Шлях Перамогі

Вилейская районная газета – свежие и интересные новости

«Нумар 1», які прайшоў усю вайну

Уладзімір Ігнатовіч з таго пакалення, якому было наканавана лёсам сустрэцца з Вялікай Айчыннай вайною твар у твар. І, насуперак усяму, выжыць. Каб жыла памяць – для будучыні. Нарадзіўся Уладзімір Якаўлевіч у вёсцы Радкоў, што на Гомельшчыне, а вайну сустрэў у Бабровічах. І прайшоў яе ўсю – ад першага да апошняга дня. На сваю маленькую радзіму вярнуўся толькі ў сорак шостым. Таму што ваенная спецыяльнасць сапёра, якую ён асвоіў пасля 9 мая 1945-га, была патрэбна і пасля Перамогі. У Ленінградскай вобласці пад Старою Русаю ён размінірваў палі, каб там можна было вырошчваць хлеб. Зараз, ужо два гады, ветэран жыве ў Вілейцы, у сям’і малодшай дачкі – Ніны Уладзіміраўны. Для яго вельмі каштоўная ўвага, таму, калі мы разам з дзясяцікласнікамі Вілейскай гімназіі №1 “Логас” Златай Скабей і Мікітам Вярцінскім напярэдадні свята Перамогі наведаліся да Уладзіміра Якаўлевіча, той ахвотна нас сустракаў. Зразумела, што ў прыгожы майскі дзень размаўлялі пра перажытае ім…

26 кастрычніка 1940 года Уладзіміру Ігнатовічу споўнілася васямнаццаць, а 12 ліпеня 1941-га ён быў прызваны ў армію – камісіяй Даманавіцкага раёна. За плячыма – чатыры класы адукацыі (як сам ён кажа – «у нацяжку») і мірнае сялянскае жыццё, а наперадзе – невядомасць. Бацьку, Якава Фёдаравіча, мабілізавалі за тыдзень да яго. У сям’і былі яшчэ два малодшыя браты. Меншы, Іванька, праводзіў брата да самага канца вёскі, а потым пабег дадому. І гэта адзін з тых яскравых момантаў, што адлюстраваліся ў памяці на ўсё жыццё. Усяго на вайну з Радкова, як расказаў Уладзімір Якаўлевіч, пайшло 70 чалавек, а вярнуліся трое. Ён – адзін з іх. Бацька з фронту не вярнуўся – загінуў пад Смаленскам… Адпраўляючы ў войска свайго старэйшага сына, маці горка плакала – невысокі, дробны, зусім яшчэ зялёны, які лёс яго напаткае? Але адна з вясковых жанчын супакоіла – маўляў, не плач, Мар’ечка, па сыночку, я твайго Валодзю, пакуль вочы бачылі, увесь час “лячыла”, каб прыйшоў дадому. “Лячыць” на Гомельшчыне – гэта маліцца. Хто ведае, але шмат момантаў было, калі смерць хадзіла зусім блізка, а ён уцалеў.

Ён быў кулямётчыкам – стралком, “нумарам 1”, а напарнік, які падаваў кулямётныя стужкі, быў “нумар 2”. У адным з баёў папалі пад абстрэл – напарніка забілі, а яму куля, прайшоўшы праз шынель, адарвала падэшву абутку, але не параніла. На яго вачах на міне падарваліся конь разам з вершнікам – былі і няма, зусім пабач варожая куля скасіла аднаго з таварышаў па зброі, калі яны вылазілі з траншэі…

З ліпеня 1941-га па красавік 1942-га Уладзімір Ігнатовіч служыў у першай асобнай горна-стралковай брыгадзе, з мая 1942-га па люты 1945-га быў стралком у аддзеле контрразведкі пры курсах малодшых лейтэнантаў, а з сакавіка па май 1945 года камандаваў стралковым аддзяленнем 67-га стралковага палка. З ліпеня 1945-га па лістапад 1946-га быў камандзірам стралковага аддзялення 259-га гвардзейскага стралковага палка. Пра станкавы кулямёт на “козліках” можа і сёння расказаць усё дакладна – нібыта толькі ўчора трымаў яго ў руках. Расказаў нам Уладзімір Якаўлевіч і пра тое, як супрацьстаялі танкам. Вайна «прадыктавала» такі спосаб. Сабак кармілі толькі пад танкамі, прывучалі. І калі варожая тэхніка ішла ў наступленне, ёй насустрач беглі сабакі-падрыўнікі. Пад кожным была прымацавана граната. Па звычцы яны беглі пад танкі…
9 мая 1945 года – гэты дзень у памяці Уладзіміра Якаўлевіча назаўжды.

– Мы ішлі ў наступленне, білі немцаў, усё гналі, гналі ворагаў – і загналі. Раптам усё сціхла. І іхняя старана заглохла, і наша. Бачым – з боку невялікага лясочку ідуць трое з белымі сцягамі, праціўнікі нашы. І нашых трое насустрач пайшлі. Вайна скончана. Радаваліся, танцавалі…

Было гэта ў абед, расказаў Уладзімір Якаўлевіч, збіраліся есці. Перад гэтым салдаты збіралі зброю, якая дзе засталася. Адзін з салдат перад гэтым падняў на полі пісталет і паклаў сабе за пазуху. А калі нахіліўся да кацялка, каб есці, незнарок спрацаваў курок і раздаўся стрэл… Салдат, які прайшоў усю вайну, загінуў 9 мая.

