымаецца.

У дадатак да ўсяго кніга аздоблена прыгожымі фотаздымкамі, на якім мы бачым аўтара на ўроках, сярод сваіх блізкіх людзей, разам з такімі ж непаўнагадовымі вязнямі, на сустрэчах ветэранаў і, канешне ж, у самы дарагі і хвалюючы дзень – 9 Мая. Ён толькі-толькі прайшоў, і тым даражэй успрымаецца кніга артыкулаў. Дзякуй, паважаная Антаніна Іванаўна! Здароўя Вам і новых творчых поспехаў!

Ірына БУДЗЬКО

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 40 queries