Моцна трымае памяць і момант вяртання дадому. Кавалер медаля “За адвагу” пасля дэмабілізацыі ехаў дадому. Вось і свая станцыя – Халоднікі. Бачыць – там людзі вагоны з зернем разгружаюць. Прыгледзеўся – свае, землякі! «Валодзька ідзе!» – і яны яго пазналі.

– Прывіталіся мы, пацалаваліся, – расказвае Уладзімір Якаўлевіч. – Яны мне рады, я – ім. Недалёка сталовая была, я «абед» нам заказаў – кіпень у чайніку. Кансервамі, што з сабою былі, іх пачаставаў. Пасля вайны голад быў, кансервы тыя былі за шчасце…

Вечарам ён прыйшоў у родную вёску. Адной з нямногіх, што не знішчыў агонь, была іх хата. Зайшоў, прывітаўся: «Добры вечар, мама». А яна спачатку і не пазнала яго, не паверыла. А потым як пляснула ў далоні: «Валодзя!»

Пачалося пасляваеннае жыццё. Яно не было салодкім – вельмі цяжка, надрыўна правалі. Не было коней – аралі на людзях. Шмат мужчын не вярнулася – за каня былі жанчыны. І гэта яго абурала. Але іншага выйсця не было, пакуль не раздабылі валоў. Уладзімір Якаўлевіч усё жыццё адпрацаваў у калгасе, быў і паляводам, а пасля яго запрасілі папрацаваць пастухом. Як і ўсё ў сваім жыцці, адказна выконваў і гэты абавязак. Сёння, чуючы пра безгаспадарлівасць дзе-небудзь, расказалі родныя ветэрана, ён узрушана абмяркоўвае сітуацыю з імі, не можа застацца раўнадушным.

Калі прыйшла пара жаніцца, расказваў пра асабістае Уладзімір Якаўлевіч, ён прыглядаўся да адной дзяўчыны – Насці. Высокая, статная, прыгожая, працавітая. Сірацінаю яна была з малых гадоў, пасагу багатага не мела. Многія на яе заглядаліся, але беднасці баяліся, расказаў Уладзімір Якаўлевіч. А ён не спужаўся. Аднойчы на танцах, калі падчас перапынку ўсе выйшлі на вуліцу, ён сеў з ёю побач і спытаў: «Калі я да цябе ў сваты прыйду, пойдзеш за мяне?» Хваляваўся, канечне, а яна спакойна адказала: «Пайду». Пасватаўся, а неўзабаве і вяселле справілі.

– Прыбралі і мяне, і каня, – вочы Уладзіміра Ігнатовіча заіскрыліся ўсмешкаю. – Калі гарманіст польку для маладых зайграў, мы пайшлі. Як закружыла мяне мая Насця – толькі ножкі ад зямлі адарваліся!

Хоць і адрозніваліся яны знешне, а жылі добра, душа ў душу. Шэсцьдзесят год разам пражылі, чацвёра дзяцей нарадзілася – Якаў, Вольга, Валодзя, Ніна. Жылі спачатку ў матчынай хаце, а потым купілі невялічкую сваю, а пасля таго, як нарадзілася малодшая, Ніна, пабудавалі большую хату. З аднаго вугла ў другі трэба было доўга бегчы – гэта Ніна Уладзіміраўна памятае і сёння, такім нязвыклым падаўся гэты прастор. Калі ў жонкі здарыўся інсульт, Уладзімір Якаўлевіч шэсць гадоў даглядаў яе сам. Ва ўзросце васьмідзесяці дзевяці год яго Насці не стала… Іх з жонкай партрэт і сёння навідавоку ў пакоі, дзе жыве ветэран. Побач – выявы саслужыўцаў і родных, ваенныя ўзнагароды, віншавальныя паштоўкі, якія ён беражліва захоўвае. А на сцяне – сапраўднае сямейнае дрэва, якое адна з унучак зрабіла і падарыла яму на дзевяностагадовы юбілей. Яго карані і ствол – Уладзімір Якаўлевіч з жонкай, галінкі – дзеці, лісточкі – унукі, а кветачкі – праўнукі. Ва Уладзіміра Ігнатовіча дзевяць унукаў і адзінаццаць праўнукаў, якіх ён ведае па імёнах і бачыць па скайпе – так зручна падтрымліваць сувязь на адлегласці, бо некаторыя з родных жывуць за межамі Беларусі. Але раз у год яны абавязкова збіраюцца ўсе разам – сустрэцца і паслухаць успаміны Уладзіміра Якаўлевіча.

Так склаўся лёс, што адна з унучак ветэрана выйшла замуж за немца. І ёсць такая верагоднасць, што яго дзед мог ваяваць супраць «нумара 1» на адным полі бою. У маладой сям’і падрастае хлопчык – праўнучак Уладзіміра Якаўлевіча, у якім цячэ і нямецкая кроў. Расказваючы пра гэты факт, Уладзімір Ігнатовіч робіць філасофскую заўвагу:

– Так атрымалася, што зробіш? Гэтыя ж немцы не вінаватыя, не адказваюць за тое, што рабілі тыя немцы, якія ваявалі…

Таццяна ШАРШНЁВА.

Фота аўтара

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 26 queries